За дзень да пачатку заняткаў у школах не хапае лагапедаў і фізрукоў

Заўтра у школах першы дзень заняткаў, але вакансіі для настаўнікаў яшчэ ёсць. У 164-й мінскай школе шукаюць дэфектолагаў і настаўніка фізкультуры.


"Праблема з настаўнікамі-дэфектолагамі, а настаўнік фізкультуры сёння прыедзе размаўляць, можа, возьмем. Перад пачаткам навучальнага года часцяком такая праблема ёсць, нехта пераязджае. Але калі падаваць заяўку на размеркаванне, можна своечасова знайсці", — апісваюць сітуацыю ў 164-й школе.


На сайце міністэрства працы і сацыяльнай абароны знаходзім 207 вакансій настаўнікаў па ўсёй краіне. Найчасцей шукаюць настаўнікаў пачатковых класаў, фізрукоў і настаўнікаў англійскай мовы.


Нават у Центральным раёне Мінска не хапае настаўнікаў! Праблему вырашаюць з дапамогай студэнтаў.


"Выкручваемся. Робім класы большымі, аб'ядноўваем ці бярэм студэнтаў старэйшых курсаў. Вось цяпер ёсць вакансія на англійскую мову, але тут можна даць гэтую нагрузку іншаму настаўніку", — выходзяць з сітуацыі ва ўпраўленні адукацыі Цэнтральнага раёна Мінска.


На Гомельшчыне не хапае дэфектолагаў, але закрыць усе вакансіі да верасня паспелі: дапамаглі ўсё тыя ж студэнты старэйшых курсаў і размеркаванне.


"Вакансіі з'яўляюцца. калі нехта пераязджае з настаўнікаў. Але мы вырашаем гэта ў прыватным парадку, за кошт студэнтаў, мэтавага навучання", — падсумоўваюць у аддзеле адукацыі Гомельскага аблвыканкама.


У банку вакансій знаходзім 16 месцаў па Гомельскай вобласці. Большасць сапраўды дэфектолагі-лагапеды. Але шукаюць і настаўнікаў англійскай мовы. Абяцаюць да трох мільёнаў.


"У гэтым годзе да нас прыйшоў настаўнік англійскай мовы, чатыры настаўнікі пачатковых класаў, псіхолагі, сацыяльны педагог. На пачатковых класаў нават кастынг быў", — апісвае папаўненне ў калектыве настаўнік мінскай школы Максім.


Складаней за ўсё знайсці добрых настаўнікаў фізікі і матэматыкі. Не дзіўна, бо заробак адчувальна не расце, дадае педагог:


"Грошай становіцца больш, але набыць за іх можна ўсё менш і менш, асабліва ў летні сезон, калі адпачынкі, становіцца крыху напружана".


Падлічваем, як "расце" заробак у настаўніка за пяць гадоў. У 2010 годзе настаўнік зарабляў 1 мільён ці 341 долар, калі лічыць сярэдні штомесячны заробак за год па Белстату і сярэдні курс долара па Нацбанку ў гэты перыяд. Цяпер (сярэдні месячны заробак за паўгода) настаўнік зарабляе 5,7 мільёна ці 389 долараў. Найбольшы заробак у доларах настаўнікі мелі летась — 471 долар.

Фота: i43.fastpic.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі