За падзенне брамы на юнага футбаліста "крыміналку" пачалі на трэнерку
Футбольная брама, якая павалілася на віцебскага футбаліста
Крымінальную справу за тое, што на юнага віцебскага футбаліста звалілася брама, пачалі на трэнерку. Раней яна трэніравала вядомага футбаліста. Пра гэта даведаўся сайт "Зеркало" з дакумента Следчага камітэта. Журналісты атрымалі яго з дапамогай BELPOL.
Як распавядала Еўрарадыё, 5 жніўня на футбольным полі крытага манежа ў Віцебску трое дзяцей гулялі ў мяч. Калі мяч трапіў у сетку брамы, васьмігадовы хлопчык палез па яго і на яго кульнулася незамацаваная футбольная брама. Дзіця атрымала сур'ёзныя траўмы.
Следчыя высветлілі, што дзіця займалася ў летнім лагеры Спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву "Камсамолец" з дзённым знаходжаннем. Дзеці гулялі ў крытым манежы футбольнага клуба "Віцебск" на вуліцы Люднікава.
Прычынай трагедыі, паводле СК, стала адсутнасць на футбольнай браме спецыяльных проціваг-уцяжарвальнікаў. Яны мусілі абараніць канструкцыю ад перакульвання. Сачыць за бяспекай інвентара мусіла і арганізацыя-ўласнік, і той чалавек, які праводзіць спартыўныя заняткі.
Крымінальную справу пачалі паводле ч. 2 арт. 165 КК (неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга). Справа пачатая на трэнерку-выкладчыцу спартыўнай школы, у якой займаўся пацярпелы хлопчык. Гэта спецыялістка першай катэгорыі Алена Філіповіч, першая трэнерка вядомага беларускага футбаліста Ягора Карпіцкага.
Следчыя звяртаюць увагу, што ў Віцебску гэта не першы падобны выпадак. У 2022 годзе васьмікласнік паваліўся і параніўся металічнай арматурай, якая тырчала з зямлі. Гэта здарылася ў Віцебскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву падчас трэніроўкі на лыжаролернай трасе.
У СК прыйшлі да высновы, што ў дзяржустановах, якія арганізуюць і праводзяць заняткі па фізкультуры і спорце, патрабуецца палепшыць сістэму бяспекі, у тым ліку малалетніх і непаўналетніх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.