Іх норавы: Украінская бабуля-падарожніца і падводны музей для браканьераў

Міжнародныя навіны / Калаж Еўрарадыё

Міжнародныя навіны / Калаж Еўрарадыё

У Нідэрландах выявілі найбуйнейшую партыю наркотыкаў, але нават гэта не спалохае 96-гадовую ўкраінскую бабулю, якая сабралася наведаць там унучку. Пра тое, што яшчэ адбываецца ў свеце, чытайце ў традыцыйнай рубрыцы Еўрарадыё "Іх норавы".

 

Людзі пакідаюць Гаваі

Ужо некалькі дзён на Гавайскіх астравах бушуюць разбуральныя лясныя пажары. Прэзідэнт ЗША абвясціў тут "рэжым маштабнага бедства".

"Мы працуем з тым, каб як мага хутчэй перамагчы пажары і эвакуяваць жыхароў і турыстаў, — кажа Джо Байдэн. — Мы молімся разам з жыхарамі Гаваяў. Але не толькі нашы малітвы — усе наяўныя ў нас сродкі будуць аддадзеныя ў іх распараджэнне. Мы бачым, як руйнуюцца іх дамы, іх прадпрыемствы. Некаторыя страцілі блізкіх. І гэта яшчэ не канец".

Пажары забралі жыцці не менш чым 53 чалавекі. Многія будынкі разбураныя, спустошаныя цэлыя кварталы. Курортны горад Лахайнана востраве Маўі, які лічыцца аб'ектам гістарычнай спадчыны, цалкам знішчаны.

Людзей эвакуююць, але многія не могуць пакінуць астравы праз адмену рэйсаў.

Бананавы какаін

У порце Ратэрдама мытнікі выявілі больш за восем тон какаіну. Ён быў схаваны ў кантэйнеры з бананамі.

Знаходку выявілі яшчэ 13 ліпеня, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер.

У Дзяржпракуратуры паведамляюць, што гэта найбуйнейшая канфіскацыя наркотыкаў у гісторыі Нідэрландаў. Кошт какаіну ацэньваюць у 600 мільёнаў еўра. Партыя прыбыла з Эквадора ў Ратэрдам праз Панаму.

Апошнім часам Эквадор стаў адным з асноўных экспарцёраў какаіну ў ЕС і Амерыку.

Музей для барацьбы з браканьерамі

Рыбак Паола Фанчыулі жыве ў мястэчку Марэма ў італьянскай Таскане. Сорак гадоў мужчына змагаецца з незаконным промыслам — у прыватнасці, з тралавым ловам.

Забарона на яго дзейнічае ў межах трох марскіх міль ад узбярэжжа і ў ахоўваных марскіх запаведніках. Аднак траўлеры браканьераў вядуць здабычу рыбы ў абыход забароны, чым наносяць непапраўную шкоду акваторыі Міжземнага мора.

“Я кажу пра гэта ўжо шмат гадоў, але нічога не мяняецца. У такіх ахоўных марскіх запаведніках, як Джанутры, Монтэкрыста, Ізола д'Эльба, Капрая, Піяноза, на ноч некаторыя лодкі адключаюць сваю спадарожнікавую сістэму і, выкарыстоўваючы тоны ланцугоў, цалкам руйнуюць марское дно. Час палітыкам узяцца за справу", — кажа Паола Фанчыулі.

Разам з арганізацыяй "Дом рыб" экаактывіст прыдумаў арыгінальны спосаб барацьбы з незаконным тралавым ловам. Каб абараніць марское дно і яго насельнікаў, туды пачалі апускаць бетонныя блокі, а потым да працы падключылі мастакоў. Цяпер перашкодай вялікім сеткам і праходу траўлераў-браканьераў служаць творы мастацтва. У падводным музеі стаяць 44 статуі, вылепленыя вядомымі скульптарамі, якія мараць давесці калекцыю да ста экспанатаў.

96-гадовая ўкраінка едзе ў Амстэрдам

96-гадовая Наталля Коспа з Ровенскай вобласці вельмі хоча наведаць унучку ў Нідэрландах.

"Я хачу ўбачыць свет. Прачытала шмат кніг, ведаю, што, дзе і як. Я вярнуся ва Украіну, бо не магу нідзе заставацца надоўга. Не хачу нідзе паміраць, толькі ва Украіне", — кажа бабуля.

Гэтая жанчына стала самай пажылой з тых, хто атрымаў замежны пашпарт сёлета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі