Адвакаты вязняў “амерыканкі” чакаюць, калі іх выклічуць на допыт
Сёння стала вядома, што тэрмін знаходжання пад вартай экс-кандыдату ў прэзідэнты Аляксею Міхалевічу следствам працягнуты да 10 дзён.
Але лёс астатніх затрыманых, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, пакуль не вызначаны.
Пра гэта Еўрарадыё расказаў Уладзімір Тоўсцік, адвакат жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыны Халіп.
Уладзімір Тоўсцік: “Пакуль няма яшчэ ніякай інфармацыі, ніхто са следчых не тэлефанаваў. Мы чакаем, усе адвакаты чакаюць, калі выклічуць на допыт следчыя. Мяне яшчэ не выклікалі і ніякай інфармацыі, будзе працягнуты тэрмін альбо не – няма”.
Па словах адваката, 72 гадзіны, якія паводле закону затрыманы можа знаходзіцца пад вартай без прад’яўлення абвінавачвання, у Ірыны Халіп заканчваюцца сёння, 23 снежня, а 17-й гадзіне. Да гэтага часу ён спадзяецца атрымаць нейкую інфармацыю ад следчага.
Як учора паведамлялі Еўрарадыё адвакаты затрыманых, у СІЗА КДБ не прымалі для іх перадачы. Матывавалі тым, што гэта нельга рабіць, пакуль іх статус “затрыманых” не зменіцца на нейкі іншы. Уладзімір Тоўсцік лічыць, што гэта няправільна.
Уладзімір Тоўсцік: “Я не зусім згодны з тым, што перадачы нельга перадаваць. Але гэта правілы, якія не намі ўстаноўленыя. Чамусьці ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання Міністэрства ўнутраных спраў – Еўрарадыё) перадаваць перадачы можна. Ёсць і спіс таго, што можна перадаць, і час, калі можна перадаваць. Хаця там таксама ўтрымліваюцца “затрыманыя” ўсе”.
Ці дазволяць перадаць нейкія рэчы затрыманым, калі тэрмін іх знаходжання пад вартай будзе працягнуты, Уладзімір Тоўсцік прадказаць не бярэцца. Але нагадаў, што ў Ірыны Халіп няма нават зубной шчоткі і іншых рэчаў для асабістай гігіены.