“Чабурэчную” могуць закрыць на рамонт у Дзень Волі
Супрацоўнікі кажуць, што пакуль кіраўніцтва канчаткова не вырашыла, але рамонт працягнецца не больш за тыдзень.
Знакамітую “Чабурэчную”, што знаходзіцца на вуліцы Валадарскага, 9 у Мінску, закрыюць на рамонт 25 сакавіка. Праўда, ніякіх аб’яваў пра гэта ва ўстанове харчавання няма. Супрацоўнікі проста адмаўляюцца браніраваць столік на гэтую дату.
“Яшчэ невядома, калі рамонт пачнецца, — кажуць жанчыны за барам. — Кіраўніцтва вырашае. Можа, 25-га, можа, 30-га. Таму забраніраваць зараз столік не можам. Але вы патэлефануйце 25-га гадзінак у 10 раніцы — калі будзем працаваць, то скажам вам”.
Не так даўно ў “Чабурэчнай” ужо быў рамонт, пасля чаго абнавіўся інтэр’ер кавярні і крыху падаражэла меню. Па словах супрацоўніц, рамонт будзе выключна касметычны і працягнецца “недзе да 3 красавіка”.
Нагадаем, 25 сакавіка 1918 года была абвешчана дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Трэцюю ўстаўную грамату БНР падпісвалі акурат у будынку, у якім цяпер знаходзіцца “Чабурэчная”. Традыцыйна вечарам гэтага дня ў кавярні збіраюцца ўсе ахвочыя, каб адзначыць утварэнне БНР.
Сёлета шэсце, прысвечанае Дню Волі пачнецца а 15-й каля кінатэатра “Кастрычнік”. Скончыцца яно мітынгам у 17.00 у парку Дружбы народаў. А вось святкаванне ў больш нефармальнай атмасферы, магчыма, давядзецца пераносіць з “Чабурэчнай” у іншае месца.