Чым можа скончыцца канфлікт у Крыме?

“Справа ў тым, што сёння ў Расіі, у Крамлі, пануе імперская атмасфера. І я б дадаў, што яна яшчэ і атручаная газам. Таму Расія імкнецца пашырыць свой уплыў паўсюль”, — тлумачыць эксперт-міжнароднік Раман Якаўлеўскі сітуацыю з памкненнем Масквы далучыць да сябе Крым.

Падзеі развіваюцца імкліва. 6 сакавіка ў першай палове дня Вярхоўны савет Крыма галасуе за далучэнне да Расіі. Ужо праз некалькі гадзін дэпутат Дзяржаўнай Думы Расіі Сяргей Міронаў заяўляе перад тэлекамерамі, што Дума разгледзіць жаданне крымскіх дэпутатаў на наступным тыдні — цягам трох-пяці дзён. Тым часам у Крыме рыхтуюць рэферэндум, на якім людзей паставяць перад выбарам — або вяртанне да Канстытуцыі 1992 года і пашыраная аўтаномія ў складзе Украіны, або поўнае далучэнне да Расійскай Федэрацыі з усімі наступствамі. Правесці рэферэндум плануюць у рэкордна хуткі тэрмін — 16 сакавіка.

Праблема ў тым, што далучыць Крым да Расіі замінае Канстытуцыя РФ, якая дапускае падобныя фокусы толькі са згоды кіраўніцтва іншай краіны — у дадзеным выпадку Украіны. Гэта, улічваючы новыя адносіны паміж краінамі, пакуль выглядае фантастыкай. Але прадбачлівыя расійскія дэпутаты ўжо прапанавалі Канстытуцыю падкарэктаваць.

Тым часам увечары 6 сакавіка ў Бруселі канцлер Германіі Ангела Меркель заяўляе, што Дамова аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай (цяпер мала хто памятае, але ў канцы мінулай восені з яе ўсё і пачалося) можа быць падпісаная нават у бліжэйшыя дні. Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў мяркуе, што адарванне ад Украіны Крыма падпісанне гэтай дамовы не спыніць. Хіба што Крэмль менавіта праз Асацыяцыю і распачаў канфрантацыю.

“Магчыма, Расія хацела згуляць на тым, што Крым стане закладнікам. І паўстане дылема перад Кіевам: альбо Крым, альбо курс на Захад”.

Пакуль жа Кіеў усяляк спрабуе прадухіліць страту Крыма. Цэнтрвыбаркам Украіны нават заблакаваў базы дадзеных выбаршчыкаў паўвострава, каб перашкодзіць правядзенню рэферэндуму. У яго незалежнасць і празрыстасць мала хто верыць. У дадатак, украінскае заканадаўства увогуле не прадугледжвае падобных лакальных плебісцытаў. Таму як бы крымчане ні прагаласавалі (сацыёлагі гавораць, што за ўваходжанне ў склад Расіі выступае 41% жыхароў паўвострава — нават менш, чым там жыве этнічных рускіх), Кіеў вынікаў рэферэндуму ніколі не прызнае. Як і абавязаны міжнародным правам ўвесь іншы свет ўключна з ААН.

Толькі рэальнасць выглядае іначай. Паўвостраў ужо фактычна кантралююць невядомыя салдаты ў форме і са зброяй расійскай арміі. Андрэй Елісееў гаворыць, што захаваць Крым у складзе Украіны не дапаможа нават NATO — пакуль частку краіны займаюць акупацыйныя войскі, Кіеў у склад Альянсу не возьмуць. Вельмі вялікая пагроза вайны з Масквой.

“Статут NATO гаворыць адназначна: калі супраць адной з краінаў Альянсу ўжываецца агрэсія — іншыя краіны мусяць адпаведна рэагаваць. Калі Украіна становіцца сябрам NATO, то гэта аўтаматычна азначае вайну паміж Захадам і Расіяй. Узброены канфлікт. А гэта ўжо вельмі сур’ёзна”.

Таму варыянты наступныя: украінская армія выходзіць з Крыма і ён фактычна адыходзіць да Расіі, расіяне пакідаюць паўвостраў у спакоі і ён застаецца ўкраінскім, альбо украінцы застаюцца там разам з расійскімі войскамі і Крым становіцца нечым накшталт Прыднястроўя.

Ёсць яшчэ варыянт з пачаткам вайны і перарастаннем яе ў сусветную. Ён пакуль самы фантастычны. Але нават самыя дасведчаныя эксперты цяпер прызнаюць: сітуацыя развіваецца надзвычай імкліва і зрабілася абсалютна непрадказальнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі