Фрыдман: рэпрэсіі супраць беларусаў не дапамогуць ім зрынуць рэжым

Акцыя ў Мінску / Еўрарадыё 
Акцыя ў Мінску / Еўрарадыё 

Рэпрэсіі супраць беларусаў не дапамогуць ім зрынуць рэжым Лукашэнкі. Такую думку ў размове з Еўрарадыё выказаў палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман.  

“Рэжым, які пабудаваны на гвалце і пачуцці страху, зрынуць шляхам паўстання можна, вядома. Такія выпадкі таксама бывалі. Але гэта хутчэй было выпадкова. І ў розных аспектах сітуацыя была спрыяльная. Можна ўзгадаць тую ж Румынію 1989-га году: там сапраўды былі вельмі моцныя рэпрэсіі, але да гэтага яшчэ прыплюсавалася вельмі дрэннае эканамічнае становішча. Акрамя таго была схільнасць на змовы ў частцы румынскай эліты. Гэта быў комплекс фактараў”.

Фрыдман нагадвае, што нянавісць у грамадстве, дзе пануе гвалт, прысутнічае, але паколькі рэпрэсіўны апарат вельмі моцны, то гэтую нянавісць людзі паказваць не могуць.

“Яны ведаюць: калі я нейкім чынам пакажу, што я незадаволены, то мяне чакаюць рэпрэсіі. Калі мы прыгадаем 1953-ці год — смерць Сталіна, людзі выходзілі, каб паказаць сваю жалобу. Сярод іх былі людзі, якія рабілі гэта аўтэнтычна. Але былі людзі, якія выходзілі, бо яны ведалі, што смерць Сталіна для іх — асабістае свята, але яны мусяць паказваць жалобу, бо яны ведаюць, у якой сістэме яны жывуць”.

У Беларусі, па словах Фрыдмана, такая ж сітуацыя:

“Людзі, якія знаходзяцца ў краіне, у якіх катавалі родных ці іх саміх, то зразумела, што яны Лукашэнку не прабачылі. Але яны паступова прыстасаваліся да той рэчаіснасці, у якой яны існуюць, бо чалавек заўсёды хоча выжыць”.

Тэрмін “самарадыкалізацыя”, які пачаў выкарыстоўваць Лукашэнка і яго прапаганда, Фрыдман называе бязглуздым.

“Радыкалізацыя адбываецца на падставе чагосьці. І тое, што частка людзей прытрымліваецца больш радыкальных поглядаў, гэта звязанае з той палітычнай сістэмай, якая ўсталявалася. Калі людзям прапаноўваюць гвалт, то што вы можаце чакаць ад людзей у адказ? Адказ на гвалт — звычайна таксама гвалт. Лукашэнку здзіўляцца не трэба: радыкалізацыя грамадства ёсць, і яна напэўна будзе працягвацца. Але ў гэтым вінаватая перш за ўсё сама ўлада, якая зрабіла стаўку на рэпрэсіі”.           

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі