З'явіўся фільм з майстар-класам Рона Тала ў Мінску (глядзець)

Рон Тал, сола-гітарыст Guns N’ Roses, выпусціў канцэртны фільм "Live In Minsk". Відэа было знятае ў красавіку, калі музыка прыязджаў у беларускую сталіцу з майстар-класам.


"Мае продкі прыехалі ў ЗША з Літвы, так што, вандроўка ў Беларусь была свайго роду вяртаннем дадому. Ежа ў вас нагадала мне паездкі да бабулі на Брайтан Біч, калі я быў яшчэ зусім маленькім, — распавёў Рон Тал. — Выступ атрымаўся вельмі вясёлым. Асабліва спадабалася абменьвацца сола з беларускімі музыкамі падчас джэму. Гэта было проста выдатна!"


Дапамагалі Талу праводзіць майстар-клас беларускія музыкі гітарыст Аляксандр Кіс, бас-гітарыст Валерый Башкоў, бубнач Святаслаў Чарнуха. У канцэрце таксама бралі ўдзел славутыя беларускія гітарысты Уладзімір Ткачэнка, Сяргей Трухановіч, Аляксандр Грыгор'еў, Міхаіл Філіпеня і іншыя.


Па словах арганізатара мерапрыемства, бубнача Святаслава Чарнухі, відэа здымалася і мантавалася беларусамі. Звядзенне адбывалася ў Маскве. Чарнуха падкрэслівае, што відэа — не камерцыйны праект. "Мы проста хочам, каб беларускія музыкі маглі пераняць досвед у музыкаў сусветнага ўзроўню", — рэзюмуе Святаслаў.


Дарэчы, наступны майстар-клас ад Святаслава пройдзе 19 кастрычніка ў клубе TNT. Гэтым разам госцем стане французскі гітарыст Крыстоф Гадэн.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі