“Аэрафлот” праз “Победу” пачаў атаку на беларускае неба?

“Аэрафлот” праз “Победу” пачаў атаку на беларускае неба?

Вечарам 26 студзеня 2016 года ў цэнтры Масквы, недалёка ад Лубянкі, сустрэліся два беларусы. “Маю інсайдарскую інфармацыю: праз тры-чатыры дні пачнецца атака на “Белавію”, — зацягваючыся трубкай кажа карэспандэнту Еўрарадыё Змітру Лукашуку дацэнт кафедры паліталогіі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш. — Пачнецца ўсё ў беларускай блогасферы і на асобных інтэрнэт-парталах, будуць ўздымаць пытанне адсутнасці лоўкоста, вінаваціць айчыннага авіяперавозчыка. Хочуць стварыць адпаведны настрой у грамадстве, каб паўплываць на рашэнне аб допуску на беларускі рынак расійскай малабюджэтнай авіякампаніі “Победа”, "дачкі" “Аэрафлота”. Мэта — захоп рынка".

Пагадзіцеся, інфармацыя досыць нечаканая. Але ўжо 30 студзеня на адным з беларускіх парталаў з’яўляецца матэрыял “Ці прыйдуць у Беларусь лоўкосты?”, а наступным днём у расійскіх "Ведомостях": "“Победа” не можа ўзгадніць цэны на квіткі ў Мінск". Паводле расійскага выдання, перашкоды “Победе” ставіць спачатку Нацыянальны аэрапорт “Мінск-2”, прапануючы “загараджальныя тарыфы на абслугоўванне”, а потым “Белавія”, якая “адмаўляецца ўзгадняць тарыфы (кошты) “Победы” на маршрут Масква-Мінск.

Хто б з беларусаў не хацеў мець магчымасць лётаць за 30-40 еўра ў Мілан ці Лондан і, да прыкладу, за 10 еўра ў Маскву? Адна праблема, існуе міжурадавае пагадненне, у адпаведнасці з якім, паміж Мінскам і Масквой можа выконвацца 14 рэйсаў у дзень — па 7 беларускім і расійскімі авіяперавозчыкамі. У спісе расійскіх авіякампаніяй, якія лётаюць у Мінск, “Победы” няма. Ніхто з расійскіх калег-канкурэнтаў свае рэйсы ім не аддасць. Трэба мяняць гэтае міжурадавае пагадненне, здымаць абмежаванне на колькасць рэйсаў.

Паколькі пасля размовы ў Маскве першы артыкул на тэму лоўкоста, што мне трапіўся на вочы, быў аўтарства Асі Паплаўскай, ёй і задаю пытанне ў лоб: колькі заплацілі за авіяджынсу?

“Тэму прыдумала я сама і ніхто мне яе не замаўляў! — катэгарычна адмаўляецца Ася. — Увогуле, нарадзілася яна выпадкова: адразу пасля звальнення Рыгора Памяранцава з пасады выконваючага абавязкі начальніка Нацыянальнага агенцтва па турызме, я рабіла з ім інтэрв’ю. Падчас размовы выйшлі на тэму лоўкостараў. І вырашала гэтую тэму асобна пакруціць”.

Намеснік Гендырэктара “Белавіі” Ігар Чаргінец дзеліцца падазрэннямі:

"Два-тры месяцы таму пачалася істэрыя з боку кіраўніцтва авіякампаніі “Победа” і пайшлі публікацыі ў расійскай прэсе. Пасля гэтага пачынаецца хваля і на тэму “Белавіі”, і лоўкост-перавозак: “Белавія” не пускае лоўкосты”. Без аргументацыі, проста — мы не пускаем! Ідзе пастаяннае нагнятанне: за тыдзень матэрыялаў дзесяць. Інтэрв’ю з рознымі людзьмі, выказванні экспертаў, неэкспертаў, што, вось, лоўкосты, і тут асноўная праблема — “Белавія”. Такі ўсплёск публікацый адначасова са скандалам з “Победой”…"

Дададзім сюды чуткі, што цытуемы “эксперт па лоўкостах” Рыгор Памяранцаў нібыта пасля звальнення з беларускай дзяржустановы ўладкоўваецца… у “Победу”!?

“Да мяне таксама чутка гэтая даходзіла, — кажа Рыгор Памяранцаў Еўрарадыё. — Катэгарычна не пацвярджаю. Я планую, як і да свайго прыходу ў Нацагентва, займацца авіяцыйным кансалтынгам, і ў той ці іншай ступені буду звязаны з калегамі з Расіі”.

Тым не менш, ён не выключае, што інфармацыйная хваля наконт лоўкостаў невыпадковая.

“Аэрафлот” праз “Победу” пачаў атаку на беларускае неба?

Рыгор Памяранцаў: “Я не думаю, што пайшло з падачы “Победы”, хаця, нечыя інтарэсы могуць быць… І, натуральна, можна казаць, што і ў іншых краінах такім жа чынам тэма “падагравалася” перад прыходам буйнога лоўкоста”.

За сто кіламетраў у расійскім небе беларускі самалёт плаціць 95,2 долара, а расійскі самалёт у беларускім небе — 40,1 долара

 

Прадстаўнік “Белавіі” Ігар Чаргінец запэўнівае, што яны не баяцца канкураваць, калі канкурэнцыя будзе на роўных. А што маем у выпадку з расійскім лоўкостам?

Ігар Чаргінец: "Победа” была створаная дырэктыўным чынам — гэта на сто адсоткаў дачка “Аэрафлота”. Ёй далі добрыя новыя самалёты проста так — “Аэрафлот” перадаў. І яны могуць за кошт гэтага ладзіць дэмпінг, захопліваць рынкі. Да чаго гэта ўсё вядзе? Калі перастаць рэгуляваць колькасць рэйсаў па лініі Мінск-Масква, будзе 20-30 рэйсаў у Маскву. І гэтыя рэйсы будуць забіваць усе астатнія. Ладна, калі ў Расію — пачнуць жа забіраць іншых пасажыраў, якія будуць ляцець з Мінска праз Маскву ў Парыж ці ў Франкфурт. Мы вернемся ў часы СССР, калі ляцець за мяжу трэба было выключна з Масквы. Пяць гадоў таму дабіцца гэтага спрабаваў сам “Аэрафлот”, а цяпер ён гэта спрабуе зрабіць праз “дачку”".

Што атрымаецца, калі “Белавія” згубіць пасажыраў, якія ляцяць у ЕС ці ЗША, напрыклад? Чаргінец тлумачыць: “Мінскі аэрапорт будзе працаваць на Маскву, і “Белавія” будзе працаваць на Маскву”. Чытай — на “Аэрафлот”. І яшчэ не факт, што калі “Белавія” сыдзе з рынка, то кошты на пералёты “Победой” не вернуцца да ўзроўню сённяшніх.

На думку Рыгора Памяранцава, планаў цалкам захапіць беларускі рынак авіяперавозак, стаць тут манапалістам і знішчыць нашага нацыянальнага авіяперавозчыка ў “Пабеды” няма. Маўляў, кампанія маладая, перад ёй яшчэ безліч маршрутаў, якія трэба асвойваць унутры Расіі. Тым не менш...

Рыгор Памяранцаў: “Калі ёсць інтарэс расійскіх авіякампаній лётаць нядорага, для спажыўца гэта добра. Трэба толькі паглядзець, як зрабіць так, каб гэта не прынесла страт для беларускай авіякампаніі. Знайсці кампраміс”.

Шукаць кампраміс з “братняй Расіяй”, з якой мы нібыта ў адзінай эканамічнай прасторы, практычна немагчыма, сцвярджае Ігар Чаргінец. “Белавія” лічыцца ў расійскім небе авіякампаніяй замежнай. І за кожныя сто кіламетраў суседняга неба беларускі самалёт вагой да 100 тон павінен заплаціць збор у 95,2 долара. А расійскі самалёт у беларускім небе — 40,1 долара. За “сваё” неба з расійскага самалёта расіяне бяруць па ўнутраных тарыфах — 8,9 долара.

“Аэрафлот” праз “Победу” пачаў атаку на беларускае неба?

“Я з’яўляюся экспертам у падкамітэце па транспарце Еўразійскай эканамічнай камісіі, там гэта пытанне абмяркоўваецца, але блакуецца менавіта расійскім бокам — стварэнне так званага адзінага неба”, — распавядае Ігар Чаргінец.

“Белавія” хоча прывесці лоўкост-кампанію ў мінскі аэрапорт

 

Рыгор Памяранцаў кажа, што запатрабаванасць паслуг лоўкоста ў беларускага авіяпасажыра ёсць, трэба ісці яму насустрач. Не важна, адкуль лоўкост, з Еўрасаюза ці з Расіі. Праўда, на пытанне Еўрарадыё пра тое, што ў Расію ніводнага замежнага лоўкоста расіяне не пусцілі, і чаму ж так абураюцца, калі іх саміх не хочуць пускаць у Беларусь, мой суразмоўца адказвае, што, маўляў, гэта палітыка, а ён у палітыку лезці не хоча. І раіць паглядзець на вопыт Грузіі, якая ўвогуле жыве па прынцыпе “адкрытага неба” — лётаць туды можа хто хоча і колькі хоча.

Паглядзім, на вопыт грузінаў. Сапраўды, вядомыя ў свеце лоўкосты ў Грузію лётаюць, той жа Wizz Air. Але па словах эксперта Ірыны Сяргеевай, якая шмат гадоў працуе ў сістэме грузінскіх пасажырскіх авіяперавозак, у Грузіі таксама існуе парытэтнасць і абмежаванне на колькасць рэйсаў у Маскву!

Ірына Сяргеева: “Нягледзячы на тое, што ў нас дэклараванае “адкрытае неба”, вытрымліваецца парытэт паміж Грузіяй і менавіта Расіяй. У нас таксама ёсць нацыянальны перавозчык. Калі наш перавозчык дзесяць рэйсаў замовіў, то ў такім жа раскладзе ідзе і з боку Расіі. Незалежна ад колькасці авіякампаній”.

Яшчэ адзін момант. Каб білет быў танны, неабходна і аэрапорт шукаць такі ж. Менавіта таму на Захадзе лоўкосты найчасцей карыстаюцца былымі ваеннымі аэрадромамі NATO. З мінімумам зручнасцяў і паслуг. Расійская “Победа” хоча лётаць не на закінуты ваенны аэрадром у “Мачулішчах”, і нават не ў Гомель ці Брэст, а каб Нацыянальны аэрапорт “Мінск” скінуў кошты. Чым яны лепшыя за Lufthansa ці “Белавію”?

“У нас тры міжнародныя аэрапорты: Тбілісі, Батумі і Кутаісі. Аэрапорты Тбілісі і Батумі працуюць па высокіх стандартах абслугоўвання, у іх кошты сур’ёзныя, там садзяцца сур’ёзныя авіякампаніі. А вось у Кутаісі адмыслова зроблены аэрапорт для “танных” кампаній. Там зал кантролю, і адразу выхад на ўзлётную паласу: выйшаў, сеў і паляцеў. Калі ж з-за дажджу вылет затрымліваецца, чакаеш пад дажджом. А што хацець — за што купіў, так і паляцеў!” — распавядае прынцыпы працы грузінскага “адкрытага неба” Ірына Сяргеева.

“Расіяне з “Победы” дзейнічаюць па прынцыпе: убачыў у аўтасалоне прыгожы “Мерседэс”, але грошай набыць яго няма. І давай шантажаваць салон, каб табе машыну за палову кошту прадалі!” — абураецца Ігар Чаргінец.

Ірына Сяргеева далей дзеліцца грузінскім вопытам: лоўкосты ў краіну трэба пускаць. Нацыянальнага перавозчыка яны не заб’юць, калі будуць працаваць па прынцыпах, па якіх працуюць ва ўсім свеце, а не метадамі “рускіх браткоў”.

Як даведалася Еўрарадыё, у “Белавіі” ёсць свае планы на супрацоўніцтва з нізкабюжэтным авіяперавозчыкам. І планы гэтыя, хутчэй за ўсё, не спадабаюцца іх канкурэнтам у Маскве: “Белавія” хоча “акумуляваць” пасажырапаток з бліжэйшых кропак рэгіёна ў мінскім аэрапорце.

Ігар Чаргінец: “Мы знайшлі адну нізкабюджэтную кампанію, знайшлі з імі агульны бізнес-інтарэс і вядзём перамовы. У чым наш інтарэс? Мы хочам, каб яны пачалі палёты, а да іх рэйсаў у Мінск мы будзем з іншых кропак падвозіць пасажыраў. Толькі што (размова адбывалася 1 лютага. — Еўрарадыё) званіў іх прадстаўнік, ён пакуль яшчэ ў развагах, ці рабіць гэта. Бо цяпер спад перавозак і стан рынка не вельмі добры. Называць кампанію, з якой ідуць перамовы, я не буду, бо пакуль яшчэ ёсць сумневы, што задуманае атрымаецца”.

Калі ў Беларусь прыйдуць лоўкосты, хто гэтаму перашкаджае, чаму расійская “Победа” не сапраўдны лоўкост — чытайце неўзабаве ў эксклюзіўным інтэрв’ю з намеснікам Гендырэктара “Белавіі” Ігарам Чаргінцом.

Фота Змітра Лукашука і minskhotel.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі