Без барацьбы няма перамогі: што здарылася з Дзімам з БДУІРа да і пасля 38 сутак
Дзмітрый Мазура / хатні архіў
20-гадовы студэнт 4 курса БДУІРа Дзмітрый Мазура выйшаў на свабоду пасля 38 сутак адміністрацыйнага арышту. Хлопца пакаралі пасля яго палымянай прамовы на ганку ВНУ: 16 верасня ў БДУІРы праходзіла акцыя супраць гвалту і за правядзенне новых сумленных выбараў. Пасля вызвалення Мазура давялося пакінуць краіну.
Еўрарадыё публікуе маналог Дзмітрыя пра затрыманне, суткі ў Жодзіне, ціск на студэнтаў і "завязаныя вочы" Качанавай.
Пра затрыманне
Мяне вылавілі 25 верасня, калі я ішоў да метро з універа. Зацягнулі ў нейкую машыну, апусціўшы галавой у падлогу, выцялі некалькі разоў па галаве. Я спрабаваў выпрастацца, але атрымліваў новыя ўдары ўжо не толькі па галаве, але па рэбрах і шыі. Шыю на працягу ўсёй паездкі моцна сціскалі. Я спрабаваў падняцца яшчэ некалькі разоў, але зноў удары.
Працягваючы ехаць у такім становішчы, папрасіў змяніць хвалю на радыё (здаецца, гэта было "Русское радио", музыка была дрэнная). Сказаў, што мне не падабаецца тое, што яны там слухаюць. "Зараз я табе, с*ка, пераключу, п*дарас", — адказаў на гэта невядомы мужчына, які сядзеў наперадзе. Потым ён схапіў мяне за валасы, пацягнуў на сябе маю галаву і адпіхнуў яе.
Каля Савецкага РУУС мяне выцягнулі з машыны: заламалі за спінай рукі і ў позе "ластаўка" павялі ў сутарэнне, суправаджаючы словамі "Хутчэй, с*ка!". У сутарэнні паставілі тварам да сцяны і "прамацалі". Далей сказалі расставіць ногі. Я расставіў і атрымаў удар па назе так, што расцягнуўся ў шпагаце. Потым паставілі на калені, рукі сказалі пакласці на сцяну. Праз сем хвілін паднялі і сказалі выцягнуць з абутку шнуркі, пасля чаго павялі наверх. Там зноў паставілі тварам да сцяны, спыталі мае звесткі і загадалі "стаяцьнерухацца". Я пачуў, як адзін з РУУСнікаў сказаў другому: "Я дам табе лязо, зрабі ўсё акуратна, каб хуткая не даехала". Паколькі ў тым пакоі я быў адзін, то няцяжка здагадацца, каму гэта было адрасавана.
З РУУС мяне ў "бобіку" адвезлі на Акрэсціна. Там усё было нармальна, толькі сусед з трыма "крыміналамі" выклікаў пэўную апаску.
Пра знаходжанне ў ізалятары
У ізалятар у Жодзіне нас перавезлі ў стакане аўтазака праз тры дні. Абыходзіліся грэбліва і даволі груба. Тых супрацоўнікаў, якія проста выконвалі свае абавязкі, можна літаральна пералічыць па пальцах адной рукі.
Аднойчы ў камеры ў чалавека здарыўся прыступ астмы, на працягу васьмі гадзін мы прасілі выклікаць доктара, але нашы просьбы ігнаравалі. Доктар прыехаў толькі пасля таго, як памянялася змена.
8 кастрычніка ў турме быў уведзены новы распарадак. Удзень нам не дазвалялі ні сядзець, ні ляжаць на ложках, забаранялі карыстацца спальнымі рэчамі, лямпы гарэлі кругласутачна. За найменшае парушэнне (дастаткова было таго, каб наглядчыку здалося, што ты дакранаешся да чагосьці на ложку) пачыналі пагражаць альбо ты страчваў усе свае спальныя рэчы (іх прымушалі выносіць на калідор).
Усё, што адбывалася са мной пасля затрымання, выклікала ў мяне толькі адну думку: калі гэтая ўлада слабая і баязлівая настолькі, што ёй пагрозу становіць студэнт, такой уладзе яўна засталося вельмі нядоўга. Я вельмі ганаруся студэнтамі, якія за гэты час з'ядналіся яшчэ мацней. Акцыі сталі куды больш шматлікія, з'явілася шмат новых і цікавых ініцыятыў, што не можа не радаваць.
Пра ціск на студэнтаў
Мы назіраем адчайны спосаб ціску на студэнтаў. "Адпраўце іх, як я казаў, — каго ў войска, а каго на вуліцу" — у адной гэтай цытаце відаць, як грэбліва гэта нелегітымная ўлада да нас ставіцца. Беларусы — нацыя моцных, разумных і таленавітых людзей. Вы, Аляксандр, ужо прабачце, але не лічыцца з такімі людзьмі ў вас не атрымаецца.
Рэктары, якія пачалі выконваць загад, — нікчэмныя баязліўцы, не вартыя займаць свае пасады і вартыя толькі ганьбавання і асуджэння.
Адказ Качанавай
Можна толькі падзякаваць Наталлі за гэты бясплатны цырк. Калі столькі гадоў жывеш з завязанымі вачыма, сапраўды вельмі цяжка заўважыць увесь той жах, які адбываўся на выбарчых участках падчас галасавання.
Яна кажа, што гвалт у адносінах да людзей — гэта рэакцыя ў адказ? У дачыненні да людзей, якія здымаюць абутак перш, чым стаць на лаўку? Я лічу, што каментары тут залішнія...
"Народ любіць уладу", — лічыць Качанава. Прапаную Наталлі ў нядзельны дзень асабіста прагуляцца па Мінску і спытаць у людзей, як моцна яны любяць уладу.
"Мне незразумела, чаму людзі выходзяць сёння на вуліцы. Мне не-зра-зу-ме-ла", — здзіўляецца старшыня Савета Рэспублікі.
Наўрад ці, Наталля, вы калі-небудзь гэта зразумееце. Вельмі зручна сядзець у мяккім крэсле прасторнага кабінета, напляваўшы на жыцці людзей у дзяржаве, якую вы называеце гуманнай, сацыяльнай і прававой.
Пра маўчанне
За час, праведзены ў турме, я страціў 11 кілаграмаў. У мяне абвастрыўся гастрыт, з'явіліся двухбаковы нефраптоз, поліэктазія, вострыя рэжучыя болі ў спіне, ад якіх я не магу пазбавіцца дагэтуль.
Тым не менш я ні секунды не шкадую пра свой учынак. Калі б з'явілася зноў такая самая магчымасць, зрабіў бы ўсё гэтаксама.
Вядома, я вельмі хацеў застацца і змагацца далей. Думаў, што ўжо на наступны дзень пасля выхаду на волю выступлю з новай прамовай. Але, на жаль, мне давялося з'ехаць. Скажам так: мне быў дадзены таемны выбар: яшчэ хоць адно неасцярожнае слова або інтэрв'ю — і мяне закрыюць па крымінальнай справе. Папера пра тое, што я падлягаю адлічэнню з універа, ужо прыйшла. ВНУ настойліва тэлефанавала з дня майго выхаду, але з гэтымі людзьмі мне гаварыць абсалютна няма пра што.
Але маўчаць я не збіраюся. Цяпер знаходжуся ў Вільні, з'ехаць і ўладкавацца дапамагла арганізацыя "Дапамога". Пра тое, дзе вучыцца далей, пакуль не думаю. У першую чаргу мяне хвалюе сітуацыя ў краіне. Нягледзячы ні на што, я буду працягваць сваю дзейнасць у стачкаме БДУІРа. "Без барацьбы няма перамогі" — таму мы будзем працягваць змагацца далей, бо наша перамога немінучая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.