Будзе вельмі цікава: што нам так і не расказаў Лукашэнка?
Затрыманне "баевікоў", Лукашэнка і Бабарыка ў СІЗА / калаж Еўрарадыё
Аляксандр Лукашэнка нярэдка асцярожнічае і абяцае "расказаць шмат цікавага" ў будучыні. У 2020 годзе ён даў не адно такое абяцанне. Але, як пераканалася Еўрарадыё, ні разу так нічога і не расказаў. Успамінаем, "праўду" пра што мы да гэтага часу чакаем з нецярпеннем.
"Шмат цікавага" пра каранавірус
27 сакавіка, праз месяц пасля выяўлення першага ў Беларусі выпадку каранавіруса, Лукашэнка загадкава выказаўся па тэме. Падчас наведвання прадпрыемства "Белгіпс" ён сказаў:
— Вось калі скончыцца каранавірус гэты, і не вірус, а псіхоз, я вам шмат чаго цікавага раскажу. Вельмі шмат.
Тады ж ён прапанаваў падумаць над пытаннем: "Каранавірус — рукатворная інфекцыя ці выпадкова з паветра з'явілася, каму яна патрэбна была і хто ёй скарыстаўся?"
— Хтосьці абвясціў, што гэта вайна, у кагосьці выбары, у кагосьці яшчэ штосьці і кожны пачынае вярцець-круціць. З агнём жартуюць.
У выніку "шмат цікавага" мы так і не даведаліся, нават калі скончылася першая хваля і ўсё было эпідэміялагічна спакойна.
А што на самай справе? Усе гіпотэзы пра "штучнае паходжанне" COVID-19 неаднаразова зняпраўджвала Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Так, фактычна ён узнік "з паветра", таму што паветрана-кропельным шляхам і распаўсюджваецца. А з'явіўся з жывёльнага свету, дакладная крыніца яшчэ вызначаецца.
"Усё трэба расказаць" пра справу Бабарыкі
За тыдзень да затрымання Віктара Бабарыкі, але ўжо пасля ператрусаў у Белгазпрамбанку, Лукашэнка не прапусціў магчымасці таксама выказацца па тэме.
— І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой "лукашэнкаўскай дыктатуры" ён стварыў гэту ўласнасць, як ён хабар даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся... Гэта ўсё трэба расказаць беларусам, — казаў ён падчас паездкі ў Полацк.
Лукашэнка даручыў кіраўніку КДК усё "выкласці народу".
Яшчэ праз месяц ён сказаў, што Бабарыка "зарыдаў і пачаў даваць паказанні". Якія, не ўдакладняў.
А што на самай справе? Дзяржкантроль сапраўды расказаў сваю версію "справы Белгазпрамбанка", але яна не вытрымлівала ніякай крытыкі. Ніякіх доказаў прыведзена не было. Бабарыка так і не быў дапушчаны да выбараў. З тым, што ён "рыдаў і даваў паказанні", таксама нешта не так: нядаўна ў КДБ заявілі, што сваю віну экс-банкір не прызнае.
"Расійскія лялькаводы", якія згубіліся
Усю выбарчую кампанію Лукашэнка заяўляў пра замежнае ўмяшанне ў сітуацыю ў Беларусі. Прычым асноўнай дзейнай асобай, на яго думку, была Расія.
— Нам усё ж удалося зрабіць некаторыя крокі на апярэджанне і сарваць маштабны план дэстабілізацыі Беларусі (гэта не жарт і не запалохванне) і прыводу краіны да нейкага майдану. Такая была мэта. Маскі сарваныя з пэўных не толькі лялек, якія ў нас тут былі, але і лялькаводаў, якія сядзяць за межамі Беларусі, — казаў ён і адкрыта паказваў на тое, што яны ёсць "і з усходу".
За суткі да гэтай заявы кіраўнік КДК Іван Тэртэль адкрыта называў "лялькаводамі" прадстаўнікоў карпарацыі "Газпрам".
— Такімі асобамі з'яўляюцца, мы ведаем, вялікія начальнікі ў "Газпраме", а можа быць, і вышэй, — казаў ён. Вышэй "Газпрама" ёсць толькі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Расіі. Празрысты намёк.
А што на самай справе? Адразу пасля выбараў чароўным чынам усе абвінавачанні ў адрас Расіі перасталі гучаць. Цяпер галоўныя ворагі — Літва, Польшча і Чэхія. Менавіта ад іх Лукашэнка цяпер просіць Расію абараніць Беларусь. Сваім грамадзянам ніякіх шакавальных падрабязнасцяў ён так і не расказаў.
"Каб пургі не гналі". Справа "Вагнера"
У канцы ліпеня ў Беларусі былі затрыманыя 33 баевікі. ДзяржТБ аператыўна ідэнтыфікавала іх як удзельнікаў прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер". Прагучалі заявы пра тое, што яны (і не толькі яны) прыехалі дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі.
— Малайцы [КДБ і СК. — Еўрарадыё], што высветлілі, што гэта першая група. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 або 200 чалавек, якая планавалася да перакідвання ў Беларусь. І прытым, калі я гэта кажу — я прачытаў даклад, — гэта дакладныя звесткі сёння.
Тады ж Лукашэнка сказаў, што Беларусь "адкрытая" для перадачы дадатковай інфармацыі расіянам: "Мы нічога не хаваем, але нам патрэбна праўда".
— Праўда павінна быць прад'яўлена грамадству, — даручаў ён.
Сілавікі пры гэтым казалі, што ў цэлым у Беларусь прыехала "да 200" баевікоў. Іх усіх абяцалі знайсці.
А што на самай справе? Ужо пасля выбараў, калі Лукашэнка зноў пасябраваў з Крамлём, Беларусь выдала "вагнераўцаў" Расіі. Пра тое, што яны прыязджалі "дэстабілізаваць" абстаноўку ў краіне, усе забыліся — і сілавікі, і прапагандысцкія медыя. У расійскіх медыя пачалі сцвярджаць, што ўсё тое, што адбылося, — "правакацыя ўкраінскіх спецслужбаў".
Пра 170 "нязнойдзеных баевікоў" таксама ніхто не ўспамінаў, хоць яшчэ летам у Савеце бяспекі і КДБ упэўнена гаварылі пра тое, што тыя хаваюцца па беларускіх лясах. Здавалася б, ужо снежань — пара б і знайсці іх, а то яшчэ замерзнуць.
"Усё раскажу ў дэталях": пра "напад" Польшчы
Пасля выбараў Лукашэнка пачаў пераконваць усіх у новай пагрозе: нібыта Польшча і іншыя краіны НАТА плануюць ледзь не ўварвацца ў Беларусь. Тады войска было прыведзенае ў баявую гатоўнасць, некалькі падраздзяленняў перакінутыя да заходняй мяжы. А Лукашэнка намякаў захаду на магчымы адказ (хай пакуль і незразумела, на што) з боку АДКБ.
— Ні ў якім выпадку не паддавайцеся на правакацыі. Усё, што яны [праціўнікі дзейнай улады. — Еўрарадыё] кажуць, — гэта фэйкі. Сітуацыя супакоіцца — і я ўсё раскажу ў дэталях, — угаворваў ён чыноўнікаў.
А што на самай справе? Пакуль што адзіныя "доказы" планаванай інтэрвенцыі ў Беларусь — словы Лукашэнкі і іншых беларускіх чыноўнікаў. Краіны НАТА гэта зняпраўджвалі. Нават Расія ў жніўні заявіла, што АДКБ будзе ўмешвацца толькі ў выпадку знешняй агрэсіі. Якой пакуль што няма.
Наратыў пра пагрозу з боку НАТА Лукашэнка пачаў паўтараць у лістападзе. Аднак ніякіх дэталяў таго, што адбываецца, так і не расказаў — толькі зачытаў матэрыялы нібыта "выведкі", а яшчэ раней перадаў Маскве размовы "Ніка і Майка". Сапраўднасць звестак не пацвердзілі нават у Расіі: далікатна прамаўчалі.
"Будзе вельмі цікава": пра размовы "Натулі" і "Дзімы"
Злівы тэлефонных размоў, як мяркуецца, Наталлі Эйсмант, Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, нарабілі шмат шуму ў лістападзе.
— Калі гэта, то я табе [журналісту з прэзідэнцкага пула. — Еўрарадыё] павінен сказаць і ўсім: не час, пацярпіце трошкі, на наступным тыдні ўсё раскажам. Паверце, будзе вельмі цікава, — гаварыў Лукашэнка ў Гомелі 20 лістапада.
А што на самай справе? "На наступным тыдні" Лукашэнка так нічога і не расказаў. Ужо канчаецца яшчэ адзін тыдзень, прычым з'явіўся чарговы "зліў" — гэтым разам узроўнем вышэй: як мяркуецца, на запісе гутараць Наталля Эйсмант і памочнік Лукашэнкі па агульных пытаннях Мікалай Латышонак. Ніякіх афіцыйных каментароў да гэтага часу няма. Магчыма, і не будзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.