Ці будзе “фемінізавацца” беларускае войска?

У лістападзе стала вядома пра жаданне нямецкіх улад рэкрутаваць 10 тысяч “дадатковых” жанчын у войска. Дзякуючы гэтаму жанчын у Бундэсверы стане 28 тысяч альбо 15% ад агульнай колькасці служачых. Еўрарадыё зацікавілася, наколькі шырока жанчыны прадстаўленыя ў беларускім войску. У прэс-службе Мінабароны спасылаюцца на дадзеныя амаль гадавой даўніны, бо “прынцыпова нічога не змянілася”.

“На дадзены момант у беларускім войску служаць больш за 4 тысячы жанчын, з іх 500 — афіцэры. Прычы, у воінскіх званнях старэйшых афіцэраў служаць амаль 130 жанчын, 44 носяць званне падпалкоўнік, 4 — маюць вайсковае званне палкоўнік, больш за тысячу — прапаршчыкі”, — адрапартавала Мінабароны летась перад жаночым днём.

Для параўнання, у расійскай арміі служыць каля 50 тысяч жанчын — у 12,5 разоў больш, а ў брытанскай — амаль 16,5 тысяч, прыкладна ў 4 разы больш (колькасць расійскіх узброеных сілаў — мільён чалавек, беларускіх — 65 тысяч чалавек, брытанскіх — 168 тысяч чалавек). А да пашырэння жаночай прысутнасці ў нямецкай арміі можа спрычыніцца і нядаўняе прызначэнне міністрам абароны краіны шматдзетнай маці, Урсулы фон дэр Ляен. А як у Беларусі? Спрабуе спрагназаваць вайсковы аналітык Аляксандр Алесін:

“Я лічу, што будзе развівацца роля жанчын у выкладанні, у сувязі, у лагістыцы і гэтак далей. Утрыманне іх будзе абыходзіцца танней, бо прафесійны салдат мужчына звычайна забяспечвае сям’ю. Таму яго прэтэнзіі да заробка будуць завышаныя. У гэтым плане жанчыны менш схільныя да канфліктаў”.

На думку аналітыка, жанчыны маюць якасці, вельмі запатрабаваныя на пэўных пасадах: уніклівасць, увага. Альбо прынцыповасць, неабходная на мытні, у памежных войсках. Але чакаць, што беларускія дзяўчаты зоймуць месцы мужчын за штурвалам самалёта альбо ў спецназе складана. Бо ёсць пэўныя ідэалагічныя моманты. Ды і мышачнай масы не хапае.

У той жа час, кіраўніца праекта “Гендэрны шлях” Ірына Саламаціна узгадвае жанчыну-пілота з беларускага войска. І таксама пагаджаецца: жанчыны былі б карыснымі ў войску. На пэўных пасадах.

Ірына Саламаціна: “Сёння войска звязанае ў тым ліку, і з сучаснымі тэхналогіямі. Каб авалодаць сучаснымі тэхналогіямі, не трэба быць неяк фізічна мацней і гэтак далей. Па-другое, жанчыны заўсёды былі задзейнічаныя ў войску, на ўзроўні прапаршчыкаў і салдат. Іншае пытанне, што на нейкія больш статусныя кіраўнічыя пасады не пускаюць жанчын, гэта цікава”.

Ірына Саламаціна лічыць, што паступіць жанчынам у “сілавыя” ВНУ значна складаней, чым мужчынам. Яна кажа пра дыскрымінацыю. Напрыклад, той жа МУС сам вырашае, праводзіць сёлета набор дзяўчат ці не.

Тым часам, нямецкія жанчыны, насуперак планам і лічбам палітыкаў, пачалі стамляцца ад вайсковай службы. Усе опцыі па службе ў Бундэсверы былі адкрытыя для іх у 2001-м годзе. А цяпер атрымалася, што толькі 57,3% жанчын-вайскоўцаў абралі б сваю прафесію яшчэ раз, хаця ў 2005 годзе гэты паказчык быў на 9% вышэйшы.

Фота: dzr.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі