Ці ёсць шанцы ў "бізнэсоўцаў, юрыстаў і сацыёлагаў" Кірыла Рудага?
Прамову на Кастрычніцкім эканамічным форуме "Чаму нам не патрэбныя эканамісты" эканаміст (і дыпламат) Кірыл Руды цалкам прачытаў з паперы. Але слухачы ўсё роўна сустрэлі яе апладысментамі.
Што сказаў Кірыл Руды
Правакацыйнай прамовы ад Рудага чакалі пасля мінулагодняга форума, дзе ён, яшчэ ў якасці памочніка Аляксандра Лукашэнкі па эканоміцы, выступіў з дакладам: "Чаму рэформы не атрымаюцца (у Беларусі ў 2016 годзе)". Тады ліберальна настроены эканаміст "ад процілеглага" даказваў, што Беларусі патрэбныя пераўтварэнні, чым хутчэй, тым лепш.
Руды меў рацыю: у 2016 годзе рэформы сапраўды не атрымаліся.
Сёлета ён даводзіў, што эканамісты не патрэбныя ні дзяржаве (бо маўчаць пра праблемы і займаюцца не сваёй справай, спрабуючы "адгадаць, што будзе запатрабавана" на рынку), ні эканоміцы (бо ніяк не ўплываюць на яе рост), ні бізнэсу (бо не маюць рэальных паўнамоцтваў), ні самім сабе (бо ўжо прапанавалі ўсё, што маглі прапанаваць, але рэалізацыі гэтых ідэяў няма). Замест эканамістаў нам патрэбныя бізнэсоўцы (бо іх асабістая ініцыятыва дае ім магчымасць працаваць творча), юрысты (каб абараняць бізнэс "ад сілавога ціску дзяржавы") і сацыёлагі (каб раскадаваць грамадства ад культурных бар'ераў, якія тармозяць эканоміку).
За што крытыкуюць прамову Рудага
Неўзабаве прамова Рудага з'явілася ў інтэрнэце. Тэкст назбіраў шмат рэпостаў ад захопленых чытачоў, якія называлі дыпламата не інакш, як "променем святла", а пра яго выступ шкадавалі, што ён "застанецца незаўважаным".
Што праўда, знайшліся ў колішняга памочніка Аляксандра Лукашэнкі і крытыкі. Аналітык даследчага цэнтра EAST Андрэй Елісееў заўважае, што ў 2013-2016 гадах Руды працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, а значыць, і сам у адказе за стан, у якім зараз знаходзіцца беларуская эканоміка.
"Цяпер чалавеку сістэмы дастаткова сказаць некаторыя правільныя і, па сутнасці, банальныя рэчы, як ён адразу вылучаецца на агульным фоне. Нават калі гэтыя рэчы сказаныя на 5 гадоў пазней, чым трэба было б. Бо ўсе астатнія людзі сістэмы, якія маюць доступ да мікрафона, ці адмоўчваюцца, ці падтрымліваюць любую ідыёцкую ініцыятыву зверху", — лічыць Андрэй Елісееў.
"Чалавек, які зусім нядаўна адказваў за распрацоўку ўсёй эканамічнай палітыкі, кажа, што краіне патрэбныя юрысты, каб абараніцца ад дзяржавы! Гэта можа азначаць дзве рэчы. Першае: высокія чыны прыўладных "лібералаў" не даюць ім ніякай рэальнай сілы ў ажыццяўленні сваіх задумаў. Гэта пацвярджаецца тэзісам "эканамісты не патрэбныя дзяржаве". Другое: не факт, што ў прынцыпе існуе сіла, здольная ажыццявіць такія пераўтварэнні", — гаворыць блогер Сяргей Лаўрыненка.
Чаму дзяржаве не патрэбныя бізнэсмены
У сузаснавальніка групы кампаній "Сармат" Аляксандра Кныровіча тэзіс Кірыла Рудага выклікае сімпатыю: "Па вялікім рахунку, гэта праўда: больш бізнэсоўцаў, больш актыўнасці, больш працоўных месцаў... Прыватны бізнэс, натуральна, нашмат лягчэй і хутчэй прымае рашэнні, чым дзяржаўны. Бо дзяржаўны бізнэс — гэта і не бізнэс па вялікім рахунку. Гэта машынка па размеркаванні рэсурсаў".
Бізнэсовец лічыць, што ў Беларусі ў прынцыпе дрэнна ставяцца да дзелавых людзей.
"Грамадства сфарміравала ўпэўненасць у тым, што бізнэсовец — гэта нейкі перакупшчык і зладзюга, якога проста пакуль не злавілі. А ўлады сёння ставяць прыватны бізнэс у "жэстачайшыя" ўмовы. Проста зараз адбываецца нейкі ідэальны шторм. Ва ўсіх сферах рынка, акрамя IT і нейкіх вузкіх рэчаў, адбылося падзенне попыту. Разам з тым упала маржа: груба кажучы, кожны канкрэтны гамбургер пачаў прыносіць значна менш прыбытку, чым раней. Па-трэцяе, упаў кошт усіх залогаў. Стаяў дом коштам у мільён, а сёння ён каштуе 500 тысяч. Гэта вельмі засмучае банкі. А з боку ўладаў ніхто і не збіраецца дапамагаць бізнэсу! Калі мы прыгадаем сусветны крызіс 2008 года — і ў Беларусі, і ў Амерыцы дзяржава ратавала буйны бізнэс, дапамагала ва ўзаемаадносінах з тымі ж банкамі.
Нарэшце, у нас сёння на дзяржаўным узроўні знішчаны панятак абмежаванай адказнасці. Заснавальнік мае поўную адказнасць па пазыках прадпрыемства, нават калі ў яго ТАА. У нармальнай практыцы ты ўклаў у прадпрыемства $100 — ты імі і рызыкуеш. А ў нас ты ўклаў $100 — і рызыкуеш усім: кватэрай, машынай, цешчыным тэлевізарам... Прычым з гледзішча заканадаўства правілы гульні не змяняліся. Проста практыка прымянення права змянілася за апошнія два гады. Беларусь з боку ўладаў да бізнэсу бязлітасная".
Чаму дзяржаве не патрэбныя юрысты
Пра тое, наколькі беларускай эканоміцы патрэбныя юрысты, кажа статыстыка, якую агучыў у прамове сам Кірыл Руды. "У нас колькасць адміністрацыйных спраў па эканамічных артыкулах за 2015 год вырасла з 9 да 13 тысяч, а спагнанні накладаюцца па 9 з 10 спраў, што трапілі ў суд, — распавядае эканаміст. — Можна спрабаваць абскардзіць сілавыя дзеянні. Але такіх спробаў кожны год усё менш, і задавальняюцца адзінкі. Напрыклад, у 2015 годзе з 112 абскарджанняў рашэнняў мытні задаволеныя толькі 6, з 78 пазоваў супраць падатковай — таксама толькі 6. Таму, каб эканоміка аднавілася, яна павінна абараняцца". Але абараняцца з дапамогай юрыстаў атрымліваецца дрэнна.
Старшы партнёр юрыдычнай фірмы "Aleinikov & Partners", адвакат Дзяніс Алейнікаў гатовы пагадзіцца з гэтай статыстыкай "паспяховасці" юрыстаў у спрэчках з дзяржаўнымі органамі.
"Сёння і псіхалогія бізнэсу, і псіхалогія юрыстаў такая, што кожнай маленькай перамозе па адміністрацыйнай справе ўсе радуюцца, як вялікаму святу. У спрэчцы з дзяржорганам, у адміністрацыйным працэсе ты супрацьстаіш сістэме. І ў прадпрымальніка ад пачатку ёсць адчуванне, што гэта няраўная спрэчка, — распавядае Еўрарадыё Дзяніс Алейнікаў. — Але адвакат у любым выпадку будзе рабіць сваю справу чотка і не вібруючы. У пэўных сітуацыях можна калі не дабіцца спынення вытворчасці па справе, дык хаця б пазбегнуць канфіскацыі".
Па словах юрыста, ацэнка, якую дае правапарушэнню суддзя, вельмі часта залежыць ад агульнага трэнда. "Суддзя — чалавек, якому дзяржавай даверана разглядаць справы па законе і праз прызму ўласнай прававой свядомасці. А яна, калі гаворка ідзе пра адчуванне пэўнага трэнда, можа быць калектыўнай, — працягвае адвакат. — Важна, каб дзяржава памятала, што ёсць бюракратычныя працэдуры і на мяжы, і ўнутры краіны, якія прадпрымальнік можа парушыць выпадкова. І калі гаворка не ідзе пра наўмысную спекуляцыю нормамі права з мэтай атрымаць неабгрунтаваную маёмасную выгаду, дык органу, што вядзе адміністрацыйны працэс, мэтазгодна з разуменнем ставіцца да такога парушэння і разглядаць яго, перш за ўсё, праз прызму малазначнасці. Канфіскацыя мусіць ужывацца толькі ў выключных выпадках. Бо канфіскацыя — гэта захад, аднаразовае ўжыванне якога здольнае разбурыць малы і сярэдні бізнэс".
Чаму дзяржаве не патрэбныя сацыёлагі
Пра стаўленне дзяржавы да сацыёлагаў кажа хаця б тое, што з 2005 года ў эміграцыі ў Літве знаходзіцца НІСЭПД — першая незалежная сацыялагічная арганізацыя ў Беларусі. Нават адтуль інстытут, створаны прафесарам Алегам Манаевым, умудраецца даводзіць нязручныя рэчы пра стан беларускага грамадства. А афіцыйныя сацыёлагі, якія праводзяць апытанкі на вуліцах Беларусі, вельмі нагадваюць лаяльных эканамістаў, пра якіх кажа Кірыл Руды.