Як за аднолькавае злачынства можна атрымаць штраф ці сесці на 7 гадоў
Гарадзенец скраў тры булачкі, цяпер яму свеціць 4 гады. Еўрарадыё даведалася, што пагражала б злачынцу, каб ён павёў сябе па-іншаму.
У Гродне малады чалавек спрабуе скрасці ў краме тры булачкі і газіроўку. Гэта заўважае адміністратар, спрабуе затрымаць злачынцу. 20 гадовы хлопец адштурхоўвае жанчыну і кідаецца на ўцёкі, але яго спыняюць пільныя пакупнікі.
Як паведамляе прэс-служба гродзенскай міліцыі, хлопец вельмі хацеў есці, таму і наважыўся на крадзеж. Ён працуе грузчыкам, і грошай на прадукты яму не хапіла. Цяпер гродзенцу інкрымінуюць рабаўніцтва, яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Сама гісторыя і магчымы прысуд выглядаюць недарэчна. Еўрарадыё мадэлюе іншыя магчымыя паводзіны 20-гадовага хлопца ў гэтай сітуацыі, каб даведацца, якое максімальнае пакаранне магчымае за падобнае парушэнне.
Сітуацыя 1. Сённяшняя.
На хлопца заведзеная крымінальная справа па артыкуле "Рабаўніцтва" — то бок "адкрытае выкраданне маёмасці". Паводле КК РБ: Рабаўніцтва караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, ці папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Што ж атрымае 20 гадовы гарадзенец, залежыць ад яго “крымінальнага мінулага” і, натуральна, рашэння суддзі.
Сітуацыя 2. Рэалістычная.
Па словах юрысткі Тамары Сідарэнка, да якой Еўрарадыё звярнулася за кансультацыяй, цалкам верагодна, што крымінальную справу па артыкуле "Рабаўніцтва" ў гэтай сітуацыі перакваліфікуюць у справу па артыкуле "Крадзеж". Калі ўлічыць, што хлопец усё ж спрабаваў узяць гэтыя булачкі незаўважна і быў перакананы, што яго не бачаць, то тут усё залежыць ад паказанняў абвінавачанага.
"Калі чалавек збягае з мэтай, каб яго не затрымалі, то гэта ўсё ж будзе крадзеж. А калі чалавек збягае з мэтай утрымаць скрадзенае, то гэта ўжо будзе рабаўніцтва, — тлумачыць розніцу Тамара. — То бок узбудзіць справу могуць і па адным і па другім артыкуле. Але, калі гэты хлопец распавядзе, што збягаў, бо баяўся, што яго затрымаюць, а ён гэтага не хацеў, то па ідэі, тут усё ж будзе крадзеж".
Паводле КК РБ: Крадзеж (Таемнае выкраданне маёмасці) караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, ці папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. То бок на год меней, чым у першай сітуацыі.
Сітуцыя 3. Мяккая.
У Крымінальным кодэксе Беларусі прапісана, што асоба, якая ажыццявіла крадзеж, які ў суме не перавышае дзесяціразовага памеру базавай велічыні, не падлягае крымінальнай адказнасці. То бок не больш за 1 800 000 бел.рублёў. Відавочна, што булачкі і газіроўка каштуюць значна менш, а адпаведна, справа аўтаматычна перакваліфікоўваецца з крымінальнай у адміністрацыйную.
“Калі справу перакваліфікуюць з рабаўніцтва на крадзеж, то ўжо варта будзе казаць пра адміністрацыйнае правапарушэнне, — разважае юрыст. — Гэта артыкул 10.5 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях, Дробны крадзеж. Паводле яго, прадугледжваецца пакаранне ў 10-30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт”.
Сітуацыя 4. Удачлівая.
Гарадзенцу магло ж і пашанцаваць. Ён мог выйсці з крамы і знікненне булачак заўважылі б толькі постфактум. Калі б потым хлопца ўсё ж знайшлі дзякуючы, напрыклад, камерам відэафіксацыі, то нават падставаў казаць пра рабаўніцтва не было б.
“Ён не ведаў, што яго бачаць, ці тое, што існуе камера, якая фіксуе, што менавіта ён выкрадае, — прымае адвакацкую пазіцыю Тамара Сідарэнка. — То бок ён лічыў, што ажыццяўляе таемнае выкраданне маёмасці. І для гэтага ў яго былі ўсе падставы, я так думаю”.
А адпаведна, пакаранне такое ж, як і ў трэцяй сітуацыі: 10-30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.
Сітуацыя 5. Спакойная.
Існуе ж і варыянт, калі 20-гадовы хлопец, спакойна рэагуе на тое, што яго “злавілі”. Не ўцякае, не адштурхоўвае адміністратара, а проста пагаджаецца ды аддае такія жаданыя булачкі. У выпадку, калі адбываецца гэта ўжо пасля праходу касаў, мы вяртаемся да “адміністратыўкі”. А калі яшчэ ў гандлёвым зале крамы, то:
“Калі ён паклаў булкі ў кішэню, да яго падышлі і ён аддаў іх, то тут ці спроба крадзяжу, ці няма складу злачынства, — разважае юрыст. — Якія падставы сцвярджаць, што ён збіраўся скрасці? Ён жа мог на выхадзе і аплаціць. Хутчэй за ўсё, ён жа сам не прызнаецца ў тым, што збіраўся скрасці…”
То бок максімальнае пакаранне ў гэтым выпадку — зноў застаўся без ежы.
Сітуацыя 6. Моцна галодная.
Працягваем разглядаць варыянт, калі адміністратар падыходзіць да хлопца яшчэ ў гандлёвай зале. Хлопец разумее, што яго заўважылі. Але любоў да булачак настолькі моцная, што ён праглынае іх за некалькі секунд. Далей усё вырашыць наяўнасць грошай. На выхадзе з крамы ён можа разлічыцца, а можа атрымаць усё той жа адміністрацыйны арышт.
“Ведаеце, тут таксама можна думаць у розныя бакі, — з усмешкай кажа Тамара Сідарэнка. — Можна ж і якое знішчэнне чужой маёмасці разглядаць… ці прычыненне шкоды… Карацей, калі прыдумляеш такія сітуацыі, то ўзнікае вельмі шмат дадатковых нюансаў”.
Сітуцыя 7. Жорсткая.
Калі хлопца заўважылі і паспрабавалі спыніць, ён адштурхнуў адміністратара крамы і пабег. Далей усё залежыць ад таго наколькі моцным быў той штуршок. Бо калі жанчына атрымала заўважныя пашкоджанні, то пакаранне становіцца больш жорсткім. Паводле Крымінальнага кодэксу, ужыванне гвалту, небяспечнага для жыцця ці здароўя пацярпелага, або пагроза ўжывання такога гвалту з мэтай непасрэднага завалодвання маёмасцю кваліфікуецца як разбой. А тут ужо пагражае тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці ці без канфіскацыі.
У любым выпадку, пакуль над 20-гадовым гарадзенцам вісіць артыкул “Рабаўніцтва”. Калі хлопцу дадуць максімальнае пакаранне, то за нейкія тры булачкі ён “адсядзіць” чатыры гады. Столькі ж дадуць, напрыклад, за забойства ў стане афекту.
Фота: Алесь Пілецкі