Эксперт: Кожны дзясяты прызыўнік мог бы абраць альтэрнатыўную службу
Чаму альтэрнатыўную службу ўводзяць дзевяць гадоў? Еўрарадыё разважае з каардынатарам кампаніі "За альтэрнатыўную службу" Міхаілам Пашкевічам.
Еўрарадыё: Ці існуе цяпер хоць нейкі праект закона аб альтэрнатыўнай службе?
Міхаіл Пашкевіч: Праз Урад і праз парламент праходзіла некалькі праектаў. Першы быў распрацаваны яшчэ Уладзімірам Навасядам у свой час. Але яго “забаніла” мінабароны праз сваіх лабістаў у Палаце прадстаўнікоў. Другі праект, пра які цяпер ідзе гаворка, распрацаваны цэнтрам заканадаўства пры прэзідэнце. Ён будзе перададзены на абмеркаванне толькі ў ліпені. Я яго бачыў, чытаў, але пра яго няёмка цяпер казаць, бо на ім фактычна стаіць штамп “для службовага карыстання”. Гэта значыць, што ён не для грамадскага абмеркавання, а выключна як працоўная паперка, якая “гуляе” па міністэрствах і ведамствах.
Еўрарадыё: А ў 2004 годзе, чаму гэты закон не прынялі, чым ён быў шкодны?
Міхаіл Пашкевіч: Прадстаўнікоў мінабароны не трэба было браць у працоўную групу! Кожны раз, калі ў групу трапляюць прадстаўнікі мінабароны мы атрымліваем сітуацыю: пчолы супраць мёду. Вайсковыя людзі не хочуць пазбаўляцца сваіх патэнцыйных салдат. Гэтыя людзі абралі іншыя прыярытэты ў жыцці, яны служаць дзяржаве па-іншаму. Сёння мы і так маем крытычную сітуацыю, калі даручэнне прэзідэнта тры гады выконвалася. У лютым 2010-га Лукашэнка даручае Мальцаву распрацаваць гэты праект. І што мы чуем? Мальцаў адказвае, што мы і так маем альтэрнатыўную службу. Ён назваў альтэрнатыўнай службай службу ў рэзерве.
Але ўжо нават у гэтым інтэрв’ю, чалавек, які ўзначальвае важную ўстанову — Савет бяспекі, якому даручылі курыраваць распрацоўку гэтага закона, не ведае, што ён будзе распрацоўваць. Я рад, што ў свой час распрацоўку перадалі ў мінпрацы. Але ў чытанні могуць зарубіць самыя моцныя пункты гэтага закона, якія робяць яго дзейсным. Я непакоюся, што гэта будзе піяр-крок, як з плакатамі “размаўляй па-беларуску”. Каб запусціць пыл у вочы грамадству і пасля сказаць Еўропе, глядзіце, вось у нас плакаты, вось мы самі прынялі альтэрнатыўную службу. Мы маем палітычную волю, калі вы на нас не цісніце.
“Тое, што хочуць увесці ў Беларусі — гэта павышэнне прэстыжу тэрміновай службы за кошт альтэрнатыўнай”
Еўрарадыё: Для гэтага закона за ўзор бралі нямецкі, так?
Міхаіл Пашкевіч: На вялікі жаль, той законапраект не з нямецкага спісаны. Калі б ён быў з нямецкага спісаны, гэта быў бы найлепшы варыянт. У Германіі да апошняга часу, пакуль там не адмянілі тэрміновую службу, адсутнічала ўсялякая дыскрымінацыя людзей, які хочуць служыць альтэрнатыўна. Там сыходзілі з таго, што нельга павялічваць тэрмін службы, з-за таго, што чалавек не ўзяў у рукі зброю. Добра, ты ідзеш у шпіталь, служы год, як і той жа чалавек, які пайшоў у войска, атрымлівае заробак, мае тыя ж правы. Тое, што хочуць увесці ў Беларусі, — горш, гэта расійскі варыянт. Гэта павышэнне прэстыжу вайсковай службы, за кошт таго, што альтэрнатыўшчык мусіць служыць даўжэй, у горшых умовах і плаціць за свае перакананні. Фактычна, гэта плата за тое, што ў цябе ёсць перакананні. Нават у Расіі мы бачым, як працаваў гэты закон. Па законе, чалавек не мусіць дакументальна пацвярджаць свае перакананні, калі абірае альтэрнатыўную службу. Але па факце, усё залежыць ад канкрэтнага ваенкома, які, часам, не хоча псаваць статыстыку перад мінабароны.
Еўрарадыё: А можа, былі спробы выцягнуць гэты праект на абмеркаванне? Бо праект усё ж робіцца для грамадзян, якія хочуць абраць такі варыянт службы?
Міхаіл Пашкевіч: Менавіта гэтым цяпер будзе займацца кампанія “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі”. Зрэшты, гэта праблема не толькі гэтага закона. У нас амаль усе законы дзяржава дае для абмеркавання, калі яны ўжо праходзяць зацвярджэнне ў Палаце прадстаўнікоў. Цяпер усё залежыць ад грамадскасці: наколькі яна будзе патрабаваць агучвання нейкіх фактаў, асноўных палажэнняў гэтага закона. Прынамсі, кампанія “За АГС” стала паспяховай, бо з’явіліся хлопцы, якім была патрэбная гэтая служба. Пакуль не было Дзмітрыя Смыка з Гомеля, пакуль не было Івана Міхайлава, якія патрабавалі. Адзін з іх нават трапіў у турму, таму што адмовіўся ісці ў войска. Да гэтага часу дзяржава не хацела рухацца. Калі цяпер рэлігійныя аб’яднанні, царква, канфесіі выкажуць сваё актыўнае стаўленне і запатрабуюць удзелу ў гэтым — сітуацыя зменіцца. Пакуль няма грамадскага запыту, дзяржава будзе сябе паводзіць так, як яна прывыкла сябе паводзіць у падобных сітуацыях.
Еўрарадыё: Наколькі наспела неабходнасць альтэрнатыўнай службы, ці шмат людзей хацелі б абраць такі варыянт?
Міхаіл Пашкевіч: Наспела наогул адмена тэрміновай службы і пераход да кантрактнага войска. Альтэрнатыўная служба мусіла з’явіцца яшчэ ў 1994, пасля прыняцця Канстытуцыі. Чалавек не абавязаны аддаваць два гады ці год дзяржаве, бо нехта так калісьці вырашыў. Нават альтэрнатыўная служба ўжо неактуальная. А тое, што мы маем цяпер — перажытак савецкай ментальнасці. Бо Украіна і Грузія ўжо адмаўляюцца ад прызыву ў войска. Мінабароны звыкла кажа, што няма патрэбы ў альтэрнатыўнай службе. Але калі мы адкрылі гарачую лінію, да нас пачалі звяртацца людзі з пытаннямі: ці ёсць гэтая служба, як яе можна прайсці. Іншая справа, што калі няма закону, попыт мінімальны: 10-12 чалавек на год. Як толькі закон з’явіцца, упэўнены, што мы можам выйсці на швейцарскія стандарты: 10-12% ад усіх прызыўнікоў.
Еўрарадыё: А ў ідэале, як мусіць выглядаць альтэрнатыўная служба? Чалавек абавязкова мусіць тлумачыць нейкія свае перакананні?
Міхаіл Пашкевіч: Тут дзяржава сама стварае сабе штучныя граблі. Ёсць вялікі адсотак прызыўнікоў з маленькіх гарадоў, з вёсак, якія па сваёй ментальнасці хочуць у войска. Я бачыў такіх у ваенкаматах шмат, яны хацелі, прасіліся ў спецназ. Дайце ім нармальны кантракт, і яны будуць найлепшыя салдаты. Калі мы гаворым пра звычайнага гарадскога юнака, якога адлічылі пасля сесіі, я не лічу патрэбным, каб ён даводзіў нейкія свае перакананні. Цяпер няма прыгоннага права. Чалавек нікому нічога не вінен. У Канстытуцыі не прапісана, што чалавек мусіць нешта даводзіць, што альтэрнатыўная служба — гэта выключэнне. Я аднойчы падлічыў за адзін год, колькі адтэрміновак атрымалі выпускнікі юрфака, якія пайшлі служыць у ваенізаваныя ведамствы і суды. Іх значна больш, чым хлопцаў, якія прасілі альтэрнатыўную службу. Таму чалавек нічога не мусіць даводзіць. Па законе, мае права — ён напісаў сваю заяву на альтэрнатыўную службу, дайце яму належныя ўмовы, і ён іх выканае.
Еўрарадыё: А ці была спроба ў грамадскасці прапанаваць свой варыянт закона “Аб альтэрнатыўнай службе”?
Міхаіл Пашкевіч: Было нават больш. У 2010 годзе кампанія “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу” правяла вялікую канферэнцыю ў Мінску, прысвечаную міжнароднаму досведу аб альтэрнатыўнай службе. Нашы калегі са Швейцарыі, Германіі, Украіны, Малдовы, Расіі нават з азіяцкага рэгіёну і Каўказа зрабілі даследаванні, прааналізавалі свае заканадаўчыя базы аб альтэрнатыўнай службе. Гэтыя зборнікі прызначаліся для тых, хто пасля будзе прымаць гэты закон. Там усё было абагульнена. Ёсць кніга, якая перададзеная ва ўсе міністэрствы, ва ўсе ведамствы.
“Да лета пройдзе яшчэ адзін прызыў, і вялікая колькасць прызыўнікоў нават не даведаецца, што будзе закон “Аб альтэрнатыўнай службе””
Еўрарадыё: Ці патрэбная нам тэрміновая служба ў войску?
Міхаіл Пашкевіч: Маё меркаванне, што тэрміновая вайсковая служба не патрэбная, як абавязак. Але мы вырашылі ісці пакрокава. Тая ж Германія перайшла да кантракту толькі пасля таго, як прайшла працэс распаўсюджання і выкарыстання альтэрнатыўнай службы. Ментальнасць — найперш. Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў маці, якія маюць дзяцей 17-18 гадоў, больш цікавіліся альтэрнатыўнай службай, чым іх дзеці. І іх было шмат, калі я балатаваўся ў дэпутаты. Калі мы пытаемся, ці патрэбная альтэрнатыўная служба, зразумела, што гэта атавізм. Як беларускае войска: паўсюль найноўшыя тэхналогіі, а нашае войска набывае расійскую ракету дзесяцігадовай даўніны. Безумоўна, гэта прагрэс, калі параўноўваць з тым, што было ўчора. Але калі глядзець па факце і параўноўваць з тым, што наўкола — гэта рэгрэс.
Еўрарадыё: А ці ёсць надзея, што сёлета закон усё ж прымуць?
Міхаіл Пашкевіч: Што нас усцешыла, што ён уключаны ў афіцыйны план прыняцця законапраектаў. Гэта значыць, што ён абавязаны быць прынятым. Раней яго даручалі распрацаваць, але не ўносілі ў спіс для прыняцця на бягучы год. Натуральна, хацелася б, каб прэзідэнт ці прэм’ер асабістай воляй унеслі гэты праект. Бо да лета, а закон будуць разглядаць у кастрычніку, пройдзе яшчэ адзін прызыў, і вялікая колькасць прызыўнікоў нават не даведаецца, што будзе такі закон.
Могуць паскорыць парламентарыі, бо права заканадаўчай ініцыятывы ў іх не забіралі. Але гэты закон у чарговы раз сведчыць пра працу беларускага парламента. Яны не прыдумваюць і не распрацоўваюць законы самі. А прымаюць іх згодна з планам. Я буду ўсцешаны, калі той жа самы Самасейка раптам скажа, давайце прымем закон цяпер, каб людзі, якія трапляюць пад зімова-веснавы прызыў, пад яго трапілі. А так, зноў марнуецца год.
Падчас апошняй прэс-канферэнцыі кіраўніка краіны сакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў таксама выказаўся наконт службы ў войску:
Мальцаў: Гэта служба для тых, хто не можа доўга быць адарваны. Да прыкладу, прадпрымальнік: прызаві яго на паўтара года ці год, у яго справа загубіцца. Яны служаць па часе ўдвая больш, чым я назваў, але не па стане, а шляхам прызыву на зборы. Гэта ў асноўным людзі, больш 90 % такіх, з вышэйшай адукацыяй.
На кантрактную службу вайскоўцаў-сяржантаў могуць паступаць тыя, хто мае 6 месяцаў тэрміновай службы. Але я казаў, што гэта удасканальваецца. Літаральна на днях прынятае рашэнне, будуць змены ў законе, і на кантрактную службу вайскоўцы і сяржанты будуць прымацца адразу, то бок 6 месяцаў мы прыбіраем. Але будуць усталяваныя адпаведныя абмежаванні, колькі ён мусіць праслужыць.
І ў дачыненні: ці будзем мы цалкам пераходзіць на кантракт? — адказ: не. Таму што наша вайсковая дактрына кажа, што абараняць сябе мусіць народ. Народ можа выйграць вайну, а не войска. Войска можа перамагчы ў бітве. А каб народ здолеў сябе абараніць, ён мусіць быць у тым ліку падрыхтаваны ў вайсковым сэнсе. Асноўная форма падрыхтоўкі — гэта акурат тэрміновая служба і служба ў рэзерве..
Фота: svaboda.org