"Першапачаткова ў гэтым працэсе мы спрабавалі дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй аб аказанні дапамогі нам у вырашэнні гэтай складанай і вельмі затратнай задачы, — распавядае Станіслаў Зась. — Наўзамен атрымалі прапанову аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі ваенна-паветранай базы Расійскай Федэрацыі. Але, пагадзіцеся, што гэта не адно і тое ж".
Па словах Зася, размяшчэнне на беларускай зямлі расійскай базы "не вырашае праблему развіцця нашай уласнай баявой авіяцыі". Беларускі бок стаў абапірацца "на ўласныя магчымасці", адпаведныя сродкі "былі зарэзерваваныя на рахунках Міністэрства абароны дастаткова даўно". Перад набыццём самалётаў праводзілася перападрыхтоўка лётчыкаў, тэхнічных працаўнікоў, інфраструктуры.
Дзяржсакратар Савета бяспекі падкрэслівае, што пастаўка баявых знішчальнікаў Су-30СМ — гэта толькі пачатак пераўзбраення Ваенна-паветраных сіл.
Пра перспектывы стварэння расійскай авіябазы ў Беларусі вясной 2013-га заявіў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Паводле яго слоў, праект мусіў быць рэалізаваны ў 2015 годзе. У адказ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "пытанне абмяркоўваецца", а яму хутчэй патрэбна не база, а "два дзясяткі сучасных самалётаў". Эксперты тады выказвалі меркаванне, што кіраўнік дзяржавы зразумеў іміджавыя страты ад з'яўлення расійскай вайсковай базы на беларускай зямлі.
Летась падчас візіту ў Брусель міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што наша краіна не плануе даваць дазвол Расійскай Федэрацыі на размяшчэнне яе войскаў. Хаця і дапускаў, што афіцыйны Мінск можа яшчэ перагледзець сваю пазіцыю. У верасні сёлета міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў назваў адмову Беларусі ад стварэння на сваёй тэрыторыі расійскай вайсковай базы "непрыемным эпізодам". На гэта Макей заявіў, што ў размяшчэнні ў Беларусі расійскай базы няма сэнсу. Да таго ж яна не спрыяла б "умацаванню стабільнасці, бяспекі ў нашым рэгіёне".