Часова адключаны: што адбываецца з буйным рытэйлерам гаспадарчай тэхнікі TTN.by
У аднаго з найбуйнейшых рытэйлераў у Беларусі TTN.by пачаліся праблемы з сайтам і дастаўкай.
Другія суткі сайт аднаго з найбуйнейшых беларускіх анлайн-гіпермаркетаў TTN.by недаступны для наведвальнікаў. Зайшоўшы па звыклым адрасе, вы ўбачыце заглушку "па тэхнічных прычынах цяпер наша крама не працуе".
Телеграм-канал "Эканоміка" расказвае, што галоўны офіс кампаніі наведалі прадстаўнікі сілавых ведамстваў.
Офіс кампаніі на вуліцы Скрыганава цяпер зачынены. Дзяжурны ахоўнік у будынку распавёў Еўрарадыё, што не ведае чаму.
У чатах "Тэлеграма" з'явіўся скрыншот перапіскі нібыта з адным з супрацоўнікаў TTN.by, дзе ён кажа, што ў офіс наляцелі з "фінансавай паліцыі" і пачалася "поўная *опа".
Дастаўка таксама перастала працаваць. Людзі скардзяцца, што заказы не прыязджаюць і ніхто не папярэджвае, што кур'ерская дастаўка перастала працаваць. У пунктах самавывазу кажуць кліентам, што разам з сайтам легла і база заказаў.
Анлайн-гіпермаркет TTN.by належыць кампаніі ТАА "Віястрым", якая існуе з 2011 года. Адзін з лідараў на рынку камп'ютарнай тэхнікі і адзін з найбуйнейшых рытэйлераў бытавой тэхнікі.
Цяпер у інтэрнэт-каталогу "Анлайнера" напісана, што магазін часова адключаны.
Пры спробе патэлефанаваць на нумары кампаніі вы альбо трапляеце на адключаны нумар, альбо аказваецеся ў чарзе чакання. А калі дачакаецеся сваёй чаргі, ваш выклік проста скінуць. Тэлефон падтрымкі не адказвае.
На сайтах водгукаў у анлайн-гіпермаркета не самая добрая рэпутацыя і вельмі шмат негатыўных ацэнак. Так, у сакавіку адзін з пакупнікоў расказаў пра жахлівы сэрвіс у пункце выдачы і незразумелыя гарантыі на тавар. А чэк пры аплаце тавару выдаюць "ад нейкага іпэшніка”:
"Тавар немагчыма праверыць, і гарантыю вам не даюць, і прэтэнзіі не прымаюць. Нават чэкі выдаюць не ад крамы TTN.by, а ад невядомага іпэшніка: па факце тут ты не купляеш тавар, а ажыццяўляеш абмен з прыватнай асобай.
Схема такая: іпэшнік купляе ў краме рэчы і атрымлівае гарантыю і абарону законам. А потым ён проста перапрадае гэтыя рэчы вам, і ўсё, ніякай гарантыі, і яшчэ прымушае падпісаць паперу, дзе ёсць словы "ніякіх прэтэнзій не маю". І ўсё, ты сам адмовіўся ад сваіх правоў!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.