Кіроўца, які пратараніў “жывы шчыт”, просіць пакараць даішнікаў
2 гады ён адсядзеў на “хіміі”, а цяпер павінен выплаціць 30 мільёнаў. Сваю віну кіроўца прызнае, але лічыць, што плаціць павінны і супрацоўнікі ДАІ.
35-гадовы мінчанін Алег Наркевіч дабіваецца, каб супрацоўнікі ДАІ выплацілі аўтамабільным страхоўшчыкам частку грошай за разбітыя машыны. 7 кастрычніка 2007 года Алег ехаў нападпітку за рулём легкавушкі і не спыняўся па патрабаваннях ДАІ. На Мінскай кальцавой дарозе ў раёне развязкі з Лагойскім трактам інспектары выставілі супраць яго “жывы шчыт”. У выніку Наркевіч пратараніў 5 машын. На судзе ён віну прызнаў. За адмову спыніцца і кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане яго асудзілі на 3 гады “хіміі” і на 5 гадоў пазбавілі правоў кіроўцы.
Пакаранне Алег адбываў у Мінску. Кажа, і міліцыянты, і калегі па няшчасці ставіліся да яго добра, нават з гумарам: далі мянушку “брат Менцюка”.
Алег Наркевіч: “Я не злачынца, таму стаўленне міліцыі было да мяне добразычлівае, нармальнае. Тым больш, што пасля маёй аварыі здарылася гэта ДТЗ на Слуцкай шашы з Менцюком — і мяне ўсе супрацоўнікі, у якіх я праходзіў адбыццё пакарання, называлі “братам Менцюка”.
Акрамя “хіміі” Алег мусіў выплаціць каля 50 мільёнаў кампенсацый і штрафаў.
Алег Наркевіч: “10 мільёнаў іска Стасу Аляксееву — пацярпеламу (яго “Таўрыя” пасля аварыі не падлягала рамонту — Еўрарадыё), 3 мільёны 600 тысяч — за шпіталь, што гэты Стас лячыўся. За шпіталь я заплаціў адразу, 10 мільёнаў утрымлівалі з заробку. Страхавая фірма выставіла пазней рахунак у 27 мільёнаў 141 тысячу. Частку я выплаціў — і засталося, я лічыў месяц таму, дзесьці 12 мільёнаў 800 тысяч”.
З-за штрафаў і выплат, цяжкага фінансавага становішча ад Алега Наркевіча сышла нявеста.
Алег Наркевіч: “Я збіраўся ажаніцца, але пасля гэтага выпадку дзяўчына зразумела, што ў мяне вялікія фінансавыя цяжкасці. Неяк мы зайшлі ў краму пасля гэтага ДТЗ: у гэтым адмовіць давялося, у гэтым. “Бачыш, кажа, раней заходзілі ў краму і — бяры, што хочаш, грошай у цябе хапала, а зараз у цябе грошай няма!”. І вось 21 сакавіка мяне накіравалі ў выпраўленчую ўстанову, а 22 сакавіка яна вярнулася да свайго былога мужа, з якім развялася. Зараз у яе жыццё склалася: выйшла замуж за свайго былога мужа, нарадзіла дзіця і жыве шчасліва”.
А вось у самога Алега жыццё ніяк не наладзіцца, нягледзячы на тое, што на волю ён выйшаў паводле амністыі праз 2 гады пасля суда. Былому дальнабойшчыку ўдалося ўладкавацца на працу толькі на завод. З заробкам у 850 тысяч штомесяц ён плаціць па 500 тысяч. І таму “брат Менцюка” задумаўся над тым, чаму плаціць вымушаны ён адзін, а не супрацоўнікі ДАІ, якія выставілі “жывы шчыт” з цывільных аўтамабіляў.
“Зараз у мяне такое становішча, што і жыць няма за што. Працую на МАЗе, з заробкамі вельмі цяжка, — скардзіцца Алег. — Зразумела, цалкам мая віна ў тым, што я сеў за руль у нецвярозым стане. Але я хацеў бы, каб гэтае аўтаздарэнне не засталося ў цені. І я б хацеў, каб супрацоўнікі ДАІ выплацілі хаця б частку таго пазову, які плачу я”.Зразумела, цалкам мая віна ў тым, што я сеў за руль у нецвярозым
стане. Але я хацеў бы, каб гэтае аўтаздарэнне не засталося ў цені. І я б
хацеў, каб супрацоўнікі ДАІ выплацілі хаця б частку таго пазову, які
плачу я
З тым, што адказваць павінна і ДАІ, згодныя і кіроўцы, аўтамабілямі якіх перакрывалі дарогу нецвярозаму Алегу Наркевічу. Як расказаў Еўрарадыё Станіслаў Аляксееў, машынай якога перагароджвалі шлях, пацярпелыя звярталіся з адпаведнымі заявамі ў праваахоўныя органы і суд. Але безвынікова. А ў адмовах сцвярджаецца, што ніхто з супрацоўнікаў ДАІ не прымушаў кіроўцаў спыняцца на Кальцавой.
Станіслаў Аляксееў: “Адмовілі нам, справа да суда не дайшла — проста была адмова. Я ўжо не памятаю, што там дакладна было напісана ў адмове, але там было пададзена так, што мы самі спыніліся, нас спецыяльна ніхто не спыняў”.
Супрацоўніца прэс-службы рэспубліканскай ДАІ Ганна Банадык адзначае, што дарожную інспекцыю ніякім чынам не тычацца прэтэнзіі страхоўшчыкоў да Алега Наркевіча. Маўляў, калі яму нешта не падабаецца, хай судзіцца з страхавымі кампаніямі, а не выстаўляе прэтэнзіі міліцыянтам.
Ганна Банадык: “Тут мы ўвогуле ніякіх адносінаў не маем. Ён павінен судзіцца са страхоўшчыкамі, падаваць у суд. Але мы нават не ведаем, які тут парадак”.
Дарэчы, супрацоўнікаў ДАІ Генадзя Дарагакупца і Аляксея Ліхтаровіча, якія спынялі “жывым шчытом” п’янага Рамана Менцюка, не толькі звольнілі з працы. Суд пастанавіў спагнаць з абодвух болей за 21 мільён рублёў, альбо амаль па 6 тысяч долараў з кожнага, на карысць пацярпелых. Тады “справа Менцюка” набыла вельмі шырокі рэзананс. А вось здарэнне з Алегам Наркевічам, якое адбылося раней, засталося ў цяні. І пра лёс міліцыянераў, якія яго спынялі, супрацоўніца прэс-службы ДАІ нічога не ведае.
Цяпер Наркевіч думае, якім чынам прыцягнуць ДАІ да выплаты грошай страхоўшчыкам. Магчыма, напіша наглядную скаргу ў Вярхоўны суд і абласную пракуратуру. А вось Станіслаў Аляксееў, нягледзячы на тое, што пашкоджаная падчас аварыі нага ў яго так і не зажыла, звяртацца са скаргамі на ДАІ больш не будзе. 16 лютага хлопца павезлі на чарговую аперацыю. Ужо лежачы на каталцы, ён сумна заўважыў, што “не бачыць сэнсу траціць грошы на адваката і спрабаваць дабіцца немагчымага”.
Фота: Змітра Лукашука