"Дата генератар": 26 кастрычніка ў гісторыі Беларусі — нарадзіўся Анатоль Сыс

"Дата генератар": 26 кастрычніка ў гісторыі Беларусі — нарадзіўся Анатоль Сыс

Сёння 26 кастрычніка. Роўна 60 гадоў таму нарадзіўся Анатоль Сыс, таленавіты беларускі паэт. А памёр 5 траўня 2005-га, не дажыўшы шасці месяцаў да 47 гадоў. 

Мала ён жыў, але паспеў напісаць шмат выдатных вершаў, якія склалі зборнікі “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989), “Сыс” (2002), “Лён” (2006). Пасля таго як выйшаў з друку “Агмень”, Сыс адразу зрабіўся знакамітым. Але найбольш вядомы яго зборнік “Пан Лес”, дзе моцна адбіліся язычніцкія вобразы і матывы.

Я стаўлю Анатоля Сыса побач з такімі зоркамі класічнай беларускай паэзіі, як Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Наталля Арсеннева, Канстанцыя Буйло... 

Улюбёнымі вобразамі Анатоля Сыса былі Лес і Агмень. Слова “агмень” ён знайшоў у “Падручным расейска-крыўскім (беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага. Гэта тое ж самае, што і вогнішча [у сучаснай мове значэнне слова “агмень” не зусім супадае са значэннем “вогнішча“. — Еўрарадыё]. Сыс лічыў, што адзін з абавязкаў паэта — вяртанне слоў і сімвалічных вобразаў, страчаных народам, таму вырашыў назваць свой першы зборнік менавіта гэтак. На яго думку, Агмень і Лес — метафарычныя вобразы Радзімы. Сапраўды, што ўяўляла сабою наша краіна ў старажытнасці? Гэта быў адзін суцэльны вялізарны лес, замест дарог — сцежкі ды рэчкі. І дзе-нідзе вогнішчы (агмені) маленькіх паселішчаў!

Вялікія паэты часцей за ўсё жывуць мала. Таму што яны “прафесійныя пакутнікі”. Падзеі не толькі асабістага, але і грамадскага жыцця праходзяць праз іх душы і прымушаюць пакутаваць, а пакуты руйнуюць цела. Добры прыклад — верш Анатоля Сыса “Курапаты”:

Адпусціце мяне, Курапаты
Нават з куляю ў галаве,
Да дзяцей, да жаны, да хаты,
Як там бацькаўшчына жыве?

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
Нават камень не ўлежыць ніц.
Я вярнуся, ўжо такі лёс мой —
Плакаць жвірам з пустых вачніц.

Адпусціце мяне да хаты.
Як жа так — прапусціць сяўбу?
Я ж да смертухны быў аратым,
Я ж прашуся не на гульбу.

А ў залог вам пакіну кулю,
І дадому — у Журавы!
Зайду ў двор, абдыму матулю,
Пацалую, нібы жівы.

Якія пранізлівыя словы! На мой погляд, гэты верш лепш кажа пра вар’яцтва тэрору 30-х гадоў, чым усе артыкулы журналістаў ды гісторыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі