Цяпер ужо дакладна: беларускія бальніцы атрымаюць дапамогу ад ЕС — да 1 млн еўра
Транспартаванне пацыента з каранавірусам у Беларусі / БЕЛТА
Бальніцы ў Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцях, а таксама адно ўпраўленне адукацыі атрымаюць ад праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча — Беларусь — Украіна" дапамогу для барацьбы з COVID-19. Агульны бюджэт на тры краіны — 2,9 млн еўра. Беларускія ўдзельнікі праекта могуць прэтэндаваць на фінансаванне ў межах траціны ад гэтай сумы.
"Грошы, якія былі сэканомленыя ў ходзе рэалізацыі праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча — Беларусь — Украіна" — 2,9 млн еўра, — было вырашана пераразмеркаваць у якасці дадатковых сродкаў да медыцынскіх праектаў, якія ўжо рэалізуюцца ў рамках праграмы", — растлумачыла Еўрарадыё выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС у Рэспубліцы Беларусь Дзіна Ганчарова.
Дадатковыя 3 млн еўра павінны павысіць эфектыўнасць працы медыцынскага персаналу, дазволяць набыць новае абсталяванне, правесці новыя тэсты на каранавірус, а таксама дадуць магчымасць супрацоўнічаць праз межы дыстанцыйна.
Цяпер бальніцы ўзгадняюць, што ім неабходна і што яны хацелі б закупіць ва ўмовах пандэміі COVID-19.
“Рыхтуюцца дадатковыя кантракты да тых грантавых кантрактаў, якія ўжо заключаны. Пасля праходжання ўсіх працэдур, у тым ліку і беларускіх, будзе магчымая закупка заяўленага дадатковага абсталявання і сродкаў аховы, — працягвае Дзіна Ганчарова. — Найбольш папулярныя пазіцыі ў спісах: закрытыя дыхальныя сістэмы, цеплавізары, абсталяванне і ўпаковачныя матэрыялы для стэрылізацыі, апараты ШВЛ, дэфібрылятары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі і сродкі для індывідуальнай аховы".
Некаторыя ўстановы заяўлялі спецыфічнае абсталяванне, напрыклад матрацы супраць пролежняў для ляжачых хворых.
На сайце польскай газеты "Выборча" з'явілася нататка пра тое, што бальніцы ў Беластоку і Сувалках атрымаюць 2,5 мільёна злотых (каля 550 тысяч еўра). Дзіна Ганчарова кажа, што пакуль ні адно дадатковае пагадненне з вядучымі бенефіцыярамі праграмы не падпісана і не прайшло ўзгадненне. Аднак магчыма, што польскія медустановы могуць закупіць заяўленае абсталяванне ўжо цяпер — за кошт бюджэтных сродкаў, грошай з мясцовых фондаў або іншых грантаў. Пазней выдаткаваныя сродкі будуць вернутыя з бюджэту праграмы.
"Так яны могуць сэканоміць час і хутчэй адрэагаваць на сітуацыю, — дадае Дзіна Ганчарова. — У праграме ёсць тры краіны і амаль тры мільёны еўра. Вядома, максімальны парог, які можам атрымаць, — не больш за мільён. На якую суму мы выйдзем канчаткова, пакуль гаварыць рана".
Ад Беларусі фінансавую дапамогу на закупку СІА і медыцынскага абсталявання атрымаюць сем медыцынскіх устаноў і адно ўпраўленне адукацыі:
— Брэсцкая абласная клінічная бальніца;
— Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці;
— Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца;
— Гродзенская ўніверсітэцкая паліклініка;
— Мінская абласная клінічная бальніца;
— Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі г. Гродна;
— Брэсцкая абласная дзіцячая бальніца;
— упраўленне адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста.
Гэта не першая дапамога ад гэтай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Раней медыцынскія ўстановы трох краін ужо атрымалі амаль 24 мільёны еўра са сродкаў ЕС для падтрымкі бальніц, службаў хуткай дапамогі і іншых устаноў, размешчаных на прыгранічнай тэрыторыі. Іх патрацілі на паляпшэнні ў сферах эпідэміялагічнай бяспекі, аховы здароўя маці і дзіцяці, барацьбу з анкалагічнымі захворваннямі, інтэнсіўную тэрапію і іншыя патрэбы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.