У інваліда з Баранавічаў забралі частку пенсіі

42−гадовы Мірон з Баранавічаў атрымлівае пенсію за 3−ю групу інваліднасці. Але апошні раз яму налічылі на 300 тысяч меней, чым раней.

“Атрымліваў амаль паўтара мільёны пенсіі, але ў сакавіку, здаецца, зменшылі на сто тысяч. А цяпер на 300. Няхай, калі не хапала заліць у каністру, каб да Уфы даляцець, няхай. Але навошта змяншаць? Ці мы сталі лепей жыць?”

У Баранавіцкім цэнтры сацабароны кажуць, што ў Мірона ёсць запазычанасць перад дзяржавай.

“Ёсць судовая пастанова, і на наступны месяц таксама налічанае ўтрыманне”.

Высвятляецца, што ў Мірона ёсць запазычанасць перад дзяржавай. Калі ў 2011 годзе ён стаў на ўлік на біржы працы, цэнтр занятасці прапанаваў яму адкрыць ІП і даў пазыку на развіццё. Яе не трэба было аддаваць пры ўліку, што Мірон будзе займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю год. Але ён прысвяціў прадпрымальніцтву толькі 10 месяцаў.

“Атрымліваецца, сам вінаваты, бо як і любы савецкі чалавек, паквапіўся на дармавыя грошы, накупіў на гэтыя грошы інструментаў, адкрыў ІП. Але я закрыўся. І сапраўды, прыходзіла пастанова, але не звярнуў увагі. Але толькі цяпер пачалі вылічваць”, — кажа Мірон.

Як даведалася Еўрарадыё, грошы могуць вылічваць не толькі з-за пазыкі па пазыках, але і па крэдытах, аліментах, камунальных плацяжах і нават пры запазычанасці за аплату мабільнай сувязі!

Вось што Еўрарадыё распавялі ў канктакт−цэнтры МТС: “Калі праходзіць 60 сутак з моманту, калі абанент не плаціць абаненцкую плату, на 61 суткі мы маем права забраць у яго нумар і звярнуцца ў суд за вяртаннем грошай”.

Пры гэтым налічваецца пеня на суму пратэрміноўкі ў памеры 0,5% ад запазычанасці за кожны дзень.

У разлікова-даведкавым цэнтры Ленінскага раёна Мінска распавядаюць, што яны таксама могуць звярнуцца ў суд.

“Спачатку мы тэлефануем, высвятляем, чаму няма аплаты, мо, чалавек забыўся, ці што. А праз два месяцы маем права перадаць дакументы ў суд і судовыя прыставы разбіраюцца са справай”.

Тут нагадваюць, што пры пратэрміноўцы плацяжу пасля 25 чысла месяца пачынае набягаць пеня — 0,3% на суму запазычанасці за кожны дзень пратэрміноўкі.

Як паведамілі Еўрарадыё ў галоўным упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама, вылічваць грошы могуць з любога даходу грамадзяніна, прыроўненага да асноўнага даходу — пенсія па інваліднасці, няхай яна і меншая за паўтара мільёны. Грошы на аліменты, за штрафы, могуць вылічваць з пенсіі, заробку, даходу ад рамеснай дзейнасці і іншага.

“Але ўвесь заробак нельга забраць”, — супакойваюць ва ўпраўленні юстыцыі. Усяго толькі да 50% ад пенсіі. То бок, Мірону з яго 27% яшчэ “пашчасціла”. Цяпер інвалід будзе жыць на 1,1 мільёна на месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі