Калякін: Калі б галасаваў не з’езд, а сям’я, то я б не пайшоў на выбары

Цалкам размову з Сяргеем Калякіным можна паслухаць:

Даведка Еўрарадыё: Сяргей Калякін — старшыня партыі левых “Справядлівы свет”. Да 2009 года партыя называлася “Партыя камуністаў беларуская”. Чалец КПСС з 1977 года, на партыйнай працы з 1983 года, у 1994 годзе абраны першым сакратаром ЦК КПБ, з 1995 па 1996 год — дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання. Браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2001 года, але не набраў неабходную для рэгістрацыі кандыдатам колькасць галасоў. У 2006 годзе — кіраўнік выбарчага штаба Аляксандра Мілінкевіча. Пляменнік экс-старшыні Вярхоўнага Савета БССР Мікалая Дземянцея. 

Еўрарадыё: Партыя левых “Справядлівы свет” вырашыла ў сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах паўдзельнічаць сваім кандыдатам, і вы на гэтую ролю пагадзіліся. Што тут працуе: партыйная дысцыпліна ці ўласныя палітычныя амбіцыі Сяргея Калякіна?

Сяргей Калякін: У нас было спецыяльнае пасяджэнне З’езду, дзе мы ў закрытым рэжыме абмяркоўвалі гэта пытанне і я сказаў: “Не арыентуйцеся на мяне, не чакайце, пакуль я прагаласую, каб прагаласаваць гэтак жа, — прымайце самі рашэнне, бо я буду ўстрымлівацца”. Аргументы за ўдзел і супраць — раўназначныя. Прыняць рашэнне вельмі складана. І адно, і другое рашэнне можа мець як пазітыўныя, так і негатыўныя вынікі і для партыі, і для краіны. Таму галасаванне і было пайменным. У выніку 105 чалавек прагаласавала за, 39 — супраць, і каля 30 чалавек устрымаліся.

Еўрарадыё: А як “прагаласавала” ваша сям’я?

Сяргей Калякін: Калі б такое права было ў сям’і, я б не пайшоў на выбары — сям’я б прагаласавала супраць. Ні сям’і, ні мне асабіста гэты ўдзел нічога не дае. Нават банальна: лета не будзе, мы не зможам некуды паехаць адпачыць — будзем займацца палітычнай працай.

Еўрарадыё: І якія асабіста ў вас аргументы супраць удзелу кандыдатам у выбарах?

Сяргей Калякін: Ва ўмовах нашай палітычнай сістэмы чалавек, які ідзе на выбары, будзе абліты брудам з усіх бакоў. Напрыдумляюць чаго толькі можна і галоўнае — беспакарана. Судовая сістэма не працуе як незалежная, і абараняцца практычна немагчыма.

Другое: свабодных і справядлівых выбараў няма — галасы ніхто не лічыць. Да ўсяго, у нас людзі знаходзяцца ў інфармацыйнай рэзервацыі, калі ні пра якія іншыя палітычныя сілы, апроч уладнай вертыкалі, інфармацыі практычна няма.

Трэба сабраць зараз 100 тысяч подпісаў, каб вылучыць кандыдата. А для гэтага неабходна сфармаваць групу... ну, у 2 тысячы чалавек. Лепш у 3-4 тысячы, але 2 тысячы — гэта мінімум. І ўлады прэсуюць людзей, якія ўваходзяць у ініцыятыўныя групы. А пры добрай пастаноўцы пытання могуць проста заблакаваць стварэнне такой групы. Зрабіўшы гэта, могуць проста сказаць: “Гэты чалавек не карыстаецца ніякай падтрымкай — ён нават групу не змог сфармаваць!” Могуць заблакаваць працэс збору подпісаў, давёўшы людзям, што падпісацца можна толькі за аднаго. Ну, і яшчэ ёсць такое меркаванне: “Калі выбараў няма, то чаго ты ў іх бярэш удзел? Ты што, гуляеш на баку ўлады?!” І гэта таксама аргумент.

Еўрарадыё: Нешта не пачуў сярод аргументаў супраць пра небяспеку арышту...

Сяргей Калякін: Не трэба перабольшваць пагрозы ў дачыненні да кандыдата ў прэзідэнты на фоне пагрозаў, якія існуюць для любога апазіцыйнага палітыка. Загрымець у турму можна з любой нагоды, нават не робячыся кандыдатам у прэзідэнты. Наадварот, як мне падаецца, мандат кандыдата — у пэўнай ступені абарона: ты навідавоку, і тваё пазбаўленне волі прынясе ўладзе больш стратаў, чым карысці — як гэта было пасля падзей 2010 года.

Еўрарадыё: Галоўны аргумент за ўдзел які?

Сяргей Калякін: Партыя “Справядлівы свет” не ўдзельнічала ў прэзідэнцкіх выбарах са сваім кандыдатам ад 2001 года. І таму мы з вялікай цяжкасцю можам лічыць сябе палітычнай партыяй, бо няўдзел у галоўнай электаральнай кампаніі — гэта ўніканне партыяй сваіх непасрэдных абавязкаў. Далей: удзел у выбарах дае ўнікальную магчымасць данесці людзям сваё бачанне пазітыўнага развіцця краіны. 60% беларусаў упэўненыя, што ніякіх праблем з выбарамі ў нас няма, усё сумленна. А ў той жа час у нас ёсць нават не праграма, а мадэль сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны, якая можа значна палепшыць становішча жыхароў краіны. Трэба яе даносіць, змагацца за розум людзей. Калі ж партыю мала ведаюць, то ў яе мала прыхільнікаў. Сёння толькі 23% людзей ведае, што існуе такая партыя — “Справядлівы свет”. А 77% увогуле не ведае пра яе існаванне! Данесці, што такая партыя існуе, што яна прапаноўвае тое і тое, — задача на выбары.

Еўрарадыё: А можа, і вы, і Лябедзька, як ужо кажуць, пайшлі ў кандыдаты таму, што набліжаецца палітычная пенсія, і нядрэнна было б у “працоўную кніжку” займець запіс “кандыдат у прэзідэнты”?

Сяргей Калякін: Наадварот — такім удзелам можна на палітычным фінішы перакрэсліць усё, што было да гэтага. Я пакуль не маю цёмных плямаў у палітычнай біяграфіі, а ўдзел у выбарах можа іх паставіць. Ды і на маю пенсію гэта ніяк не паўплывае. Да ўсяго, пытанне ўзросту спрэчнае. Памятаеце, як у 2001 годзе Лукашэнка казаў: “Куды на выбары ідзе пенсіянер Ганчарык?” А на якія выбары ў такім выпадку сёлета ідзе пенсіянер Лукашэнка? Ці як ён у 1996 годзе казаў Кебічу: “Вячаслаў Францавіч! Што вы зубамі ўчапіліся ў кіруючае крэсла — аддайце яго ўжо іншым людзям!” Аляксандр Рыгоравіч! Аддайце, колькі можна — ёсць людзі, якія з гэтым справяцца не горш за вас, не чапляйцеся зубамі за гэтае крэсла! Так што запіс у працоўнай кніжцы нічога не дае… Ну, што яна дала палітыкам, якія былі кандыдатамі ў 2010 годзе? Тое, што яны адседзелі ў турме, а адзін сядзіць да гэтага часу? А Лябедзька маладзец, што ідзе! У нас з ім розныя праграмы: ён большы ліберал у эканоміцы. Мы з ім сыходзімся ў пытаннях дэмакратыі, свабодных выбараў, правоў чалавека, але ў галіне сацыяльнай палітыкі і эканомікі моцна разыходзімся. Кожны з нас будзе ісці са сваёй канцэпцыяй, а калі б вырашылі аб’яднацца і выставіць аднаго, то праграму агульную давялося б карэктаваць. Агульная платформа стала б ніякай — як гэта было ў адзіных кандыдатаў у 2001 і 2006 гадах. Сёння Лукашэнка бясспрэчны лідар — ён набярэ галасоў больш любога з нас. Але і тое, што ён не набірае 51%, — гэта таксама факт. Па ўсіх апытаннях. А 32% галасоў ці нават 38% ператварыць у 51% немагчыма інакш, як прыпіскамі. А калі будзе другі тур, то мы згаворымся з усімі кандыдатамі ад дэмакратычнай апазіцыі! І той, хто трапіць у другі тур, атрымае падтрымку ўсіх астатніх. Галоўнае, каб пачалі лічыць галасы. Тады можна рэальна пазмагацца за перамогу, і тут мы аб’яднаемся вельмі хутка.

Еўрарадыё: Вярнуся да пагрозы быць аблітым брудам: у вас што — дом на ўзбярэжжы мора, таемны бізнес, некалькі каханак?

Сяргей Калякін: Знайсці нічога такога нельга — прыдумаць можна. У 2006 годзе мы былі ў Страсбургу ў ПАСЕ і праходзілі па дарозе ў гатэль уздоўж катэджнага пасёлка дыпламатаў. Нехта зрабіў здымак, дзе за маёй спінай відаць добры катэдж. І пусцілі чуткі, што гэта мая віла на ўзбярэжжы Чорнага мора. Я быў ценявым уладальнікам завода БАТЭ — пра гэта нават у газетах пісалі! Могуць і палюбоўніц прыдумаць, і да адказу нікога не прыцягнеш. Памятаеце, як Лукашэнка заявіў, што апазіцыя атрымала 840 мільёнаў долараў — два вагоны стадоларавымі купюрамі? Грошай не знайшлі, а асадак застаўся…

Еўрарадыё: Чым падыход вашай партыі былых камуністаў адрозніваецца ад падыходаў Лукашэнкі? І вы, і ён, як я разумею, супраць продажу прадпрыемстваў.

Сяргей Калякін: Чамусьці лічаць, што левы — сацыяліст, камуніст — абавязкова антыдэмакрат. Левыя — дэмакраты, якія хочуць, каб у краіне было народаўладдзе. І тут не пытанне ў тым, хоча Лукашэнка прадаць ці не — я супраць таго, каб адзін чалавек вырашаў усе пытанні ў краіне. Па законе трэба. Усё мусіць вырашацца дэмакратычным шляхам, а не адным чалавекам.  

Еўрарадыё: Добра, замежная палітыка: ён за шчыльнае сяброўства з Расіяй і вы таксама — у чым розніца?

Сяргей Калякін: Трэба быць рэалістамі: ёсць краіна, якая павінная жыць, есці, развівацца. Адпаведна, мы павінныя выбудоўваць вельмі шчыльныя адносіны з Расіяй. Калі сёння Расію выдраць з нашай эканомікі, то праз паўгода Беларусь проста вымра. Цягам апошніх 10 гадоў Расія нам штогод проста так давала 10 мільярдаў долараў — 8-10% нашага ВУП нам проста дарылі. Дарылі за кошт нізкіх цэнаў на газ, нафту і гэтак далей. Калі мы сёння па палітычных матывах пачнём ставіць плот з Расіяй, то проста загінем як краіна — і эканамічна, і фізічна. Бо наша эканоміка не працуе нават у нуль, мы самі сябе не забяспечваем. Нават калі б Пазняк прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, ён вымушаны быў бы будаваць з Расіяй сяброўскія адносіны. Другое пытанне, звязанае з нашым суверэнітэтам: цалкам незалежных краін у свеце няма — свет стаў глабальным, і ўсе павязаныя адно з адным! Мы можам казаць пра права нацыі прымаць незалежныя рашэнні: з кім сябраваць, з кім гандляваць, з кім выбудоўваць саюзы — гэта права суверэннага народа. У нас гэте права ўсечанае: калі няма свабодных і сумленных выбараў, то ў народа такога права няма — усе рашэнні прымае адзін чалавек. Таму, кажучы пра знешнія вектары, мы не павінныя ніякіх платоў будаваць. Мы павінныя палепшыць адносіны з Захадам, але сёння зрабіць Расію ворагам!.. Той, хто сёння з гэтым пойдзе на выбары, ніколі не будзе абраны. Насельніцтва Беларусі сёння на баку Расіі. Па любым пытанні: па складаным украінскім пытанні большасць на баку Расіі, у пытанні даверу да краін Расіі давяраюць у нас больш, чым ЕС і ЗША. Таму я выступаю з прагматычнай пазіцыі — я не бачу Расіі замены. Не будзе Еўрасаюз заменай Расіі, бо сёння ён не возьме нас на ўтрыманне.

Еўрарадыё: А Крым чый?

Сяргей Калякін: Сёння Крым — расійскі. Там ходзіць расійскі рубель і стаяць расійскія войскі. Апеляваць да міжнароднага права не раю: пачынаючы з Косава гэта ўсё ператварылася ў простую паперку. Калі бамбілі Югаславію, я папярэджваў, што сусветная супольнасць можа атрымаць наадварот, і апеляцыі да нейкіх міжнародных нормаў будуць цалкам бессэнсоўныя. Бо, на жаль, сёння ў свеце дзейнічае мэтазгоднасць, а не міжнароднае права. Гэта разумеюць сур’ёзныя палітыкі і ва Украіне, няважна, што яны кажуць, і ў ЕС, і ў ЗША.

Еўрарадыё: Ці трэба нам на фоне канфлікту ва Украіне асцерагацца небяспекі з Усходу, стварэння якой “Віцебскай народнай рэспублікі”?

Сяргей Калякін: Усё магчыма. Хто 3 гады таму мог сказаць, што будуць такія адносіны паміж Украінай і Расіяй? Але ёсць у Расіі ўра-патрыёты, якія лічаць, што Расія вышэйшая за ўсё, вітаюць ідэі “рускага міра”. Гэта не трэба вітаць: мы брацкія народы, але мы не адна сям’я, мы не дзеці Расіі, і мы жывём у розных кватэрах. Такія адносіны і павінныя быць. І трэба змагацца як з русафобскімі, так і з русафільскімі настроямі, якія ёсць і ў Расіі, і ў нас, — яны нічога добрага нам не прынясуць. Як суверэнная дзяржава мы павінныя клапаціцца пра нацыянальную бяспеку і адсочваць тое, што адбываецца і на ўсходзе, і на захадзе. Не павінныя дапусціць страты свайго суверэнітэту.

Еўрарадыё: Ужо можна казаць пра 6 чалавек, якія паспрабуюць сябе на сёлетніх выбарах. У вас няма дэжа-вю, адчування паўтору 2010 года?

Сяргей Калякін: 2010 год быў не найгоршым годам з пункту гледжання арганізацыі агітацыйнай кампаніі. Памылкай улады было тое, што яны дапусцілі да ўдзелу ў выбарах усіх кандыдатаў у кандыдаты — і тых, хто сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў, і тых, хто не сабраў. Яны спадзяваліся, што тыя будуць змагацца паміж сабой. Але як мінімум 6 кандыдатаў гэтага не дапусцілі — яны добра і зразумела тлумачылі людзям, што адбываецца ў краіне і як можа быць па-іншаму. Вось у 2006 годзе я быў кіраўніком выбарчага штаба ў адзінага кандыдата Мілінкевіча. І не скажу, што тады ён здолеў правесці большую агітацыйную і мабілізацыйную кампанію, чым гэтыя кандыдаты. І яны здолелі частку электарату адцягнуць у Лукашэнкі. Якую — сказаць цяжка, бо даверу да вынікаў падліку галасоў няма. Па звестках кампаніі “За справядлівыя выбары”, на 80% выбарчых участках галасы проста не лічылі, але рэпрэсіі, якія праводзіліся супраць кандыдатаў, сведчаць: яны правялі нядрэнную кампанію. Інакш навошта іх садзіць у турму, збіваць людзей, праводзіць рэпрэсіі супраць апазіцыі, калі яны прайгралі, а ўлада ўмацавалася?

Еўрарадыё: На Плошчы 19 снежня вы былі — разабраліся з часам у тым, што там усё ж такі адбылося?

Сяргей Калякін: За 10 дзён да падзей на Плошчы я папярэджваў, што такое можа быць. Тады на цэнтральнай плошчы апазіцыя праводзіла мітынг — на ім было ўсяго некалькі сотняў чалавек. Але тады яны прайшлі той самы маршрут, які быў пройдзены 19 снежня: ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце да Дома ўраду. Стукалі там у дзверы і шкло — ніхто нікога не чапаў, міліцыі не было. Я тады адразу сказаў: усё гэта падобна на пастку — улады паказваюць, што такое магчыма, і будзе сумна, калі людзі на гэта павядуцца. І 19-га людзі спачатку хацелі ісці да прэзідэнцкай адміністрацыі, але іх туды не пусцілі і проста накіравалі ў бок Дома ўраду! І што адбылося там: не простыя людзі, якія ў гэты вечар выйшлі на вуліцу, не кандыдаты і не актывісты апазіцыі былі ля тых вокнаў, якія пачалі біць, — гэта была група з чалавек 20 правакатараў. Іх мэтай было справакаваць натоўп. Але і людзі не павяліся, і арганізатарам удалося асобных гарачых галоў стрымаць. І тады пайшоў банальны брутальны разгон. Але ўсе трапілі ў загадзя спланаваную правакацыю. Я не веру, што рашэнне аб разгоне прымалася ў апошні момант, — усё было спланавана. І яшчэ я не лічу, што Плошча з’яўляецца інструментам заваявання ўлады.

Еўрарадыё: На выбарах пойдзеце да канца?

Сяргей Калякін: Мы прынялі рашэнне аб паэтапным удзеле. Калі пабачым, што ад пачатку кампаніі нашых людзей пачнуць прыціскаць, звальняць з працы, не даваць магчымасці збіраць подпісы, то які сэнс удзельнічаць? Але самі шукаць падставы для выхаду з кампаніі не будзем. Мы лічым, што калі ў краіне няма выбараў, то гэта ўплывае на міжнародны імідж краіны, праз што нам складана вырашаць пэўныя эканамічныя і сацыяльныя праблемы. І ўлада можа гэта выправіць падчас сёлетніх выбараў. Трэба толькі самім выконваць беларускае выбарчае заканадаўства і Канстытуцыю, уключыць нашых людзей у выбарчыя камісіі, дазволіць назіральнікам нармальна выконваць свае функцыі — бачыць усё, што адбываецца, і правесці адкрыты і сумленны падлік галасоў. І хоць пытанні наконт наяўнасці палітвязняў і свабоды палітычных партый застануцца, мы зможам сказаць, што выбары прайшлі больш-менш свабодна. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі