Ці рэпетыруюць Беларусь і Расія напад на Польшчу?

“У верасні на вучэннях "Захад-2013" Расія і Беларусь будуць сумесна разыгрываць сцэнар вайны з Польшчай і NATO”, сцвярджае польская газета "Rzeczpospolita".


Ці сапраўды гэта прадугледжвае легенда вучэнняў, цікавіцца Еўрарадыё ў кіраўніка прэс-службы Мінабароны Беларусі Уладзіміра Макарава.



Уладзімір Макараў: “Глупства! Заўсёды казалі і заяўлялі, што ніводную з дзяржаў наша краіна не разглядае ў якасці патэнцыйнага праціўніка. Гэта — закон. І калі нехта паспрабуе змяніць нешта, то гэта будзе парушэннем закона адпаведнага”.
 

Размова ідзе пра Ваенную дактрыну Беларусі.


Са старонак вайсковых СМІ начальнік беларускага Генштаба Пётр Ціханоўскі супакойвае: маўляў, задума вучэнняў мае выключна абарончы характар. Але…


“У задуме вучэнняў выкарыстаны адзін з магчымых варыянтаў узнікнення крызіснай сітуацыі і нарастання канфлікту, асноўны змест якога — у абвастрэнні адносінаў паміж дзяржавамі на глебе міжнацыянальных, этнарэлігійных супярэчнасцяў і тэрытарыяльных прэтэнзій. Пры гэтым варожыя дзяржавы ўмоўна размешчаныя ў рамках рэальных межаў Рэспублікі Беларусь і трох заходніх і паўночна-заходніх абласцей Расійскай Федэрацыі”,прызнаецца Пётр Ціханоўскі.



Як даведалася Еўрарадыё, вучэнні "Захад-2013" пройдуць у Беларусі 20-26 верасня.


У студзені былы міністр абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў заяўляе, што гэта — сведчанне “падрыхтоўкі Беларуссю і Расіяй нападу на Польшчу і адпрацоўка плана захопу Варшавы”. Следам кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі нагадвае, што папярэднія беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2009” таксама былі правакацыйныя ў адносінах да Польшчы. Узгадвае тыя вучэнні і міністр абароны Літвы Юозас Алекас: “Некаторыя элементы ваенных гульняў, што плануюцца побач з Літвой, у Беларусі і Расіі, накіраваныя супраць суседзяў”.



Чым так напалохалі суседзяў вучэнні “Захад-2009”?



“Нібыта, паводле легенды, у 2009 годзе планавалася нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве і быў выбух эмоцыяў! Тады мяне спыталі: “Ці плануецца нанясенне ядзернага ўдару па Варшаве?” — мой адказ: “Не плануецца!” Усе інфармацыйныя агенцтвы ўсяго свету ўзялі!” — узрушана прыгадвае Уладзімір Макараў.



У 2009 годзе беларускія і расійскія вайскоўцы ядзерную атаку на Варшаву не рэпетыравалі. Як і атаку “сухапутных сіл саюзнікаў на тэрыторыю балтыйскіх краін”, чаго асцерагаліся ў Мінабароны Літвы. Нават афіцыйны прадстаўнік NATO Джэймс Апатурай прызнаў, што вучэнні “Захад-2009” не ўяўлялі небяспекі для краін-сяброў альянсу. Хоць і тады вайскоўцы адпрацоўвалі сцэнар нападу на Беларусь умоўнага праціўніка, у адбіванні атак якога прымае ўдзел Расія.



Занепакоенасць вучэннямі "Захад-2013" незалежны ваенны эксперт Аляксандр Алесін тлумачыць спробай польскіх вайскоўцаў пазбегнуць скарачэння ваенных выдаткаў на амаль 1 мільярд долараў. Паводле слоў эксперта, у вайскоўцаў Саюзнай дзяржавы няма чым напалохаць тую ж Польшчу.



Аляксандр Алесін: “Танкавы парк нашай арміі знаходзіцца на ўзроўні сярэдзіны 80-х гадоў мінулага стагоддзя. А тыя праграмы іх мадэрнізацыі, якія праводзяцца, адстаюць не толькі колькасна, але і якасна. Ударная магутнасць беларускай авіяцыі рэзка скарацілася ў выніку выхаду са строю франтавых бамбандзіроўшчыкаў Су-24. Плюс — вывад з эксплуатацыі знішчальнікаў-бамбандзіроўшчыкаў Су-27”.



Прыблізна такая ж сітуацыя, сцвярджае эксперт, і ў Заходняй ваеннай акрузе Расіі — некамплект як шмат якога ўзбраення, так і вайскоўцаў у шмат якіх падраздзяленнях.



Аляксандр Алесін: “Ударнага кулака”, які мог бы тэарэтычна напасці на Польшчу, у прыродзе проста не існуе. Для гэтага трэба, каб у Польшчы быў нуль узброеных сіл і ніякага садзейнічання NATO”.

Фота: topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі