Алег Гулак: Назіральнік бачыць толькі зады сяброў выбарчых камісій

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь такі ж прагрэсіўны як і сталінская канстытуцыя – на паперы ўсё добра, а ў рэальнасці яго цяжка прымяняць. Такую думку даводзілася чуць ад назіральнікаў з беларускіх партый і грамадскіх арганізацый. А вось назіральнікі з краінаў СНД ніякіх праблем з назіраннем у Беларусі ня бачылі. Дзе праўда? Пра сваё бачанне сітуацыі распавядае старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэту, юрыст па адукацыі, Алег Гулак, які назірае за выбарамі з пачатку 1990-х.

Алег Гулак
: Правы і абавязкі назіральніка абазначаныя Выбарчым кодэксам, які быў прыняты яшчэ ў 1999 г. Мы, праваабаронцы і юрысты, як нас і вучылі, лічым, што забаронена толькі тое, што забаронена, а астатняе назіральнік мае права рабіць. І калі падыходзіць такім чынам, то правы назіральніка вельмі шырокія, ён шмат чаго можа ўбачыць і зрабіць. Але паводле ЦВК атрымліваецца, што назіральнік мае права толькі прысутнічаць пры правядзенні выбарчых дзеянняў, пры гэтым рэальна іх не бачачы. Назіральнік бачыць толькі, прабачце, зады сяброў выбарчых камісій. Розныя парушэнні на карысць таго ці іншага кандыдата могуць адбывацца на розных этапах выбарчага працэсу, пачынаючы ад фармавання выбарчых камісій. Канешне, квінтэсенцыя і пік парушэнняў – пры падліку бюлетэняў. Назіральнік можа задаваць пытанні старшыні камісіі і рабіць прапановы. Гэтым абмяжоўваецца яго права на ўздзеянне. Калі камісія вырашыць, што назіральнік умешваецца ў яе справы, тады яна выдаляе назіральніка з участка. Вось цяпер створаныя ініцыятыўныя групы. Нашыя назіральнікі просяць кантакты да ініцыятыўных групаў, а камісіі акруговыя кажуць: не, гэта вам не паложана.

Паводле Алега Гулака, БХК спрабаваў давесці ЦВК, што лічыць трактаванне правоў назіральніка ў Беларусі незаконным і не скіраваным на правядзенне празрыстага і адкрытага выбарчага працэсу. Аднак у ЦВК лічаць, што Выбарчы кодэкс яны выконваюць як належыць.

Вось і атрымліваецца, што назіральнік на выбарах сябе адчувае не як прадстаўнік грамадскасці, а як галодны сірата ля парогу, якога не запрашаюць за стол.

Фота: АГП і газета "Товарищ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі