1,2 мільёна долараў трацяць на прышчэпкі супраць грыпу, але ці дапамагаюць яны?

1,2 мільёна долараў трацяць на прышчэпкі супраць грыпу, але ці дапамагаюць яны?

З кастрычніка ў краіне пачынаецца масавая вакцынацыя ад грыпу. Дзяржава зробіць бясплатныя прышчэпкі больш чым мільёну беларусаў з групы рызыкі. Гэта будзе каштаваць 1 мільён 270 тысяч долараў, яшчэ каля 50 тысяч долараў на прышчэпкі патраціць Міністэрства абароны. Усяго плануецца прышчапіць не менш за 3,8 мільёна чалавек (каля 40% усяго насельніцтва). Але навошта такая маштабная вакцынацыя, калі ў 2016 годзе на грып перахварэлі толькі 5652 чалавекі?

Параўнаем з Літвой і Украінай. У Літве ў 2016 годзе прышчэпкі супраць грыпу зрабілі каля 3,8% насельніцтва, ва Украіне — менш за 1%. У Літве хварэла на грып 127,6 чалавека на 10 тысяч жыхароў, у Беларусі — 5,95 на 10 тысяч. Прышчэпкі дзейнічаюць!

З іншага боку, ва Украіне ў эпідэмічны сезон (верасень 2015 — май 2016) на грып і вострыя рэспіратарныя вірусныя інфекцыі перахварэлі 5,8 мільёна чалавек, ці 1380 на 10 тысяч насельніцтва. У Беларусі — больш за 3,33 мільёна (3500 на 10 тысяч). Атрымліваецца, што не дзейнічаюць?

Кіраўнік нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова падкрэслівае: "Галоўная мэта вакцыны — не пазбегнуць хваробы, а зменшыць цяжар захворвання, бо вакцына не дае 100% імунітэту ад грыпу".

Намеснік начальніка аддзела эпідэміялогіі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан гаворыць, што сярод захварэлых на грып амаль няма прышчэпленых: "Пры дапамозе аналізу, які мы праводзім сярод хворых на грып, можна адзначыць, што сярод прышчэпленых хварэе максімум 2-3%".

Але нягледзячы на тое, што з кожным годам адсотак прышчэпленых павялічваецца, колькасць тых, хто захварэў на грып у 2016-м, таксама павялічылася — больш на цэлую тысячу.

Апошні раз эпідэмія грыпу адбылася ў Беларусі ў 2013 годзе, тады захварэла каля 51 тысячы чалавек, а супраць грыпу было прышчэплена 36% насельніцтва. На наступны год прышчапілі 3,5 млн чалавек, а на грып захварэла толькі 146 беларусаў.

Цікава, што ў 2016 годзе прадпрыемству "Белмедпрэпараты" ўдалося перамагчы ў тэндары на вытворчасць вакцыны ад грыпу. Выраблялі прэпарат "Грыпол". Іна Карабан патлумачыла, што здарылася з вакцынай: "Цяпер гэтую вакцыну прывозяць з Расіі, а ў Беларусі яна тут толькі пакуецца. Але ў гэтым годзе тэндар выйграла расійская вакцына "Грыпол-плюс". Яна нічым не адрозніваецца ад нашай, але па кошце выходзіць таннейшай".

У гэтым годзе Беларусь чакае тры вірусы грыпу, адзін з якіх новы, імунітэт да яго ў насельніцтва яшчэ не сфармаваны. Закупленыя чатыры розныя вакцыны: расійскія "Грыпол плюс" і "Ультравак",  нідэрландскі "Інфлювак" і французскі "Ваксігрып". За сродкі рэспубліканскага бюджэту для дзяржаўных устаноў быў набыты толькі "Грыпол плюс". Гэта каштавала 2 457 122 рублі 20 капеек (каля 1 мільёна 270 тысяч долараў).

Для прыватных клінік і прадпрыемстваў праводзяцца асобныя тэндары, там могуць быць іншыя вакцыны. Напрыклад "МТЗ" вырашыў закупіць 8200 доз вакцыны "Інфлювак". "Нафтан" патраціць на прышчэпку 51 тысячу рублёў.

Ва ўсіх гэтых вакцынах ёсць штамы ўсіх трох вірусаў грыпу. Паміж сабой яны адрозніваюцца колькасцю імунамадулятараў. Імунамадулятары зніжаюць імавернасць захворвання не толькі на грып, але і на вострыя рэспіратарныя вірусныя інфекцыі. Вось гэтыя інфекцыі чамусьці немагчыма стрымаць ніякімі масавымі прышчэпкамі: апошнім часам стабільна хварэе каля 3-3,5 млн чалавек у год.

Апошні раз у Беларусі ад грыпу памерлі ў 2009 годзе, падчас эпідэміі свінога грыпу. Але прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Сяргей Жаваранак лічыць, што дакладнай статыстыкі смяротнасці ад грыпу няма: "Складана адсачыць, колькі людзей штогод памірае ад грыпу, бо часцей за ўсё гэта здараецца праз ускладненні, якія ён прыносіць. Грып не будзе пазначаны як прычына смерці, а будзе нейкая іншая хвароба, якая з'явілася праз грып, таму гэтыя смерці і не трапляюць у статыстыку".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі