Ці караецца продаж ландышаў па законе?

Баба Ліда ў пераходзе ля ГУМа прадае ландышы, 25 000 рублёў за букецік. Нехта кветкі набывае, а нехта пагражае бабулі штрафам. Маўляў, ландыш у Чырвонай кнізе!

“Гэта ландыш дзікі быццам бы ў Чырвонай кнізе, але такія ў нас не сустракаюцца, — па-простаму вучыць мяне баба Ліда. — А гэты, — паказвае на букецік ландышаў, —звычайнае пустазелле. Але нешта не вельмі добра бяруць, мала”.

Ландышаў бабуля нарвала ў лесе, каб зарабіць да пенсіі, а пенсія ў яе меней за 2,3 мільёна. Сто букецікаў ландышаў — пенсія! Штрафу баба Ліда ўсё ж баіцца: за гандаль у незаконным месцы — 540 000 рублёў, а гэта ўсе яе букецікі, і яшчэ застанецца віннай.

Таму Ліда сочыць за пераходам і калі бачыць падазронага чалавека, уцякае. Яшчэ паўтыдня — і з ландышамі будуць стаяць у пераходах усе бабулькі Мінска. Прэтэнзій да іх, акрамя гандлю ў незаконным месцы, няма — бо ландыш майскі сапраўды не занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, кажуць Еўрарадыё ў Мінпрыроды. Але масавае вынішчэнне ландышаў у лясах супрацоўнікі аховы прыроды не падтрымліваюць.

“Ну і што, што не ў Чырвонай кнізе, але масава навошта выдзіраць? Гэтак нашчадкам, тым жа ўнукам бабулькі, што прадае ландышы, не застанецца нічога!”

Па словах старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Аркадзя Скуратовіча, блытаніна з ландышам узнікла ад таго, што яго сапраўды ўносілі ў Чырвоную кнігу, як і яшчэ каля 80 прыгожаквітнеючых раслін, і было гэта больш за трыццаць гадоў таму! 

“Але потым паглядзелі, што ландышы жывуць і самі па сабе і добра, і выключылі з гэтага спіса. Да гэтых жа раслін адносіцца пралеска, горац, званочак”, — кажа акадэмік.

Аркадзь Скуратовіч падкрэслівае, што рваць проста так кветкі, асабліва вясеннія, не мае сэнсу — усё роўна доўга яны не пастаяць у вадзе. Ды і проста шкада расліны.

“За маю навуковую дзейнасць я стаў відавочцам таго, як пяць гектараў чарамшы ў розных месцах Беларусі проста па лісточку знішчылі людзі. Як козы, прайшліся — і пяць гектараў няма. Таму няхай лепей не рвуць”.

У Міністэрстве аховы прыроды заклікаюць не купляць першацветы ў бабулек, якія гандлююць чарамшой, прастрэлам, лілеямі, гарлачыкамі, бо яны абараняюцца па законе. Знішчэнне гэтых раслін кваліфікуецца як “незаконная здабыча з дзікага асяроддзя” і караецца штрафам ад 20 да 50 базавых велічынь. А вось некаторыя віды раслін не занесеныя ў Чырвоную кнігу, хоць памылкова шмат хто лічыць, што яны пад абаронай. Да прыкладу, званочак ці пралеску рваць можна. Хоць і не варта гэтага рабіць. Лепей любавацца ў жывым асяроддзі.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі