“З нашай зямлі ідзе смерць”: ці нясуць беларусы калектыўную адказнасць за вайну?
Вайна ва Украіне, якую распачаў пуцінскі рэжым не без дапамогі Лукашэнкі, паставіла перад беларусамі шмат пытанняў. Адно з асноўных: ці нясём мы, беларусы, калектыўную адказнасць за гэты жах? Вось як лічыць пісьменніца Святлана Курс:
— Тут вельмі важна раздзяляць адказнасць калектыўную і адказнасць індывідуальную. І яшчэ раздзяляць віну і адказнасць: я, напрыклад, бяру на сябе адказнасць, а не віну. Калектыўную, як беларуска. За тое, што з нашай зямлі ідзе смерць, за тое, што дазволілі… Хаця як мы маглі не дазволіць?.. Вось таму і ёсць гэтая розніца паміж адказнасцю індывідуальнай і віной калектыўнай. Як беларусы, мы, канешне, адказныя за тое, што нашая зямля выкарыстоўваецца як плацдарм смерці для нашых жа братоў. І кожны мусіць для сябе вызначыць, наколькі ён згодзен прыняць гэтую індывідуальную і калектыўную адказнасць.
Я, напрыклад, прымаю. І за тое, што 16 гадоў не жыла ў Беларусі і не магла прыняць удзел у “нацыянальнай вясне”. Я лічу, што ў гэтым ёсць мая адказнасць. Хаця, магчыма, вельмі мала віны.
“Расія не мусіць існаваць у такім выглядзе”
— Я лічу, што Расія ў цэлым як дзяржаўны механізм павінна быць зрынута. Яна не павінна быць у тым выглядзе, у якім яна ёсць. Можа быць, гэта будзе якісьці федэратыўны ці канфедэратыўны збор з земляў, якія вырашаць быць разам. А тыя, хто не захоча з імі быць, можа быць, сыдуць. Чачня якая-небудзь сыдзе. Можа быць, Якуція вырашыць. Вялізная Якуція, якая багацейшая за ўсё на свеце, — што яна з гэтага багацця бачыць?
— Тое, што гэтыя імперскія амбіцыі могуць выліцца ў вялікую вайну, ты магла сабе ўявіць?
— Я хавала ад сабе гэту праўду, калі шчыра. Я думала, што яны далей не палезуць, схаваюць ад сябе гэтыя абрубкі крывавыя, якія яны зрабілі з некаторых раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей, і абвесцяць гэта як вялізарную перамогу. Але не…
Гэта была вельмі містычная для мяне гісторыя, бо я прачнулася ў 3:45 і зразумела, што Пуцін аб'яўляе вайну.
Ці варта спрачацца?
З 2020-га актыўна ідуць спрэчкі ў беларускім грамадстве паміж тымі, хто зʼехаў з Беларусі і хто застаўся. Ці вартае яно таго?
— Абсалютна няма нам з чаго ваяваць паміж тымі, хто застаўся і хто зʼехаў. Ненавідзіць трэба ворага, а не адно аднаго. А вораг у нас адзін: гэта “рускі свет”, таму што тыя спецслужбы і сілавікі ў Беларусі і той іх кіраўнік — гэта ўсё “рускі свет”. Гэта не беларускае ўсё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.