Гульцы БГК ацанілі свае шанцы на выхад у плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў

Развал “Дынама-Мінск” не прывёў да крызісу ў беларускім клубным гандболе. У нядзелю, сёмага верасня, брэсцкі “БГК імя Мяшкова” драматычна перамог славацкі “Татран” і выйшаў у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Наша каманда паказала характар, ды і хатняя пляцоўка дапамагла.

Зрэшты, для брэстаўчан гэтае дасягненне не ўнікальнае. З 2004 года цягам чатырох сезонаў яны гулялі ў ЛЧ і здабылі перамогі ўсяго ў трох матчах: са славенскім “Гарэнье”, з польскай “Віслай” і баснійскай “Боснай”.

Сёння ж БГК збоку выглядае яшчэ больш баяздольнай камандай. Трэніруе “мяшкоўцаў” харват Жэлька Бабіч, які ў якасці другога трэнера прывёў зборную Харватыі да бронзы Алімпіяды-2012. Сюды перайшлі лідары з “Дынама-Мінск”, моцныя легіянеры-балканцы.

“Свайго максімуму мы, паверце, не дасягнулі. Каманда, безумоўна, дадасць, — лічыць Аляксандр Кульбака, начальнік аддзела маркетынгу і прэс-службы “БГК імя Мяшкова”. — Выхад у групавую стадыю — гэта была запланаваная прыемная нечаканасць. На карту было пастаўлена вельмі многае, і ў групе нашы гандбалісты, паверце, не знікнуць. Нам па сілах заняць адно з чатырох месцаў, якое дазволіць выйсці ў раўнд плэй-оф.”

У БГК пануе эйфарыя. Але лігачэмпіёнская група стане для каманды важкім выпрабаваннем. Гуляць давядзецца з сусветнымі грандамі: “Кілем” (Германія) і ПСЖ (Францыя). А таксама з такімі моцнымі сапернікамі, як Лагронья (Іспанія), “Заграб” (Харватыя), “Металург” (Македонія).

“З “Металургам” мы не можам адзін без аднаго, увесь час перасякаемся, — жартуе гулец БГК Дзмітрый Нікуленкаў, разважаючы пра перспектывы ў лігачэмпіёнскай групе. — “Кіль” — гэта, напэўна, сусветная марка №1. ПСЖ вельмі моцна дадаў у гэтым сезоне, я прагледзеў шмат іх гульняў. Калі мы будзем аддаваць у кожнай гульні сваё сэрца, як гэта было ў процістаянні з “Татранам”, то ў нас усё атрымаецца. Але, як мне здаецца, пакуль у БГК адбываецца станаўленне каманды, мы павінныя прыцерціся адно да аднаго. У “Дынама” гэта цягнулася два-тры гады. Таму размаўляць сёння пра плэй-оф несвоечасова. Толькі тое, што мы прывезлі ў Брэст Лігу чэмпіёнаў, — гэта вельмі добра”.

Падчас гульні з “Татранам” вароты БГК абараняў харват Іван Пешыч, а не асноўны галкіпер зборнай Беларусі Віталь Чарапенька. Хоць “мяшкоўцы” і лічацца сёння базавым клубам нацыянальнай каманды (тут гуляе аж 10 зборнікаў), у іх шэрагах аж сем балканскіх легіянераў.

“Гэта ўзаемадапамога. Легіянеры дапаўняюць нас, а мы іх, — кажа Віталь Чарапенька. — Сёння каманда, якая гуляе ў Лізе чэмпіёнаў, не можа ўкамплектавацца толькі беларускімі гульцамі. Хоць у будучыні сітуацыя можа змяніцца. Некалі было дзве асноўныя гандбольныя школы — “СКА-Мінск” і “Аркатрон”. А сёння пры кожным клубе ёсць дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, з якой паўстае фарм-клуб”.

Віталь Чарапенька у гутарцы з Еўрарадыё замахнуўся на тое, што БГК мае імпэт для таго, каб перамагчы дома ПСЖ — аднаго з фаварытаў групы. А вось нямецкі “Кіль” брамнік назваў “асаблівай камандай”.

Пра прызавыя за выхад у Лігу чэмпіёнаў адміністрацыя “БГК імя Мяшкова” пакуль нічога не паведамляе. Праграма абанементаў пад групавую стадыю будзе распрацаваная найбліжэйшым часам. Квіткі можна будзе набыць праз Ticketpro. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі