Каб паступіць на міліцыянера, хлопец набраў 289 балаў па ЦТ без рэпетытара
“Міліцыянеру злосць нават не зашкодзіць. Добры міліцыянер — гэта і не міліцыянер”.
У першы дзень уступнай кампаніі Еўрарадыё завітала да Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. З раніцы ля брамы акадэміі натоўп людзей — будучыя міліцыянеры і іх бацькі падаюць дакументы.
“Абітурыенты без бацькоў, пяць чалавек, падыдзіце да мяне”, — робіць аб’яву міліцыянер на прахадной.
Пакуль будучыя выпускнікі падаюць дакументы, бацькі абмяркоўваюць у асноўным плюсы працы ў міліцыі:
— Ну вось глядзіце, працаваць трэба да 45 гадоў, пенсія вялікая, — разважае мужчына, звяртаючыся да суседкі. Яны прымасціліся на прыступках кавярні “Месца сустрэчы”. — Пенсія ў маёй жонкі — 2,8 мільёна. А ў майго зяця, ён ваенны, — 4,2. Розніца ёсць! А ў вас хто паступае?
— Дзяўчынка. Ва “ўгалоўку” пойдзе, — адзываецца суседка.
— А колькі балаў? — цікавіцца неўтаймоўны мужчына.
— 265 набрала ў агульным.
— О! Дык пройдзе! Гэта лучшэ, чэм на заводзе. Лучшэ, чэм муляршчык ці штукатуршчык. А так будзе паперкі перакладаць, — радуе перспектывамі мужчына сваю суседку.
Абітурыент Зміцер захапляецца футболам і камп’ютарнымі гульнямі. Яго выбіраю з натоўпу, бо ён, у адрозненне ад усіх, апрануты па-святочнаму, адразу бачна: у чалавека мерапрыемства, ён падае дакументы. Зміцер — будучы юрыст і ведае, якім павінен быць міліцыянер:
“Смелым, дастойным, рашучым, з халоднай хваткай да ўсяго падыходзіць. Хачу быць міліцыянерам, бо гэта прэстыжна і высокааплатна”.
На экзаменах здаваў рускую мову, ангельскую ды грамадазнаўства. Зміцер кажа, што планку нават пераскочыў.
Зусім іншае, можна сказаць, рамантычнае, бачанне прафесіі ў Максіма — будучы міліцыянер прыехаў з Валожынскага раёна, з вёскі Гародзькі. Яго заўважаю па трохі разгубленым позірку. Кажа, што сучаснаму чалавеку не перашкодзіць быць адукаваным ды юрыдычна падкаваным чалавекам. Максім займаецца спортам, любіць бег, а любімы серыял — “Глушэц”.
“Будучы міліцыянер павінен быць шчырым, абавязкова шчырым! Фізічна развітым і заўсёды адстойваць закон, — пералічвае Максім. Прызнаецца, што здаў экзамены добра, але хваляваўся. Замест матэматыкі ў гэтым годзе ў Акадэмію міліцыі павінныя былі здаваць замежную мову — урэшце ў міліцыі з’явяцца кадры, якія разумеюць замежнікаў! — Асабліва хваляваўся на тэсце па нямецкай мове, але вынікі лепшыя, чым чакаў, — на 29 балаў напісаў, грамадазнаўства — 44 балы, а беларускую мову — на 26 балаў. Беларускую мову добра ведаю і размаўляю”, — кажа Максім пра самы нізкі бал тэставання.
У натоўпе сустракаю прыгажуна Глеба. Хлопец — прафесійны спартсмен, рэспубліканскі прызёр па плаванні. Прызнаецца, што тэставанне здаў не вельмі добра, бо школу закончыў даўно. Рускую мову Глеб здаў на 19 балаў, англійскую — на 21, а грамадазнаўства — на 42. Глеб плануе праскочыць у акадэмію міліцыі:
“Міліцыянер павінен быць эталонам, у ім павінна быць усё. Усе характарыстыкі, якія павінныя быць у грамадзяніна. Залатая сярэдзіна. Калі вельмі добры — гэта і не міліцыянер, нават злосць міліцыянеру не зашкодзіць”.
Павел прыехаў з Бараўлян, прафесію выбраў паўгода таму. Тэставанне здаў на 289 (!) балаў у агульным і займаўся самастойна — без рэпетытара.
“Міліцыянер павінен быць шчырым, не павінен быць прынцыповым. Патлумачу: каб ён мог адысці ад сваіх патрабаванняў, каб не нашкодзіць чалавеку. Трэба рабіць усё на дабро”, — Павел захапляецца тэхнікай, рокам і металам, а таксама кнігамі.
“Апошняе прачытаў “12 крэслаў”, — здзіўляе Павел.
Васіліна прыехала з Беразіно, хоча быць юрыстам і паспрабуе паступіць у акадэмію міліцыі, бо “тут добрая адукацыя”.
“Канечне, цяжка вучыцца тут — жыццё ў казарме, нікуды не выпусцяць, але трэба прывучацца да дарослага жыцця!” — Васіліна перажывае, што дыскатэкі для яе будуць пад забаронай найбліжэйшыя пяць гадоў, але прэстыж прафесіі перамагае. Міліцыянер, на яе думку, павінен быць... здагадайцеся! Канечне, шчырым (гэта самы папулярны адказ), а таксама добразычлівым і адукаваным.
У акадэміі міліцыі для дзяўчат большы конкурс і больш жорсткія патрабаванні. Дзяўчына перажывае, што набрала толькі 250 балаў, а гэтага можа не хапіць.
Каб стаць курсантам акадэміі міліцыі, у мінулым годзе дастаткова было набраць 144 балы.