Чытаюць пра прэзідэнта-манарха і ілжэнавуковае трызненне: катастрофа адукацыі РБ
Рэсаветызацыя дабівае беларускую адукацыю / калаж Улада Рубнова, Еўрарадыё
Улады вырашылі прайсціся ідэалагічным катком па беларускай адукацыі. Ва ўніверсітэтах выкладаюць бескарысную палітэканомію, як у часы СССР, і праводзяць паралелі паміж пасадай Прэзідэнта Беларусі і манархіяй. Гэта спроба ізаляваць беларусаў ад свету і падрыхтаваць кадры выключна для служэння сістэме, лічыць кандыдат гістарычных навук, дацэнт, экс-выкладчык Факультэта міжнародных адносін БДУ Роза Турарбекава.
Еўрарадыё даведалася ў эксперта, чаму гэта тупіковая стратэгія, якая пакідае беларусаў без крытычнага мыслення і пазбаўляе шанцу на паспяховую будучыню.
"Ідэалагічнае абалваньванне"
У праграме беларускіх універсітэтаў на 2022/2023 ёсць два курсы, абавязковыя для ўсіх спецыяльнасцяў. Гэта "гісторыя беларускай дзяржаўнасці" і "сучасная палітэканомія".
— Курсы чытаюцца не толькі для гуманітарных спецыяльнасцяў, як гэта было раней, — кажа Роза Турарбекава. — "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці" закліканая ўмацаваць ідэалагічны элемент у навучальным працэсе. Вялікая доля гэтага курса прысвечана інстытуту прэзідэнцтва.
"Сучасная палітэканомія" - гэта ўжо сапраўды рэсаветызацыя. Усе, хто вучыўся ў савецкіх універсітэтах дагэтуль памятаюць, як выкладаліся "Палітэканомія капіталізму" і "Палітэканомія сацыялізму". Цяпер гэта называецца "сучасная палітэканомія".
Ужо ў СССР было зразумела, што палітэканомія з навуковага пункту гледжання прадмет бескарысны. Галоўная яго задача — стварыць для навучэнцаў карціну свету, зручную для ўладаў. З рэальнасцю яна можа і не мець нічога агульнага. Напрыклад, у СССР расказвалі, чаму сацыялізм больш паспяховы, чым капіталізм.
— Цяпер тая ж самая мэта — стварэнне карціны свету. Гэта ідэалагічнае абалваньванне. Тлумачэнне, чаму Беларусь зараз тут і ў такім стане. Будуць казаць, чаму добрая Беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль. Яна разглядаецца разам з мадэлямі ЗША, краін ЕС, Кітая і Расіі.
З савецкага курсу ўзятыя, напрыклад, такія катэгорыі, як "грамадска-эканамічныя фармацыі". І ў цэлым гэтая карціна свету вельмі моцна нагадвае тое, што было калісьці напісана ў падручніках СССР.
Балазе, ёсць Інтэрнэт і выратавацца ад антынавуковых праграм уладаў можна, але гэта запатрабуе дадатковых намаганняў. Значыць, не ўсе сыйдуць у онлайн. І крыва, як з рэгуляваннем цэнаў, але ва ўладаў атрымаецца прасунуць сваю ідэалогію праз адукацыю, мяркуе суразмоўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.