Amnesty International патрабуе ад Латвіі адмяніць рэжым НС на мяжы

"Латвія жорстка абыходзілася з людзьмі на мяжы з Беларуссю і нават катавала іх, месяцамі ўтрымліваючы іх у лесе" / pixabay
"Латвія жорстка абыходзілася з людзьмі на мяжы з Беларуссю і нават катавала іх, месяцамі ўтрымліваючы іх у лесе" / pixabay

Міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International раскрытыкавала намер Латвіі падоўжыць надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю. З ініцыятывай падаўжэння выступіла МУС краіны.

Упершыню надзвычайнае становішча ў некаторых памежных рэгіёнах урад Латвіі абвясціў 11 жніўня 2021 года. З тых часоў яго некалькі разоў падаўжалі. Рэжым надзвычайнага становішча павінен быў скончыцца 10 жніўня 2022 года, але ў МУС мяркуюць, што сітуацыя ўсё яшчэ не пад кантролем.

"Мігрантаў і бежанцаў, у асноўным з Ірака і Афганістана, у тым ліку дзяцей, кідалі на волю лёсу ў маразы ў лесе. Латвія жорстка абыходзілася з людзьмі на мяжы з Беларуссю і нават катавала іх, месяцамі ўтрымліваючы іх у лесе. Для многіх адзінай альтэрнатывай была згода вярнуцца "добраахвотна" ў сваю краіну, часам пад пагрозай гвалту", — гаворыцца ў звароце Amnesty International у Twitter.

Арганізацыя заклікала ўлады Латвіі не працягваць рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю. І вярнуць права папрасіць прытулку ў краіне "ўсім, хто шукае бяспекі, незалежна ад таго, хто яны і як яны перасеклі мяжу".

Твіт Amnesty International

Абстаноўка на беларуска-латвійскай мяжы

Памежнікі па-ранейшаму выяўляюць выпадкі нерэгулярнага перасячэння мяжы, хоць цяпер гаворка ідзе пра адзінкавыя выпадкі. У траўні латвійскія памежнікі затрымалі 20 чалавек, якія спрабавалі трапіць у ЕС у абыход правілаў, у чэрвені — 96 чалавек, у ліпені — 5 чалавек.

У МУС адзначаюць, што Польшча ўжо завяршыла будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю, на літоўска-беларускай мяжы плот узводзяць проста цяпер. Будаўніцтва такой агароджы на беларуска-латвійскай мяжы таксама плануецца пачаць у найбліжэйшы час.

У Латвіі непакояцца, што ў той час, пакуль плот яшчэ не пабудаваны, колькасць спробаў перасячэння мяжы ў абыход працэдураў можа вырасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі