Што "вагнераўцы" рабілі ў Беларусі: 6 версій

Нашыўка, паказаная ў сюжэце пра расійскіх наёмнікаў, затрыманых у Беларусі​ / "Новая газета"
Нашыўка, паказаная ў сюжэце пра расійскіх наёмнікаў, затрыманых у Беларусі​ / "Новая газета"

29 ліпеня агенцтва БЕЛТА са спасылкай на праваахоўныя органы паведаміла пра прыбыццё ў Беларусь "больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі". Уночы на 28 ліпеня 32 з іх былі затрыманыя ў санаторыі пад Мінскам. Калі верыць афіцыйнай версіі, мужчыны паводзілі сябе падазрона для адпачывальнікаў: не пілі, не гулялі, хадзілі ў "мілітары", "вывучалі тэрыторыю і абстаноўку". Пазней з'явілася інфармацыя, што затрыманыя — баевікі "замежнай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера".

Гэтую версію на тэрмінова скліканым пасяджэнні пацвердзіў Аляксандру Лукашэнку старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Раніцай 30 ліпеня кіраўнік Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў заявіў журналістам, што заведзена крымінальная справа, баевікі абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы тэрактаў на тэрыторыі нашай краіны, вядзецца пошук астатніх 170 чалавек. А СК паведаміў, што затрыманыя байцы расійскага ЧВК "Вагнер" звязаныя з Youtube-блогерам Сяргеем Ціханоўскім і яго прыхільнікамі.

Але ці ўсё так адназначна? Расійская "Новая газета" апублікавала шэсць версій таго, што гэты калектыў рабіў у Беларусі і чаму быў затрыманы.

Версія КДБ

Вельмі дзіўная, лічыць карэспандэнт аддзела расследаванняў выдання Дзяніс Караткоў. Падрабязнасцяў няма, толькі цытата з БЕЛТА пра "дэстабілізацыю абстаноўкі". Як менавіта і што менавіта павінны дэстабілізаваць тыя, хто прыбыў, — незразумела. На першы погляд сцэнар выглядае сумнеўным. Сярод "турыстаў" няма паліттэхнолагаў, спецыялістаў па правакацыях, спецаперацыях і іншых хітрых акцыях, а толькі "снайперы, падрыўнікі, айцішнікі". Мяркуючы па персаналіях, тыя, хто прыбыў, — няхітрыя хлопцы, пяхотны ўзвод без зброі. Нават калі са зброяй і нават калі б гэтыя саракагадовыя мужчыны праявілі спрыт і баявы дух — у супрацьстаянні з беларускім войскам або ўнутранымі войскамі самотны ўзвод быў бы асуджаны, перакананы Караткоў.
 

Версія Прылепіна etc

Захар Прылепін, паведаміўшы, што сярод затрыманых ёсць былыя байцы "яго" батальёна, выказаў здагадку, што яны маглі ляцець "і ў Сірыю, і ў іншыя цёплыя ваюючыя краіны". Ваенкар Сямён Пегаў у сваім тэлеграм-канале WarGonzo, спасылаючыся на "крыніцы ў расійскіх спецслужбах", расказаў, што транзіт праз Беларусь у перыяд пандэміі звычайная рэч для вагнераўцаў і транзіт гэты даўно ўзгоднены з беларускімі спецслужбамі і наогул не сакрэт. А спектакль з затрыманнем Лукашэнка зладзіў з нейкіх уласных незразумелых меркаванняў, і гэта "не па-пацанску" (лексіка сп. Пегава).

Па сцверджанні Караткова, Беларусь яшчэ з часоў "Славянскага корпуса" ў 2013 годзе выкарыстоўвалася "салдатамі ўдачы" для транзіту на Блізкі Усход. У апошні час "група Вагнера" для перакідвання свайго асабовага складу выкарыстоўвала як чартарныя рэйсы авіякампаніі Cham Wings на лініі Растоў — Дамаск і далей у Афрыку, так і камерцыйныя рэйсы ваенна-транспартнай авіяцыі з падмаскоўнага Чкалаўскага. Але, заўважаюць аналітыкі Conflict Intelligence Team, для перакідвання параўнальна малалікай групы арандаваць самалёт накладна. І паколькі палёты з Расіі ў час барацьбы з каранавірусам абцяжараныя, магчыма, сапраўды прасцей арганізаваць пералёт праз Мінск. А затрымку ў Мінску і неабходнасць чакання ў санаторыі цалкам можна растлумачыць недахопам білетаў на прыдатныя авіярэйсы, піша "Новая".

Супраць гэтай версіі — незразумелыя паводзіны беларускіх сілавікоў. Уявіць, што падобны захоп мог быць ажыццёўлены без атрымання каманды або адабрэння з боку палітычнага кіраўніцтва — чытай асабіста Лукашэнкі, — не атрымліваецца, а калі ён быў інфармаваны, то сапраўды "не па-пацанску".

Что "вагнеровцы" делали в Беларуси: 6 версий
Сяргей Ціханоўскі падчас легальнага пікету Святланы Ціханоўскай на мінскай Камароўцы, травень 2020 года / Еўрарадыё

Версія крыўдная

Калі ўявіць, што Беларусь выкарыстоўвалі, як транзітную пляцоўку для перакідвання невялікіх падраздзяленняў Вагнера ў Афрыку або на Блізкі Усход (або ў Афрыку праз Блізкі Усход), не давёўшы да ведама беларускага боку, то Аляксандр Лукашэнка цалкам мог абурыцца "нацыянальным гонарам велікаросаў" і палажыць канец, лічыць аўтар "Новой газеты".
 

Версія перадвыбарная

Для гэтай версіі не важна, ці ведаў Лукашэнка пра транзіт або не. У кожным разе мог выкарыстоўваць наяўнасць страшнай рускай "ПВК Вагнера" ў перадвыбарнай сітуацыі. Можна канчаткова "закруціць гайкі", можна выбары перанесці, а то і адмяніць пад пагрозай сілавога ўмяшання. 

Что "вагнеровцы" делали в Беларуси: 6 версий
Чэргі паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў у Мінску, травень 2020 года / Еўрарадыё

Версія неаўтарызаванай ініцыятывы

Уявіць, што гаспадар "групы Вагнера" можа без каманды Крамля ўчыніць які-ніякі пераварот ці нават проста беспарадкі ў суседняй дзяржаве, мы не можам. Але вось адправіць групу таварышаў, каб сядзелі ціха і чакалі, — цалкам, фінансавыя магчымасці дазваляюць. На выпадак, калі раптам у найвышэйшага кіраўніцтва паўстане патрэба паўдзельнічаць у беларускіх падзеях — а ўсё ўжо гатова.
 

Версія зусім канспіралагічная

Групу маглі паслаць менавіта для таго, каб яна была затрыманая. Навошта гэта можа быць трэба расійскаму кіраўніцтву і якія крокі могуць адбыцца пасля, ёсць таямніца. Пакуль жа ў Крамлі чакаюць ад афіцыйнага Мінска "вычарпальную інфармацыю" аб затрыманні расійскіх грамадзян

"Мы павінны спачатку зразумець, у чым яны абвінавачваюцца",заявіў РБК прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Чыноўнік адзначыў, што інфармацыі аб супрацьпраўных дзеяннях затрыманых расіян няма і назваў інсінуацыямі звесткі пра тое, што "нейкія арганізацыі з Расіі пасылаюць, маўляў, кагосьці, каб дэстабілізаваць".

Шмат інфармацыі з дакументамі і фота пра затрыманых у Мінску баевікоў ёсць на сайце "Новой газеты". Аўтару расследавання ўдалося пацвердзіць дачыненне многіх з іх да ПВК Вагнера і да вайны ва Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі