Колькі павінен каштаваць квадратны метр жылля? Адказы кандыдатаў
У сталічных новабудоўлях цэны на метр для простых людзей пачынаюцца прыкладна ад 1000 долараў. Што пра гэта думаюць кандыдаты ў прэзідэнты?
Мікалай Улаховіч, жыве ў кватэры жонкі плошчай 148 квадратаў:
“Я вам такое хачу сказаць — вось гэты няшчасны квадратны метр можа каштаваць у тры разы танней. Гэта я вам гавару як практык. Я цэлы год займаўся будаўніцтвам 20-павярховага дома. Ну, калі я прыйшоў, то каробка ўжо была гатовая. Але ўсё адно. Усё іншае я там зрабіў да канца. Я ўвогуле супраць прыватнага будаўніцтва ў прынцыпе. Але калі яно будзе, то хай працуе наш Белбудцэнтр, хай кантралюе”.
Таццяна Караткевіч, жыве ў кватэры маці плошчай 62 квадраты:
“Каб беларусы маглі вырашаць сваё жыллёвае пытанне нейкім чынам, хтосьці арандаваць, хтосьці будаваць, адзін квадратны метр павінен каштаваць прыкладна столькі ж, колькі складае сярэдні заробак. Але такога няма. У нашай праграме таксама ёсць пункты аб тым, што трэба сем’і падтрымліваць, каб яны маглі будаваць сваё жыллё. І не толькі ў Мінску. Каб людзі маглі пабудаваць свой дом”.
Сяргей Гайдукевіч, жыве ў доме жонкі за Мінскам плошчай 155 квадратаў:
“Цяпер бярэм сярэдні прыбытак па ўзроўні насельніцтва і сярэдні па ўзроўні магчымасці атрымання крэдыту для маладых сем’яў і туды-сюды. І глядзім рэальныя магчымасці дзяржавы і запасаў Беларусбанка. Калі гэта паглядзець і паглядзець, што ў нас чарга з тых, хто мае патрэбу ў жыллі, 450-500 тысяч, потым трэба паглядзець, што там ідзе па маладых сем’ях і з гэтага выходзіць… дзелім… так. Ну, недзе атрымліваецца, калі браць цяпер курс па 18 тысяч, што метр нармальнага добрага для развіцця жылля павінен каштаваць долараў 650-700”.
Аляксандр Лукашэнка, жыве ў рэзідэнцыі кіраўніка краіны ў Драздах, плошча невядомая:
“Сёння не да жыру. Калі мы захаваем тыя аб'ёмы льготнага крэдытавання, што ёсць, — дзякуй Богу”.