Чаму за жалобную акцыю мінскіх кіроўцаў не штрафуюць як за “Стоп-бензін”?

Чаму за жалобную акцыю мінскіх кіроўцаў не штрафуюць як за “Стоп-бензін”?

28 сакавіка мінскія кіроўцы далучыліся да жалобы, абвешчанай у Расіі па загінулых у пажары ў кемераўскім гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня”. Каля 19:00 аўтамабілісты пачалі разам сігналіць у цэнтры горада: на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў. Таксама ў раёне Нямігі ў неба выпусцілі каля ста белых надзіманых шарыкаў:

Відэа: TUT.by

Жалобная акцыя вельмі нагадвала пратэсты аўтамабілістаў у час эканамічнага крызіса 2011 года. Тады, пасля дэвальвацыі рубля, мінчукі выходзілі на “маўклівыя акцыі” і папросту пляскалі ў ладкі, стоячы на ходніках. А кіроўцы падтрымлівалі іх сігналамі.

Паглядзіце гэтае відэа, знятае 15 чэрвеня 2011 года:

Відэа: Еўрарадыё

Супрацоўнікі міліцыі і ДАІ проста па дарозе падыходзяць да аўтамабіляў, каб паразмаўляць з кіроўцамі. Пасля яны накіруюць гэтыя машыны да краю праезнай часткі, а іх кіроўцы атрымаюць штрафы за парушэнне Правілаў дарожнага руху.

ПДР, глава 22:
172. Гукавыя сігналы могуць прымяняцца толькі для:
172.1. папярэджання іншых кіроўцаў аб намеры здзейсніць абгон па-за населенымі пунктамі;
172.2. прадухілення дарожна-транспартнага здарэння.

 

І пратэсты аўтамабілістаў у 2011 годзе, і жалобная акцыя ў сакавіку 2018-га па беларускіх законах — гэта масавыя мерапрыемствы. Азначэнне масавага мерапрыемства ў аднайменным законе проста цудоўнае:

Масавае мерапрыемства — сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыя, пікетаванне і іншае масавае мерапрыемства”.

 

З гледзішча закона, пратэстная акцыя нічым не адрозніваецца ад жалобнай. “Гудзенне клаксонамі” можна трактаваць як дэманстрацыю, як пікетаванне і як “іншае масавае мерапрыемства”. На ўсё гэта патрэбны дазвол ад мясцовых уладаў, а таксама ўзгадненне з міліцыяй, МНС і медыкамі.

На выпадак, калі дазволу ва ўдзельнікаў акцыі няма, у Адміністрацыйным кодэксе ёсць артыкул 23.34 — “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Санкцыі па ім — штрафы ці суткі арышту.

Па звестках праваабарончага цэнтра “Вясна”, за 2017 год беларускія суддзі вынеслі не менш за 425 пастановаў па артыкуле 23.34 КаАП. Актывістаў апазіцыі каралі штрафамі і суткамі.
Чаму за жалобную акцыю мінскіх кіроўцаў не штрафуюць як за “Стоп-бензін”?
У Мінску прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі. Фота: Reuters

Але, як высветліла Еўрарадыё, падчас жалобнай акцыі ў Мінску затрыманняў не было:

“Не разумею, як вы можаце такое пытанне задаваць. Людзі смуткуюць, Беларусь смуткуе. У нас сцягі прыспушчаныя. Каго мы будзем затрымліваць?” — пералічвае прычыны, якія “адмяняюць” закон “Аб масавых мерапрыемствах” і ПДР, прэс-афіцэр ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч.

Еўрарадыё далучаецца да жалобы па ахвярах пажару ў кемераўскім гандлёвым цэнтры “Зімовая вішня”. Але закон мусіць быць аднолькавым для ўсіх — іначай гэта не закон. А калі ён напісаны так, што жалобная акцыя па загінулых дзецях з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем — не трэба казаць, што журналісты задаюць дрэнныя пытанні. Трэба перапісаць закон так, каб ён адпавядаў Канстытуцыі, згодна з якой, дзяржава гарантуе свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі