"Запаветы Ільіча" і "Парыжская слабада": топ калгасаў з дзіўнымі назвамі
Калгасы з дзіўнымі назвамі
За апошнія гады большасць буйных сельскагаспадарчых вытворчасцяў у Беларусі перасталі быць калгасамі. Яны ператварыліся ў акцыянерныя таварыствы, трапляюцца і іншыя формы ўласнасці.
Але сутнасць гэтых арганізацый змянялася рэдка. Як і ў СССР, сучасныя ўжо-не-калгасы
працягваюць атрымліваць датацыі ад дзяржавы і далёка не заўсёды прыносяць прыбытак. А ў многіх з іх захаваліся старыя назвы, якія ў 2024 годзе гучаць максімальна дзіўна.
Вось наш топ такіх калгасаў.
ААТ "Радзіма Якуба Коласа"
Народны паэт Беларусі Якуб Колас нарадзіўся ў вёсцы Акінчыцы Стаўбцоўскага раёна. А вось аграрнае прадпрыемства, якое называе сябе яго радзімай, чамусьці знаходзіцца ў аграгарадку Любкаўшчына, кіламетрах у 15 ад Акінчыц, на другім беразе Нёмана. Якая ж гэта радзіма Якуба Коласа?
Само прадпрыемства вырабляе мяса і малако, а таксама вырошчвае збожжавыя культуры.
Вось так пішаш паэмы і вершы ўсё жыццё, а калгас называюць не ў твой гонар, а ў гонар радзімы, і да таго ж, гэта нават і не радзіма зусім.
КСУП "Парыжская Слабада"
Што агульнага паміж французскай сталіцай і калгасам у Касцюковічах? Як ні дзіўна, другі названы ў гонар першай.
Чаму прадпрыемства называецца менавіта так — гісторыя не расказвае. У Беларусі ёсць пасёлак Парыж з невялікай сімвалічнай Эйфелевай вежай. Але знаходзіцца ён не ў Касцюковіцкім, а ў Пастаўскім раёне — гэта значыць, вельмі і вельмі далёка ад "Парыжскай Слабады".
Дарэчы, "Парыжская Слабада" вырабляе мяса, малако і зерне. Аднак спадзяемся, што правіла "убачыць Парыж і памерці" тут не працуе.
ААТ "10 з'езд Саветаў"
Савецкую назву гэты калгас захаваў аж з 1944 года. Знаходзіцца ён у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці. Займаецца тым, чым звычайна займаюцца калгасы: вытворчасцю малака, мяса, збожжа і рапсу.
Рэальны дзясяты усерасійскі з'езд Саветаў (тады яшчэ не КПСС) прайшоў у сакавіку 1922 года. Удзельнікі ад БССР былі на ім толькі ганаровымі гасцямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.