Іпэшнікі: У Мінску ўсе моўчкі перасядзяць, а потым выйдуць працаваць зноў
Еўрарадыё наведала гандлёвыя кропкі сталіцы напярэдадні ўвядзення абавязковай сертыфікацыі тавараў.
Еўрарадыё наведала гандлёвыя кропкі Мінска напярэдадні 1 ліпеня, калі пачнуць дзейнічаць пастановы аб абавязковай сертыфікацыі джынсаў ды маечак.
Гандлёвая кропка “Імпульс”. Першае, што кідаецца ў вочы, — трывожны спакой, звычайна тут кіпіць і не спыняецца жыццё.
На многіх ралетах вісіць шыльда “Распродаж”, а таксама папераджальныя надпісы — “Тавар не сертыфікаваны”. Гандляры праз аднаго абмяркоўваюць аблаву падатковай, што прайшла тут днямі:
“Кожны дзень у нас як на парахавой бочцы сядзіш. З 1 ліпеня пайду ў адпачынак, — кажа Еўрарадыё Іна. Што будзе пасля даты “Х”, яна не ведае, але адчувае агульную нервознасць: — Думаеце “іпэшнікі” шыкуюць? Машыны ёсць. А ва ўсіх дзеці, іх трэба карміць, садок дзіцячы каштуе 500-600 тысяч на месяц! А калі двое дзяцей? Вунь у дзяўчыны цяжарнай прыватнае ўнітарнае прадпрыемства — і канфіскавалі тавар. Ёй пра дзіцятка думаць трэба!”
Прадпрымальнікі не асабліва хочуць расказваць пра гэтыя сертыфікацыі. Больш адмоўчваюцца.
Маша гандлюе жаночай вопраткай. Маечка — 200-250 тысяч рублёў, сукенка — ад 400 тысяч рублёў. Дзяўчына заўважае, што ў яе многія знаёмыя занятыя ў гандлі — і ўсе цяпер на вушах стаяць. Да таго, як пачне дзейнічаць абавязковая сертыфікацыя тавару, застаецца меней чым паўмесяца.
“Усе баяцца, вельмі працуюць усе, каб нешта прадаць да 1 ліпеня. Падатковая і так шманае вельмі часта”, — кажа Марыя. Дзяўчына заўважае, што і цяпер, і раней пакупнікі не вельмі пыталіся пра нейкія сертыфікаты на прадукцыю.
“Мы ўсе б’ем чэкі. Можна вярнуць рэч, калі неабходна. А сертыфікат? 80-85% пакупнікоў не глядзіць на гэты сертыфікат. На што арыентуецца пакупнік — цана. Ты яму не дакажаш, што джынсоўка за 800 тысяч будзе лепей насіцца. У каго танней, да таго і ідуць. Таму і нацэнкі ў нас такія невялікія”, — Марыя ўспамінае, што некалькі разоў гэтую сертыфікацыю то ўводзілі, то адмянялі, таму настроеная даволі аптымістычна.
У яе, як у многіх іпэшнікаў, жыве савецкая надзея на тое, што дзяржава… сама неяк знойдзе выйсце з гэтай сітуацыі.
“Імпульс” — гэта заўсёды грошы! Тут натоўпы людзей заўсёды на выходных. А арэнда — гэта такія выдаткі. З чаго будзе дзяржава жыць? Калі гэта ўвядуць, гандаль ляжа. Тады мо дзяржава сама пачне нешта прыдумляць, нейкае выйсце”, — спадзяецца Марыя.
Пытаюся, чаму прадпрымальнікі не закупляюцца на беларускіх аптовых базах абутку і адзення — там можна набыць тавар з дакументамі і сертыфікатамі, але адна акалічнасць: набываць тавар у Беларусі даражэй, чым на стандартных базах у Расіі ці Польшчы.
“Пакажыце мне пальцам чалавека з ўсяго “Імпульса”, які б быў на гэтай базе. Няма такіх, бо няма чаго закупляць!” — смяецца дзяўчына.
Цікава, што гандляры і прадпрымальнікі не могуць дакладна сказаць, колькі каштуе тая сертыфікацыя тавару, некаторыя прыблізна апісваюць працэдуру сертыфікацыі. І ўсе пужаюць вельмі вялікімі цэнамі.
“Мо 100 баксаў каштуе адна лінейка тавару, каб атрымаць сертыфікаты!” — пужае мяне Дар’я, на вітрыне гандлёвай кропкі якой вісяць джынсы. Даша тлумачыць, што каб сертыфікаваць тавар, патрэбна па адной рэчы на сертыфікацыю. І невядома, ці пройдзе яе тавар. Яе версія: іпэшнікі пачнуць шукаць нейкія месцы закупак ужо з сертыфікатам. Але і гэта паўплывае на цану — майкі-джынсы вырастуць у цане ў разы!
“Вось мы падлічвалі касцюмы ў маёй суседкі — былі 450, а трэба будзе прадаваць па 600”, — прыкідвае Вольга.
“28 кропак закрылі і канфіскавалі! Што тут было! Фуры прыехалі і выгружалі тавар!” — пра масавую канфіскацыю тавару чулі нават у суседнім гандлёвым цэнтры “Сілуэт”. Любоў гандлюе польскім таварам. Кажа, што ўсе сертыфікаты быццам бы ёсць, але невядома, ці падыдуць яны ўладам. Нагадваю Любові пра тое, што ў Баранавічах мясцовыя прадпрымальнікі збіраюцца прыехаць у Мінск 1 ліпеня, пытаюся, чаго чакаць ад сталічных.
“Мне падаецца ў Мінску ўсе моўчкі закрыюцца, перасядзяць. А потым зноў выйдуць працаваць”.