Федэрацыя валейбола: На чэмпіянат Еўропы Мінспорту не дало нават шкарпэтак

Сёлета жаночая і мужчынская валейбольныя зборныя выступаюць трыўмфальна. Абедзве каманды гуляюць у фінальных турнірах чэмпіянатаў Еўропы. Такое здарылася ўпершыню.

Аднак днямі ў “Прэсболе” быў надрукаваны нечаканы ліст ад імя нашых валейбалістак-зборніц.

“Зноў узнікла праблема з экіпіроўкай. Да першага матча чэмпіянату Еўропы застаюцца лічаныя дні, а ў нас няма нават гульнявой формы, не кажучы ўжо пра абяцаныя курткі і сумкі. Няма і красовак ― іх нам параілі чакаць пасля 20 верасня. Праўда, да тае пары чэмпіянат Еўропы ўжо завершыцца…”

У ананімным лісце хапае крытыкі ў бок кіраўніцтва каманды і Федэрацыі. Таксама напісана, што валейбалісткі гуляюць за галоўную каманду краіны (вы паваліцеся з крэсла) без зарплаты. І гэта пры такіх поспехах!

Аператыўна дазваніцца да жаночай зборнай у Германію, дзе 6 верасня стартуе чэмпіянат Еўропы, не атрымалася. Але ў Беларускай федэрацыі валейбола Еўрарадыё звязалі з начальніцай мужчынскай каманды Алай Цяцерынай, якая валодае многімі пытаннямі.

Еўрарадыё: Дзіўна, што дзяўчаты прабіліся на чэмпіянат Еўропы і не маюць красовак, каб гуляць…

Ала Цяцерына: Справа вось у чым. Прадукцыя павінна была быць імянной, фірмовай, за кошт італьянскай фірмы ASIKS. Бо сваіх грошай у нас амаль няма. Але італьянцы аб’явілі на ліпень-жнівень вакацыі. Прынялі нашу замову позна. Таму прадукцыя прыйдзе, але са спазненнем. А па мужчынскай камандзе, яна таксама хутка стартуе на чэмпіянаце Еўропы, усё будзе добра.

Еўрарадыё: Выходзіць, дзяўчаты паехалі хто ў чым…

Ала Цяцерына: Калі гулялі адборачныя матчы чэмпіянату свету, то ўсё атрымалі. Правялі ў той экіпіроўцы пару гульняў. А чаму дзяўчаты ў Мінску не атрымалі іншыя красоўкі, я не ведаю. Маглі ўзяць іх на базе. Нас папярэджвалі, што поўнай экіпіроўкі не будзе, але ўсё неабходнае маецца. У дадзенай сітуацыі праблема ўзнікла таму, што экіпіроўка затрымалася з-за размытнёўкі і іншых бюракратычных працэдур. І ад таго, што валейбалісткі вырашылі напісаць пра адсутнасць красовак, машына раней не прыйдзе.

Еўрарадыё: У тым лісце напісана, што праблема з экіпіроўкай узнікла не ўпершыню.

Ала Цяцерына: Міністэрства спорту не экіпіруе як належыць нацыянальныя валейбольныя каманды. Шкарпэтак нават не далі. Усю ношу ўзвалілі на Беларускую федэрацыю валейбола, якая не мае спонсараў. Таму мы ўвесь час у пазыках, шкада глядзець на нашага дырэктара Барыса Васільевіча (Батуру, па сумяшчальніцтве кіруе Мінаблвыканкамам,― Еўрарадыё). Ён, вядома, вырашае пытанні, дзякуй Богу. Але някепска было б мець два-тры генеральныя спонсары, якія б дапамагалі. А грошай трэба шмат: ўсе каманды патрапілі на чэмпіянат Еўропы і свету. Небывалы поспех. Дзіры латаюцца за кошт унёскаў, удалых трансфераў.

Еўрарадыё: Няўжо беларускія валейбалісты гуляюць за бясплатна? Пра гэта таксама апавядаецца ў лісце. Гэта неверагодна!

Ала Цяцерына: У Федэрацыі няма грошай, каб усё было годна. Згулялі нашы валейбалісты ўдала ― і на прэміі грошай няма. Паводле нашых законаў, прэмія можа быць, толькі калі ў фінале на чэмпіянаце Еўропы зоймеш месца на п’едыстале. Першае, другое, трэцяе. Але гэта неверагодны вынік. Якімі крытэрамі кіруецца Мінспорту, незразумела.

Еўрарадыё: Не можам уцяміць, як пры такіх умовах нашы прабіліся ў фінальныя стадыі чэмпіянатаў.

Ала Цяцерына: Усё здарылася насуперак логіцы і ўмовам. У нас няма нават валейбольных залаў. Хакейных каробак шмат, а залы ў Мінску належнай няма ніводнай. Каб праводзіць зборы валейбалістаў, мы едзем у Маладзечна. Залу там збудавалі добрую, але ёсць праблемы з пражываннем і харчаваннем.

Еўрарадыё: На валейбол у нас рэдка звяртаюць увагу. Хоць у той жа Польшчы гэты від спорту, відаць, на ўсіх тэлеканалах штодня. Хто гуляе ў той жа мужчынскай зборнай Беларусі, за якую вы адказваеце?

Ала Цяцерына: Напрыклад, Алег Ахрэм, які выступае ў Польшчы. Ён штогод атрымлівае званне найлепшага гульца іх чэмпіянату. Ён там зорка-прызорка, яго пазнаюць паўсюль. Наш Антановіч Сяргей гуляе ў Турцыі, яму зноў працягнулі кантракт. У зборнай шмат гульцоў з “Шахцёра-Салігорск”, які гуляе ў расійскай Суперлізе. А большасць нашых гульцоў усё ж з мінскага “Будаўніка”. Трэнер у нас Сідзельнікаў ― з Расіі. Ён зборную рыхтаваў чатыры гады, і ўсё ж яны выйшлі ў фінал чэмпіянату Еўропы. Упершыню ў гісторыі. А пасля будзе другі этап кваліфікацыі да чэмпіянату свету.

Еўрарадыё: Колькі зарабляюць у жаночай зборнай? Скажам, валейбалісткі, якія гуляюць у Беларусі.

Ала Цяцерына: Я не ведаю. Магчыма, тысячы па дзве долараў. Што тычыцца мужчын, то ў Беларусі ёсць гульцы, якія зарабляюць і 6 тысяч долараў. За мяжой ― яшчэ больш. Хоць і да нас прыязджаюць з Еўропы ў Беларусь зарабляць грошы.

Фота mogilevnews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі