Ці зможа Беларусь атрымаць што-небудзь ад расійскіх санкцый супраць Турцыі?

Ці зможа Беларусь атрымаць што-небудзь ад расійскіх санкцый супраць Турцыі?

30 лістапада ўрад Расіі забараніў пастаўкі шэрагу турэцкай прадукцыі: мяса буйной рагатай жывёлы і птушкі, малака і малочнай прадукцыі, рыбы (у тым ліку морапрадукты), арэхаў, садавіны, гародніны, ягад і зеляніны.

Ці адаб’юцца расійскія санкцыі супраць Турцыі на Беларусі

Паводле Белстата, Беларусь за мінулы год імпартавала прадуктаў з Турцыі на 463,2 млн долараў (гэта 1,14% ад агульнага імпарту). Больш за ўсё мы набывалі ў гэтай паўднёвай краіне садавіну і гародніну.

Прадстаўнік аднаго з нашых прадпрыемстваў, якое займаецца імпартам турэцкай садавіны і гародніны кажа, што не чакае якіх-кольвек дрэнных наступстваў.

“Пасля гэтага, напэўна, больш павязуць у Беларусь. Можа, панізіцца кошт на прадукцыю. Напэўна, толькі такія змены нас чакаюць”, — кажа спецыяліст.

А вось прадстаўніца іншай гандлёвай кампаніі, якая займаецца пастаўкамі, садавіны наадварот мяркуе, што будучае паніжэнне коштаў на турэцкія прадукты не відавочнае:

“Калі Расія адмовілася ад еўрапейскага тавару, у Іспаніі кошты пайшлі ўгору. Тады было шмат пытанняў. Тады збіраліся нават у Міністэрстве гандлю і задавалі пытанні, маўляў, чаму растуць цэны? Яны ж мусяць стаць капеечнымі”.

Супрацоўніца кажа, што ніхто з еўрапейскіх пастаўшчыкоў тады “не зліваў” тавар па нізкіх коштах, яны наадварот раслі.

“Таму, як цяпер будзе сітуацыя, складана прадказаць. Бо тады ўсе прагназавалі, што мы будзем за капейкі купляць мандарыны, хурму, таматы, але яны не ўпалі”, — кажа спецыялістка.

Эканаміста Георгій Грыц мяркуе, што беларускага спажыўца не закрануць гэтыя санкцыі. І мы толькі выйграем ад таго, што турэцкая гародніна не патрапіць на расійскія сталы.

“Аб’ектыўна, цана турэцкага тавару мусіць упасці. Аб’ектыўна, канцавы спажывец у Беларусі выйграе”.

Эканаміст і вядучы аналітык кампаніі “Альпары” ў Беларусі Вадзім Іосуб кажа, што Расія для Турцыі была вялікім рынкам, і спыненне паставак можа прывесці да накаплення лішкаў гэтай прадукцыі на ўнутраным рынку краіны.

“Тэарэтычна, гэта можа прывесці да таго, што прадукцыя гэтая патаннее, у тым ліку, і пры пастаўках прадукцыі ў Беларусь”, — мяркуе эканаміст.

Фота: gp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі