Каб атрымаць грошы МВФ, улады абяцаюць узняць кошт камуналкі

Падвысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і транспарт, але павялічыць памер дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню мінімальнай заработнай платы гатовыя беларускія ўлады дзеля новага крэдыту МВФ. Наколькі можа вырасці ЖКГ, невядома, але для беспрацоўных хоць тут добрая навіна: калі сёння яны атрымліваюць ад 180 да 360 тысяч рублёў, то па ўзгадненні планаў беларускіх уладаў з МВФ дапамога ім вырасце да 2 мільёнаў 100 тысяч рублёў.

Гэтыя меры плюс прыватызацыя малых і сярэдніх дзяржпрадпрыемстваў сферы паслуг і “паэтапная адмова ад дырэктыўнага крэдытавання эканомікі” беларускія ўлады назвалі “дарожнай мапай па структурным рэфармаванні эканомікі”. Якую і павязуць у Вашынгтон на веснавую сесію МВФ. Але ці дадуць пад такую “мапу” Беларусі грошы?

Эканаміст Яраслаў Раманчук упэўнены: пералічаныя прапановы беларускага боку ні ў якім разе нельга называць “структурным рэфармаваннем эканомікі”, але новы крэдыт усё адно дадуць.

“Грошы дадуць, бо афіцыйны Мінск вельмі ўдала выкарыстоўвае геапалітычную сітуацыю, сітуацыю з вайной Расія-Украіна, і Лукашэнка манетызуе свой імідж міратворцы. Трэба проста ставіцца да МВФ не як да арганізацыі, якая выступае жорстка за рынкавыя рэформы, а як да міжнароднай бюракратыі, якая дае грошы тым, хто нейкім чынам падыходзіць з фармальных крытэраў. Беларускі ўрад вельмі добра разумее, як гэтыя крытэры працуюць, ён фактычна зняў палітычныя патрабаванні, якія былі ў Захаду, і нават наяўнасць 3-4 палітвязняў не бар’ер для таго, каб гэтыя грошы атрымаць”, — кажа Раманчук.

Раманчук упэўнены: структурнымі могуць называцца тыя рэформы эканомікі, якія вядуць да “пашырэння рэальнага прыватнага сектару і банкруцтва тых 3-4 тысяч прадпрыемстваў, якія сёння нават пры падтрымцы крэдытнай дзяржавы не могуць выйсці на мізэрны плюс”.

Улады ж, упэўнены эканаміст, сур’ёзна прыватызацыяй займацца не будуць, а адмова ад рэгулявання цэнаў, якую таксама абяцае Мінск, не адмяняе пастаноў Мінгадлю пра “абгрунтаванае падвышэнне цэнаў”. Праўда, пагаджаецца Раманчук, падвысіць тарыфы на ЖКГ і транспарт беларускія ўлады могуць. Яшчэ і зваліць гэтую “вымушаную меру” на МВФ: ён жа патрабаваў!

Шмат пытанняў да “дарожнай мапы” беларускіх рэформ і ў старшага аналітыка “Альпары” Вадзіма Іосуба. Нягледзячы на тое, што, заўважае суразмоўца Еўрарадыё, у “дарожнай мапе” пералічаная большасць патрабаванняў, якія раней зыходзілі ад МВФ.

Вадзім Іосуб: “Размова ідзе пра прыватызацыю малых і сярэдніх прадпрыемстваў і рэструктурызацыю буйных, але што маецца на ўвазе пад гэтай “рэструктурызацыяй”, незразумела. Прызнаецца, што для стабілізацыі эканомікі неабходна скарачаць фінансаванне дзяржпраграм за кошт крэдытаў, але замест таго каб узяць і “скараціць”, будзе “Праграма паэтапнага зніжэння на 2016-2020 гады”.

Тым не менш эканаміст упэўнены, што нават такія меры пойдуць на карысць нашай эканоміцы. Калі будуць выконвацца. А выконваць іх, калі справа дойдзе да вылучэння крэдыту”, прымусяць: крэдыт жа будзе не разавы, а часткамі.

“І ўмовы вылучэння кожнага траншу будуць прадугледжваць канкрэтнае выкананне асобных пунктаў прынятай праграмы. І тут паабяцаць, але не жаніцца тут можа проста не атрымацца: невыкананне абяцання можа прывесці да замарожвання чарговага траншу”, — тлумачыць Іосуб.

Адна заўвага: гэтая “дарожная мапа” — не той дакумент, пад які ўжо могуць выдаткоўвацца грошы. З боку МВФ былі выказаныя пажаданні, беларускі бок кажа, на якія рэформы мы гатовыя пайсці, і гэта “з’яўляецца перамоўнай пазіцыяй для сумеснай праграмы дзеянняў”.

“Калі зараз усё пройдзе нармальна, то будуць новыя перамовы, будуць патрабаванні з боку МВФ дадаць у гэтую “дарожную мапу” тыя ці іншыя пункты. І ў выніку выйдуць на дакумент, падпісаны МВФ і нашым Нацбанкам і ўрадам. І менавіта ён будзе канчатковым варыянтам: пад спіс якіх рэформ нам дадуць грошы”.

Пра якую суму ідзе размова, дакладна невядома. Яраслаў Раманчук кажа, што беларускі бок разлічвае на крэдыт у 5 мільярдаў долараў. Вадзім Іосуб практычна заўважае: “Беларусь хоча атрымаць як мага больш, а ўжо колькі ўдасца атрымаць — і таму будуць радыя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі