Чаму Уладзімір Мацкевіч здаў пасаду Уладу Вялічку?
Чалавек, які яшчэ некалькі месяцаў таму называў сябе лідарам грамадзянскай супольнасці краіны, раптам добраахвотна пазбавіўся сваёй пасады.
У Каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці змяніўся старшыня. Уладзімір Мацкевіч, які яшчэ паўгода таму назваў сябе лідарам гэтай самай супольнасці, саступіў пасаду Уладу Вялічку. Гаворыць, што сапраўднаму лідару пасады непатрэбныя.
“Лідару не патрэбныя пасады, альбо не заўсёды патрэбныя. Гэта толькі сродак дасягнення лідарам пэўных пастаўленых мэтаў. Напачатку я быў ініцыятарам стварэння Нацыянальнай платформы. Таму і займаў пасаду старшыні, дамагаўся яе”.
Мацкевіч гаворыць, што калі б хацеў, то выйграў бы і гэтыя выбары старшыні. Маўляў, усе яго праціўнікі замест канструктыўных прапановаў абралі байкот канферэнцыі. З 65 арганізацый, якія ўваходзяць у Нацыянальную платформу, дэлегатаў прыслалі толькі 44. Ужо былы старшыня спадзяецца, што пасля яго сыходу пачуцці ў Нацыянальнай платформе заціхнуць, а там усталюецца мір і спакой.
“Мой сыход паспрыяе дасягненню міру і ўзгодненасці ў Нацыянальнай платформе, дасць магчымасць рухацца далей. А нефармальнае лідарства маё нікуды не падзенецца. Я ж не кіну выступаць, звяртацца з артыкуламі”.
Новага старшыню Каардынацыйнага камітэта Улада Вялічку абіралі амаль аднагалосна — іншыя кандыдатуры зняліся на яго карысць, і ў выніку Вялічка атрымаў 37 галасоў з 44 магчымых. Гаворыць, стаіць на тых жа пазіцыях, што і Мацкевіч. Адно што метады мае іншыя.
“Хачу сказаць, што маё стаўленне да пытанняў працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, а таксама да пытанняў стану і ролі Нацыянальнай платформы — яно не адрозніваецца ад пазіцый Уладзіміра Мацкевіча. Я стаю на тых жа пазіцыях. Але ў пытанні шляхоў рэалізацыі я маю іншыя адказы. Думаю, гэта можа быць карысным у агульным працэсе”.
А вось на простае пытанне аб магчымасці ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах Вялічка прамога адказу так і не дае. Спачатку сцвярджае, што пытанне пабудовы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі куды больш вострае за пытанне ўдзелу ў палітычных гульнях. А потым абцякальна гаворыць аб сярэдне- і кароткатэрміновых перспектывах.
“Думаю, што ні ў кароткатэрміновай, ні ў сярэднетэрміновай перспектыве гэта пакуль што не з’яўляецца прыярытэтам”.
Варта дадаць, што Вялічка мае куды большыя шансы прайсці рэгістрацыю ў Лідзіі Ярмошынай, чым Уладзімір Мацкевіч. Апошні не нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, што не дазваляе яму ўдзельнічаць у выбарах.
Ці скарыстаецца сваёй магчымасцю Улад Вялічка і чым зоймецца Уладзімір Мацкевіч — пабачым праз год-паўтара. Да таго часу, глядзіш, і іншыя патэнцыйныя лідары раскачагарацца.
Фота "Радыё "Свабода".