ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча

ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча

Інцыятыўнай групе па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты былога палітвязня Міколы Статкевіча адмоўлена ў рэгістрацыі. Пра гэта БелаПАН паведаміў сам палітык, які з’яўляецца кіраўніком незарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Па словах Статкевіча, яго планы былі распісаныя загадзя. У выпадку рэгістрацыі яго група займалася б падрыхтоўкай легальных акцыяў пратэсту. У выпадку нерэгістрацыі паплечнікі Статкевіча будуць звяртацца да іншых прадстаўнікоў апазіцыі з прапановай адмовіцца ад удзелу ў выбарах, а таксама займацца падрыхтоўкай пратэстных акцыяў.

Мікола Статкевіч падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы 5 ліпеня па 105-й Старавіленскай выбарчай акрузе Мінска. 7 ліпеня сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік заявіў, што заяўку на рэгістрацыю могуць задаволіць толькі пры ўмове зняцця з палітыка судзімасці, бо іначай паводле заканадаўства ён не можа балатавацца ў дэпутаты.

Палітык быў асуджаны за падзеі 19 снежня 2010 года і правёў у турме амаль пяць гадоў. Статкевіч выйшаў на волю ў жніўні 2015 года, аднак судзімасць з яго не можа быць знятай цягам васьмі год пасля вызвалення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі