Беларуска ў Празе: упершыню за 2 гады патэліла маме, каб сказаць, што жывая

Спецназ у будынку ўніверсітэта

Спецназ у будынку ўніверсітэта / GETTY IMAGES

Студэнтка Паша Джэжора, беларуская палітычная актывістка, жыве ў дзесяці хвілінах ад філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта, дзе сёння адбылася стральба. Упершыню за час эміграцыі Паша патэлефанавала маці, каб сказаць ёй, што жывая.

— Спачатку быў шок: калі я была дома ў бяспецы, людзей, якія вучыліся са мной, з якімі мы разам праводзілі час, забівалі і ранілі. Але я адразу ўзяла сябе ў рукі і напісала ў беларускі студэнцкі чат: са мной усё добра. І зрабіла публікацыю ў сацсетках: я акей.

А цяпер мы сабраліся з сябрамі, каб дапамагчы адно адному ў гэты момант. Я спачуваю ўсім, хто стаў ахвярай гэтай сітуацыі.

 

Што адбылося?

Студэнт Карлава ўніверсітэта адкрыў стральбу ў цэнтры Прагі. Інцыдэнт адбыўся каля факультэта філасофіі ўніверсітэта на плошчы Яна Палаха — гэта недалёка ад Карлавага моста. Паліцыя ачапіла плошчу, туды нікога не пускалі. Студэнты і выкладчыкі забарыкадаваліся ў будынку ўніверсітэта.

Пазней з'явіліся паведамленні пра смерць стралка. Паводле адных звестак, яго ліквідавала паліцыя, паводле іншай версіі, ён скончыў жыццё самагубствам.

 

“Я веру, што мой ВНУ мяне не кіне і паклапоціцца пра мяне”

Перадсвяточная Прага ў гэты час — вельмі прыгожая. Таму Пашы было асабліва цяжка адысці ад шока, калі яна пачула жудасную навіну. Пра трагедыю Паша даведалася, калі зайшла павітацца з сябрам, што працуе ў кавярні. Але замест слоў прывітання ён агучыў ёй лічбу загінулых. У момант, калі мы спісваемся з беларускай студэнткай, вядома ўжо пра 15 загінулых і 24 параненых.

Беларуска ў Празе: упершыню за 2 гады патэліла маме, каб сказаць, што жывая
Прага, Чэхія / Getty Images

Беларускія сябры Пашы, хутчэй за ўсё, не былі на факультэце ў момант стральбы. Але ад некаторых з іх яна дагэтуль не атрымала адказаў і чакае, што яны напішуць ёй прынамсі адно — жывыя.

— У мяне ёсць знаёмыя чэхі, якія ў той момант былі на факультэце. Яны дасылалі мне скрыншоты са студэнцкіх чатаў, дзе напісана, што вакол усё ў крыві і відаць мёртвыя целы людзей.

Адзін з маіх сяброў паспеў забарыкадзіраваць дзверы да таго, як туды прыйшоў стралок. Наколькі мне вядома, цяпер гэты мой сябра ў бяспецы.

Усе арганізацыі, што займаюцца псіхалагічнай дапамогай, адкрылі свае нумары падтрымкі для пацярпелых. А крызісныя цэнтры вузкага кірунку прымаюць не толькі людзей, на якіх арыентаваныя, але таксама студэнтаў і іх сваякоў, кажа Паша.

— Магу сказаць, што Карлаў універсітэт сапраўды клапоціцца пра студэнтаў. І я дакладна ведаю, што калі мне будзе страшна туды вяртацца, я змагу звярнуцца да спецыяліста.

І так, у сваім універсітэце я адчуваю сябе цалкам бяспечна і ведаю, што мой універсітэт і мой факультэт зробяць усё магчымае, каб забяспечыць нашу фізічную і псіхалагічную бяспеку. Я веру, што пра нас будуць клапаціцца, і таму мне не так страшна. Нават калі мне будзе занадта цяжка, мой ВНУ мяне не кіне і дапаможа.

 

“Прагу мы лічылі ціхім горадам, а аказалася, што захаваць сябе немагчыма нават тут”

Паводле папярэдніх звестак студэнтаў, беларусаў не было ў будынку Карлава ўніверсітэта, калі пачалася страляніна, кажа Еўрарадыё дактарант філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта Аляксандр Паршанкоў.

— Я даведаўся пра сітуацыю ад чэшскай журналісткі. Яна патэлефанавала мне і запытала, што адбываецца на факультэце. Студэнцкія чаты ўжо поўніліся фотаздымкамі. Людзі намагаліся даведацца, што адбываецца. Сітуацыя была вельмі напружаная. Быў страх, бо ніхто не ведаў ніякіх фактаў.

Ад пачатку ў чатах пісалі толькі тое, што на факультэце паліцыя. Пасля пачалі пісаць, што людзі ратуюцца на дахах універсітэта. І, вядома, студэнты расказвалі, што чулі страляніну.

Галоўная эмоцыя — шок. І жаданне сябе захаваць. Бо незразумела, ці гэта адзінкавы выпадак, ці такое можа паўтарыцца. Прагу мы лічылі ціхім горадам, а аказалася, што захаваць сябе немагчыма нават тут, — кажа наш суразмоўнік.

Ён падкрэслівае: для Чэхіі гэта проста неймаверная трагедыя. Філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта знаходзіцца ў самым цэнтры Прагі.

— Проста неверагодна, каб тут такое адбылося.

Але што тычыцца бяспекі, дык сітуацыя з ёй на факультэце вельмі благая. На ўваходзе ёсць вахта, але праз яе з вуліцы можа прайсці любы чалавек. Няма ні турнікетаў, ні праверкі дакументаў. Кантроль вельмі слабы. Не ведаю, што зменіцца пасля гэтай трагедыі, але пакуль будынак факультэта даступны для ўсіх.

Цяпер студэнтам аказваецца псіхалагічная дапамога, робіцца ўсё магчымае. Але ніякай афіцыйнай інфармацыі ад кіраўніцтва пра здарэнне мы як студэнты пакуль не атрымлівалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі