“Звязаўся з людзьмі нядобранадзейнымі”
25 кастрычніка навучэнца Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вадзіма Бабіна выклікаюць у кабінет дырэктара. Як высвятляецца, для размовы з супрацоўнікам КДБ.
“Я думаю, што гэта ўсё з-за таго, што я браў удзел у выбарчай кампаніі Юрася Губарэвіча (старшыня Руху “За свабоду”, браў удзел у сёлетніх парламенцкіх выбарах, ― Еўрарадыё), быў назіральнікам і ездзіў у Кіеў на марафон, прадстаўляючы Рух”, ― кажа Вадзім Бабін.
Па словах навучэнца каледжа, супрацоўніка КДБ цікавіла, колькі яму і іншым сябрам каманды плацілі за ўдзел у выбарчай кампаніі Губарэвіча і нават пра кіеўскі марафон, а дакладней ― колькі алкаголю падчас той паездкі ўжылі “рухаўцы”.
Завяршылася размова, сцвярджае Вадзім Бабін, парадай прыпыніць удзел у дзейнасці Руху “За свабоду”. Маўляў, у красавіку будуць іспыты, і калі гэтага прыпынення ўдзелу не будзе, то ― будуць праблемы.
А можа, перасцярогі, што яго адлічаць з каледжу, звязаныя не з палітычнай дзейнасцю, а з дрэннымі адзнакамі ці прагуламі, наўпрост цікаўлюся ў Вадзіма.
“Вучуся я добра, сярэдні бал маю ― сем, не прагульваю заняткі. Але ж вы разумееце, што ў мяне дастаткова хутка іспыты, а ўсяго чалавек ведаць не можа…” ― адказвае Вадзім.
Загадчыца механіка-тэхнічнага аддзялення каледжа Алена Мігура шчыра прызнае: супрацоўнік КДБ сапраўды прыходзіў, размова з Вадзімам Бабіным сапраўды была. Вось толькі ніякага ціску на хлопца не было, а была нармальная “выхаваўча-прафілактычная размова”.
“Ён добра вучыцца, не прагульшчык ― ён не дурны хлопец. Але ён, напэўна, усё ж выбараў не тую кампанію і людзей, з якімі мае зносіны. Я спрабавала з ім размаўляць, тлумачыць, што, жывучы ў сваёй дзяржаве, пляваць у талерку з якой ясі ― не вельмі прыгожа. Ты вучышся ў дзяржаўнай навучальнай установе, жывеш у нашым інтэрнаце за капейкі, атрымліваеш стыпендыю, і пры гэтым ты супраць дзяржавы здзяйсняеш нейкія дзеянні! У тым жа разрэзе гаварыў з ім і супрацоўнік гэты: паспрабаваў яму патлумачыць, што людзі, з якімі ён мае зносіны ― нядобранадзейныя. А ты ― навучэнец, так не павінна быць!” ― распавядае Еўрарадыё педагог.
Па словах педагога, супрацоўнік КДБ у каледж завітвае даволі часта, нічога дрэннага ў тым, што спецслужбы цікавяцца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю навучэнцаў няма.
“Ён жа не абвінавачваў у парушэнні закона, а спрабаваў высветліць прычыну: з-за грошай ці не?" ― кажа Алена Мігура.
Па словах педагога, ніхто выключаць хлопца за яго погляды і палітычную дзейнасць з каледжа не збіраецца. Яе нават крыўдзяць такія падазрэнні.
“Я дарослы чалавек і апусціца да нейкай там помсты з-за таго, што ў цябе нейкія іншыя погляды?!” ― абураецца педагог.
І задае сустрэчнае пытанне: “На якой падставе можна выключыць навучэнца, калі ён добра вучыцца і не прапускае заняткі?”