"Беларусьфільм" пераклаў на беларускую мову "Зялёную кнігу"
Кінастудыя "Беларусьфільм" пераклала на беларускую мову фільм Пітэра Фарэлі "Зялёная кніга", які атрымаў нядаўна прэмію "Оскар". Стужка была адзначаная ў трох намінацыях — "Найлепшы фільм", "Найлепшая мужчынская роля другога плана", "Найлепшы арыгінальны сцэнар".
Перакласці карціну здолелі ў рэкордна кароткія тэрміны — за чатыры змены (адна змена — гэта 13 гадзін бесперапыннага запісу).
Тоні "Балбатуна" Валелонгі, якога сыграў Віга Мортэнсен, агучыў акцёр мінскага ТЮГа Ігар Сідорчык. Голасам доктара Дона Шырлі ў выкананні Махершалы Алі стаў акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Алег Вінярскі. Жонку кіроўцы агучыла актрыса мінскага ТЮГа Людміла Асмалоўская.
Пабачыць карціну ў беларускім дубляжы ў айчынных кінатэатрах гледачы змогуць 8 сакавіка. У пракаце яна будзе цэлы месяц.