Цэны на паліва ўжо два гады прывязаныя да курса долара
Цяпер акцыі супраць павышэння цэнаў на паліва “Стоп-бензін” давядзецца перайменаваць у “Стоп-долар”.
Цэны на паліва выраслі 9 верасня на 4,1%. Гэта трэцяе падаражанне за год. Папярэдняе было амаль тры тыдні таму. Нагадаем, у 2011 годзе паліва даражэла 11 разоў, у 2012-м — 4 разы, у 2013-м — 5 разоў. Апошняе падаражанне цікавае тым, што цану бензіну прывязалі да курса долара.
“Да цаны на нафту трэба прывязваць, — кажа падчас вулічнай апытанкі мінчук Андрэй. Сам ён машыну не водзіць, але ведае, з чаго робіцца паліва. — Перапрацоўка нафты не вырасла ў цэнах жа? Чаму тады даражэе бензін?”
Андрэй мае рацыю, бо якраз напярэдадні падаражання паліва, 8 верасня, цэны на нафту знізіліся. Барэль нафты маркі Brent каштуе 100,20 (-0,62), барэль нафты маркі WTI (Light Sweet) — 92,66 (-0,63) долара.
Кіроўца WV Passat Іван кажа, што цэны на паліва трэба прывязваць да заробкаў беларусаў. Якія цяпер прывязаныя да вытворчасці працы.
“Да заробку. У нас атрымліваецца так: заробкі не растуць, а паліва і ўсё астатняе даражэе. Калі б мы заробкі ў доларах атрымлівалі, а так…” — разважае Іван.
Цікава, што некаторыя кіроўцы толькі сёння ад Еўрарадыё даведаліся, што Белнафтахім павысіў цэны.
Кіроўца Аляксандр чакае на паркоўцы ля будынка Еўразійскага суда ў шыкоўным Mersedes ML. Ну, хоць гэты чалавек не лічыць грошы, думаю я і задаю пытанне, да чаго трэба прывязваць цэны на бензін. Нечакана чую такі адказ:
“Заробкі, народ бедны, якія цэны на бензін могуць быць? Прадукты дарагія, а тут бензін — крадуць у людзей. Калі прэзідэнт калгаснік, а сельская гаспадарка ніякая, як такое можа быць? Тэхналогій ніякіх, а цэны якія на хлеб, на прадукты, на ўсё? Жах!” — кажа Аляксандр і просіць не фатаграфаваць машыну. І ўвогуле, машына не яго — ён проста сядзіць на месцы кіроўцы з ключамі.
Год таму за сярэдні заробак беларуса можна было набыць каля 689 літраў паліва. За ліпеньскі сярэдні заробак — на 50 літраў меней. Параўноўваем курс долара ды цэны на паліва. Калі ў 2011-м ды ў 2012-м паліва было роўнае прыкладна 0,64-0,81 долара, дык у 2013—2014 кошт літра бензіну рос разам з курсам долара.
Прывязку да курса долара эканаміст Сяргей Чалы расцэньвае як вельмі зручную прычыну падаражання паліва.
“Белнафтахім нарэшце зразумеў, што нішто так стабільна лінейна не расце, як курс долара, ім такая дынаміка падыходзіць, таму яны вырашылі прывязаць да долара. Гэта пазбавіць іх у будучыні неабходнасці прыдумваць усё новыя і новыя прычыны павышэння цэн на паліва і не будзе выклікаць дадатковага раздражнення ад новых цэнаў. А так — павысіўся долар, і выраслі цэны на бензін. Белнафтахіму спатрэбіўся год, каб гэта зразумець”, — кажа эканаміст.
Цягам чатырох гадоў прычыны павышэння цэнаў на паліва мяняліся. Да прыкладу, у 2013-м “Белнафтахім” павышае цэны, матывуючы неабходнасцю “часткова кампенсаваць павышэнне ставак акцызу”. А вось у 2011-м цэны на бензін растуць з мэтай “паэтапнага выроўнівання цэнаў з краінамі Мытнага саюза ды ростам сусветных цэнаў на нафту”.