Камунальнікі: "Хто не ўкладваецца ў нормы па вадзе? Моладзь!"
Тарыфы на ваду будуць толькі расці, а норма спажывання вады ў месяц — 140 літраў за суткі — павялічвацца не будзе.
У “жыроўцы” заўважаю дзіўныя лічбы па вадзе за люты: быццам бы штомесяц льём 4,2 кубы, быццам бы і ў ЖЭС падавалі гэтыя 4,2 кубы, але пераўзышлі гэтую норму! За “лішняе” павінны заплаціць амаль у 10 разоў больш! У разлікова-даведкавым цэнтры № 1 Заводскага раёна сталіцы тлумачаць: заўсёды лічылі па норме 140 літраў на чалавека ў дзень. У лютым было 28 дзён, так што трэба было эканоміць!
“140 літраў на суткі на аднаго зарэгістраванага чалавека. Калі ў месяцы 30 дзён – 4,2 кубы на месяц, калі 28 дзён – тады 3,92 лічыцца за норму”.
Ўсё, што па-за нормай, лічыцца па павышаным тарыфе.
Са студзеня тарыф на ваду павысіўся на 14%. Адпаведна на столькі ж вырас і тарыф, што забяспечвае “поўнае пакрыццё эканамічна-абгрунтаваных выдаткаў”. Для нас гэты тарыф важны, бо па ім лічацца ўсё кубаметры вады звыш нормы.
У Мінскжылкамгасе спрабую даведацца, ці ўкладаюцца ў нормы па вадзе мінчане. Тут не валодаюць такой інфармацыяй!
“Я не ўкладаюся, хоць і выключаю ваду. Раней я каструльку на пліту стаўлю, а вада льецца. А зараз і выключаю ваду, і ўсё роўна плачу звыш чатырох кубоў. Калі толькі пенсіянеры – яны льюць па кубе ці па два. Ды і то, гэта нерэальная лічба, мо каб іх “Водаканал” праверыў… Пакуль працуем плацім, а далей. Будзем як ў Заслаўлі, у рэчку хадзіць мыцца ”, - разважаюць у “Мінскжылкамгасе”.
Не могуць назваць, колькі льюць вады мінчане і ў “Мінскводаканале”.
“Укладваюцца ў нормы пенсіянеры, бо яны рэальна эканомяць ваду, а вось моладзь, маладыя сем’і - не. Калі нехта працуе пазменна – дома не бывае, тады укладаюцца ў нарматывы. Я таксама не ўкладаюся, гэта бессэнсоўна”, - кажуць мне ў ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна і тут жа “радуюць”: тарыфы на камунальныя плацяжы, ў тым ліку на ваду, будуць расці.
Дарэчы, у студзені 2013 года норма вады на аднаго чалавека ў месяц каштавала 6090 рублёў, плюс 7900 за куб вады звыш нормы, без ўліку падагрэву вады. А ў студзені гэтага года – 6930 рублёў за норму. Куб звыш нормы – 9000 рублёў (таксама без уліку падагрэву вады).