Чаму беларусы лаюць Алексіевіч і абараняюць Алексіевіч?
У Сеціве разгараецца дыскусія вакол выказвання нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, яна падчас візіту ў Н'ю-Ёрк параўноўвае заходняе і савецкае грамадства:
"Учора я ішла па Брадвеі, і бачна, што кожны — асоба. А ідзеш па Мінску, Маскве, ты бачыш, што ідзе народнае цела. Агульнае. Так, яны пераапрануліся ў іншую вопратку, яны ездзяць на новых машынах, але толькі яны пачулі кліч баявы ад Пуціна "Вялікая Расія", — і зноў гэта народнае цела... Таму мне хацелася паказаць усю, як казала Цвятаева, квітнеючую складанасць нашага жыцця".
Міма інтэрв'ю не праходзіць расійская пісьменніца Таццяна Талстая, яна і раней заяўляла, што творы Алексіевіч не з'яўляюцца мастацкімі. У Фэйсбуку Таццяна цытуе беларускую пісьменніцу, якая сапраўды блытае Цвятаеву з Канстанцінам Лявонцевым і з'едліва дадае:
"Хто-небудзь, раскажыце ёй, хто прыдумаў выраз "квітнеючая складанасць" і што ён азначае. Так, і па Маскве ці Мінску пешшу не хадзіце, там нейкае агульнае цела ходзіць. Або ў машынах ездзіць. А "п*ц" па-беларуску таксама "п*ц" будзе?"
Алексіевіч словы калегі засмуцілі. "Такі ўзровень размовы я не разумею, я ніколі так не размаўляю. Неяк нечакана для мяне прагучала і яе нецэнзурная лексіка... на такім узроўні не магу размаўляць і не хачу каментаваць", — кажа пісьменніца ў каментарыі радыё "Свабода".
І тут на абарону сваёй Нобелеўскай лаўрэаткі літаральна рынуліся беларусы. Яшчэ ўчора, здаецца, самі ж лаялі Алексіевіч, якая набыла кватэру ў "доме Чыжа", а сёння —ставяць на месца яе расійскую калегу.
"Няма такога слова ў беларускай мове, ды яно нам і непатрэбнае. П*ц мы пакінем Вам. Гэта — Ваша, заслужанае", — пішуць адны.
Іншыя дадаюць: "Таццяна, натуральна, Алексіевіч ёсць за што пакрытыкаваць, як пісьменніцу, але вы мяне ўразілі вулічным узроўнем лаянкі. Навошта? Вы ж разумная".
Трэція дапаўняюць: "Хамства ніколі не ўпрыгожвала чалавека, як, прынамсі, і зайздрасць. Нобелеўскую прэмію трэба заслужыць, чаго не хапае Таццяне Талстой, якая ўвайшла ў "цела". P.S.: У беларускай мове выкарыстоўваюцца іншыя словы, дарэчы".
Арт-дырэктар "Свабоднага тэатра" Мікалай Халезін, адзін з удзельнікаў дыскусіі, у размове з Еўрарадыё выказвае думку, што беларусы аб'ядналіся супраць Талстой перад усім з-за яе каментарыя:
"Нават людзі, якія не з'яўляюцца прыхільнікамі творчасці Алексіевіч, кажуць: "Што гэта? Чаму чалавек паводзіць сябе як хабалка?". Ёсць стаднасць і спроба ўсім разам абараняць, з іншага боку, ёсць цалкам правамернае абурэнне тонам і манерай. Бо калі аналізаваць літаратуру глыбока, уплыў і тое, якой з'явай стала літаратура Алексіевіч, Талстая тут прайграе, бо яна проста някепскі літаратар, але не больш за тое".
З'яву, калі Алексіевіч лаяць свае, а калі на яе нападаюць чужыя, свае абараняюць, культуролаг Максім Жбанкоў называе логікай культурнай меншасці:
“Тут спрацоўвае простая рэч — логіка культурнага гета. Гэта такая хутарская сітуацыя, калі ў вёсцы два двары, там жывуць тры сям'і, усе пра ўсіх ведаюць, сябруюць і сварацца, то бок, адбываюцца разборкі паміж сваімі. Але калі з'яўляецца нейкая знешняя пагроза, натуральна, яны ўсе разам з ёй змагаюцца. Гэта логіка лакальнай супольнасці. Для хутарской свядомасці любое знешняе меркаванне, тым больш нязручнае, з'яўляецца знешняй пагрозай, і тады ўсе пачынаюць абараняць не сваю аднастайнасць, а сваю лакальную праўду. Можа, гэта не вельмі прыстойны ўчынак, але гэта зрабіў наш, мы самі разбярэмся. Мы самі каго трэба загнабім, самі каго трэба палюбім, а можа, спачатку загнабім, а потым палюбім. Тут мае месца недаверлівае, падазронае стаўленне да любой знешняй рэакцыі. То бок, далі Алексіевіч Нобеля — падазрона, Талстая яе раскрытыкавала — таксама падазрона. Бо зразумела ўсё, што паміж намі. А паміж намі можа быць усё што заўгодна".
На думку Жбанкова, каб выйсці за межы культурнай меншасці, беларусам варта спыніць "гульню ў самаабарону", пра якую спявае і Лявон Вольскі:
"Трэба, каб самаабарона перайшла ў сітуацыю дыялогу, нармальнай камунікацыі на роўных. Пакуль жа мы сябе не адчуваем на роўных. Калі мы перастанем размаўляць не ў тэрмінах вайны за культуру, а ў тэрмінах крэатыўнай калабарацыі, паўстануць зусім іншыя сюжэты".