Беларускі дыпламат: Беларусь ніколі не выявіць агрэсію да Украіны

Беларусь падтрымлівае Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў межах дзеючай канстытуцыі, якая выключае федэралізацыю. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Кіеве Валянцін Вялічка ў інтэрв’ю штогадоваму навуковаму выданню “Україна дыпламатычная” ў снежні 2014 года. Тэкст інтэрв’ю прыводзіць прэс-служба МЗС.

Адказваючы на пытанне пра ўплыў украінскага канфлікту на адносіны Мінска і Кіева, Вялічка падкрэсліў: “Україна для нас — не толькі добрая надзейная суседка, але і братэрская краіна, якая апынулася ў складанай сітуацыі. Аднак адразу адзначу: кіраўнік нашай дзяржавы сказаў, што Беларусь ніколі не выявіць агрэсію. Больш за тое, Беларусь ніколі не дазволіць і іншым краінам з яе тэрыторыі ўводзіць войскі на тэрыторыю вашай краіны. Мы падтрымліваем Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў рамках дзеючай Канстытуцыі, якая выключае федэралізацыю”.


Паводле дыпламата, урад Беларусі і прадстаўнікі амбасады “ніколі не казалі: новая ўлада, старая ўлада, што яе змена — гэта вельмі кепска, правільны ці няправільны выбар народу”. “Гэта ўнутраная справа ўкраінскага народу. Таму мы будуем двухбаковыя адносіны, кіруючыся высокім пачуццём узаемнай павагі”, — сказаў Вялічка.


Паводле яго словаў, адносіны Беларусі і Украіны развіваюцца на ўзаемавыгадных палітычных і эканамічных умовах. “У Мінску таксама праводзяцца сталыя кансультатыўныя трохбаковыя сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Беларусь гатовая стварыць спрыяльныя ўмовы для перамоваў і кансультацый па гэтым пытанні. Міралюбівая палітыка дружалюбнасці паміж нашымі краінамі не выклікае сумневаў, і яна набывае пазітыўную і адчувальную дынаміку, што адзначаюць міжнародныя арганізацыі”, — падкрэсліў амбасадар.
 

Валянцін Вялічка таксама адзначыў, што Беларусь — адзіная краіна, якая пайшла насустрач Украіне і ўвяла механізм кампенсацыі стаўкі рэфінансавання для ўкраінскіх банкаў. “Калі ўкраінская юрыдычная ці фізічная асоба бярэ банкаўскі крэдыт ва Укргазбанку, Укрэксімбанку на пакупку беларускай тэхнікі, то стаўку рэфінансавання Нацбанка Украіны (12,5%) наша краіна кампенсуе. Хіба гэта не выгадна? Мы даем магчымасць набыць надзейную тэхніку, атрымаць сервіснае і гарантыйнае абслугоўванне”, — сказаў дыпламат.
 

Пры гэтым найбольш выгоднай формай кааперацыі ён назваў стварэнне сумесных прадпрыемстваў: “Мы маем іх болей за дзесяць. На жаль, дэбіторскія запазычанасці, недахоп плацяжоў уплываюць на іх развіццё. Не заўсёды ў прыярытэце выдзяленне бюджэтных сродкаў на падтрымку пэўных галінаў. Пагатоў мы стараемся весці разлікі ў нацыянальнай валюце, але сёння складана спрагназаваць, ці будзе грыўна ці беларускі рубель адносна стабільнай валютай цягам бліжэйшых пяці гадоў”, — цытуе Валянціна Вялічку TUT.by

Фота: weekly.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі