Кожны дзень на біржы будзе… пяць курсаў валют

Як было раней

Да чэрвеня гандаль валютай на Беларускай валютна-фондавай біржы праходзіў у рэжыме “фіксінг” — то бок курс разлічваўся па прапанове і попыце на кожную асобную валюту. Пасля таго, як на біржы вывучаліся гэтыя лічбы, усталёўваўся адзіны курс і ўсе здзелкі праводзіліся па ім. А Нацыянальны банк абвяшчаў афіцыйныя курсы на наступны дзень.

Як будзе цяпер

З 1 чэрвеня ўдзельнікі здзелак атрымалі магчымасць гандлявацца за курсы ў кожным асобным выпадку. Такі рэжым называецца “пастаянны двайны аўкцыён”. Выглядае гэта наступным чынам — на працягу гадзіны удзельнікі таргоў гандлююцца за курсы, потым біржа выстаўляе канкрэтныя лічбы. Затым працэс запускаецца нанова. У выніку кожны дзень на біржы будзе нават пяць курсаў валют: курс адкрыцця, курс закрыцця, мінімальны курс, максімальны і сярэднеўзважаны. Галава ідзе кругам.

Што з абменнікамі?

Акурат гэта пакуль незразумела нават для саміх банкаў. Адразу ў двух з іх — “Беларусбанку” і “Белаграпрамбанку” Еўрарадыё паведамілі, што вызначацца з новым падыходам у бліжэйшы час, ужо пасля ўкаранення сістэмы. “Мы ацэнім сітуацыю прыкладна на працягу тыдня і прымем рашэнне — мяняць нешта, альбо не”, — кажуць у “Белаграпрамбанку”.

Ці адчуюць перамены звычайныя людзі

Хутчэй за ўсё, не. Справа ў тым, што банкі і так мелі магчымасць мяняць курсы продажу і набыцця валюты некалькі разоў на дзень. Верагодна, цяпер гэта будзе адбывацца часцей, але вялікіх перамен не будзе. Нацбанк па-ранейшаму вызначае калідор, у якім могуць выстаўляць кошты еўра і долара камерцыйныя банкі.

А вось у бізнэсоўцаў пачынаюцца вясёлыя часы — курсы валют па іх аперацыях цяпер будуць наўпрост залежаць ад іх спрыту і ўмення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі