Замежныя байцы УСУ — найміты ці не? Фактчэк
Брытанскія байцы УСУ, узятыя ў палон сепаратыстамі / SkyNews
"Мяне цікавіць толькі міжнароднае права. Па міжнародным праве найміты не з'яўляюцца камбатантамі. Таму, што ў вас [цывілізаванага свету. — Еўрарадыё] ў вачах, шчыра кажучы, не мае значэння", — так адказаў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў на пытанне пра іншаземцаў, якіх "суд" так званай "ДНР" прысудзіў да смяротнага пакарання.
У чэрвені "суд" прысудзіў да найвышэйшай меры брытанцаў Шона Пінэра і Эйдэна Асліна і мараканца Саадуна Брагіма. І Масква, і "ўлады" квазіўтварэнняў сцвярджаюць, што яны найміты — адпаведна, на іх не распаўсюджваюцца правы ваеннапалонных. Аднак, калі вывучыць міжнароднае права, гэта не так.
Хто такія камбатанты?
Наўрад ці слова "камбатант" уваходзіць у ваш штодзённы слоўнік. Максімальна проста кажучы, так называюць тых, хто бярэ ўдзел ва ўзброеным канфлікце, уваходзячы пры гэтым у склад Узброеных сіл аднаго з бакоў канфлікту. Гэта значыць, кожны ўкраінскі вайсковец, які служыць ва УСУ, — камбатант. І гэты юрыдычны статус вельмі важны.
Суды ва Украіне праходзяць не над усімі палоннымі, а над тымі, хто падазраецца ў здзяйсненні ваеннага злачынства. Напрыклад, Вадзім Шышымарын атрымаў пажыццёвы тэрмін не за ўдзел у вайне, а за мэтанакіраванае забойства мірнага жыхара — ваеннае злачынства. Віну ў гэтым ён, дарэчы, прызнаў.
Адваротны прыклад: у часе суда ў Нідэрландах па справе аб збітым сепаратыстамі MH17 адзіны з абвінавачваных, які пагадзіўся кантактаваць з судом, Алег Пулатаў, не змог атрымаць статус камбатанта. Тады абарона магла б настойваць, што ён выконваў чыйсьці загад. Але паколькі "ДНР" нікім не прызнаная, а Расія адмаўляла ўдзел у канфлікце аж да 24 лютага 2022-га, статусу ён не атрымаў.
Чым камбатант адрозніваецца ад найміта?
Галоўнае адрозненне: на найміта не распаўсюджваюцца ні абавязкі, ні правы камбатанта. Гэта значыць, яго можна судзіць, а таксама тэарэтычна ўтрымліваць у любых умовах, адмаўляцца ад абмену з іншым бокам канфлікту і гэтак далей.
Паняцце "найміт" вельмі дакладна прапісана ў дадатковым пратаколе да Жэнеўскіх канвенцый ад 12 жніўня 1949 года, якія датычацца абароны ахвяр міжнародных узброеных канфліктаў.
Поўны пералік крытэраў для найміта досыць шырокі. Туды ўваходзіць тое, што гэта грамадзянін краіны, якая не бярэ ўдзелу ў канфлікце, а таксама што ім рухае жаданне атрымаць асабістую выгаду і ён атрымлівае больш, чым грамадзяне краіны-ўдзельніцы канфлікту, якія ваююць, не ўваходзіць у асабовы склад Узброеных сіл і гэтак далей. І менавіта пад гэтыя патрабаванні, замацаваныя міжнародным правам, не падпадаюць ні прысуджаныя да смяротнага пакарання ў "ДНР", ні іншыя замежныя байцы УСУ, у тым ліку беларускія.
Чаму замежнікі ва УСУ — не найміты?
Замежныя грамадзяне, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, уваходзяць у асабовы склад Узброеных сіл: яны падпісалі адпаведныя кантракты з УСУ. Пры гэтым узнагароджанне яны атрымліваюць такое самае, як і ўкраінскія вайскоўцы тых жа рангу і функцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.